viasna on patreon

У Быхаўскім раёне міліцыянты падрабілі пратаколы

2011 2011-12-05T15:38:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyjant-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падчас разгляду адміністратыўнай справы ў судзе Быхаўскага раёна высветлілася, што пратаколы апытання і адміністратыўнага правапарушэння падробленыя міліцыянтамі. Пра гэта сцвярджае прыцягнуты да адказнасці жыхар вёскі Дабужа Аляксандр Шачанок, які з дапамогай праваабаронцаў рыхтуе скаргу ў пракуратуру Быхаўскага раёна.

Адмінстратыўная справа была заведзена з нагоды бытавога канфлікту паміж суседзямі, які разгарэўся ўлетку гэтага года. Аляксандр Шачанок папрасіў старшыню мясцовага сельсавета Ніну Кліменкову разабрацца са звалкай бытавых адыходаў, якая знаходзілася непадалёк ад яго дому. Паколькі яна не рэагавала на вусную просьбу, ён напісаў адпаведную заяву. Праз некаторы час звалку прыбралі.

“Аднак, мой сусед Аляксандр Лашкоў недалёка ад прыбранай звалкі пачаў рабіць новую. На маю просьбу не засмечваць тэрыторыю ён ніяк не рэагаваў. У выніку я патэлефанаваў на “гарачую лінію” Камітэта дзяржкантроля з просьбай разабрацца з новай звалкай. Прыехалі чыноўнікі з раёна, якія яе агледзілі і сказалі, што дадуць пісьмовы адказ. Пасля гэтага распачаўся канфлікт з суседам. Ён абяцаў са мной фізічна разабрацца, абзываў мяне і маю жонку нецэнзурнымі словамі”, - расказвае Аляксандр Шачанок.

У адказ на такія паводзіны суседа Аляксандр выклікаў міліцыю.  

“Калі міліцыя з’явілася, то суседа ўжо не было дома. Яны з мяне ўзялі паказанні і паехалі. Вярнуўшыся дамоў, сусед учыніў мне чарговы скандал, якія пазней пачалі ўзнікаць з рэгулярнай перыядычнасцю”, - кажа Аляксандр.

11 кастрычніка, пасля таго, як сусед кінуў у Аляксандра дошкай (ён ад яе ўхіліўся), мужчына зноўку выклікаў міліцыю.

“10 лістапада я патэлефанаваў начальніку райаддзела міліцыі Быхава і папрасіў, каб далі адказ на заяву, што была складзена раней участковым. Ён сказаў, што разбярэмся, аднак адказу я так і не атрымаў. 14 лістапада да мяне прыехаў участковы і прапанаваў, каб я і мой сусед прыехалі ў аддзел міліцыі, дзе б мы разабраліся ў канфліктнай сітуацыі. Я пагадзіўся. Начальнік райаддзела міліцыі правёў з намі прафілактычную гутарку і вынес кожнаму з нас папярэджанне. Сказаў, што калі яшчэ хто з нас выклікае міліцыю, то будзе пакараны за гэта. Вынесенае мне папярэджанне я падпісваць адмовіўся. Гэтага не зрабіў і мой сусед”, - працягвае Шачанок.

29 лістапада Аляксандр Шачанок атрымаў позву ў суд у якасці правапарушальніка з нагоды нанясення лёгкіх цялесных пашкоджанняў:

“Іх я нібыта нанёс маці суседа Кацярыне Лашковай. Нібыта я ў яе запусціў дошкай. Аб тым, што на мяне была ўзбуджана адміністратыўная справа, міліцыянты падчас папярэдняй сустрэчы мне нічога не сказалі”

1 снежня Шачанок прыйшоў у суд і папрасіў у суддзі азнаёміць яго з матэрыяламі справы:  

“Там я і выявіў недакладнасці. Раней адміністратыўны пратакол на мяне не складаўся. На пратаколе, які быў прадстаўлены ў судзе, усюды было напісана, што ад подпісаў я адмоўвіўся. Копію пратакола мне не выдавалі. Потым убачыў пратакол апытання, на якім стаяў не мой подпіс. Словы “з маіх словаў запісана сапраўдна, прачытана ўслых” напісаны не маёй рукой. Тлумачэнні, якія былі ў гэтым пратаколе, былі прызнацельнымі, што палку ўжо кідаў я і патрапіў ёй у галаву жанчыне . У якасці доказу мне паказалі заключэнне экспертызы ад 21 кастрычніка, хаця канфлікт быў 11 кастрычніка. У якасці траўмы ў суддзе Кацярына Лашкова паказала лобна-скроневую частку галавы. Паводле ж заключэння судмедэкспертызы, у яе быў сіняк пад вокам”.

Суд перанеслі на 9 снежня, бо Аляксандр Шачанок заявіў хадатайніцтва пра выклік сведкаў са свайго боку.  

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што, калі гісторыя Аляксандра сапраўдная, то гэта сведчыць пра поўнае свавольства міліцыі:

“Апошнім часам наша міліцыя цалкам разбэсцілася. Ёй уласцівы поўны прававы нігілізм. Калі вышэйшае кіраўніцтва дапускае грубае парушэнне правоў і свабодаў грамадзянаў у палітычных пытаннях, то ніжэйстаячыя гэта расцэньваюць як права парушаць закоа пры раследванні і разбіральніцтве звычайных бытавых справаў”.   

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства