Працэс Алеся Бяляцкага ў дзяржСМІ: асудзілі да суду

2011 2011-12-02T13:59:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Недзяржаўныя прэса і электронныя медыя пільна адсочвалі працэс Алеся Бяляцкага — гэта і анлайн-рэпартажы з залі суда, і каментары ад міжнародных арганізацый, літоўскага і польскага бакоў, якія аказаліся наўпрост звязанымі са справай праваабаронцы, і асвятленне міжнароднай кампаніі салідарнасці з Бяляцкім…

Жанравы спектр асвятлення гэтай тэмы дзяржаўнымі СМІ быў надзвычай шырокім — ад судовай хронікі да фельетонаў, у залежнасці ад мэтавай аўдыторыі выданняў.

Рэспубліканскія газеты давалі інфармацыю аб працэсе Бяляцкага без асаблівых падрабязнасцяў і акалічнасцяў, зводзячы справу да банальнага махлярства ў справе фінансаў.

Гэтак, «СБ. Беларусь сегодня» падавала навіны з працэсу ў раздзеле «Хроніка»: паміж п’янымі скандаламі і аварыямі на дарогах суха паведамлялася пра следства, допыты, хадайніцтвы бакоў і г.д.

Гэтай жа тактыкі прытрымлівалася і «Звязда» — сціслыя паведамленні пра выстаўленыя абвінавачанні, прысуд і г.д. Толькі праз некалькі дзён пасля прысуду выйшаў артыкул з самым, напэўна, улюбёным загалоўкам на тэму гэтага судовага працэсу ў дзяржаўных СМІ: «Заплаціў падаткі — і спі спакойна!».

«Рэспубліка» заўважае, што «Вясна» была зліквідаваная ў 2003 годзе і «дзейнічала як незарэгістраваная, што забаронена». Праваабаронца Бяляцкі параўноўваецца з мафіёзі Аль Капонэ і з ужо былым прэм’ерам Італіі Сільвіё Берлусконі, нядаўнім сябрам афіцыйнай Беларусі.

«Народная газета» пераходзіць да выкрывальніцкіх фельетонаў, у якіх распавядаецца, «як некаторыя „праваабаронцы“ скалочваюць дабрабыт за чужы кошт». Газета падрабязна пералічвае рухомую і нерухомую маёмасць Алеся Бяляцкага, мэблю, спартовы інвентар у хаце і нават паказвае сваю дасведчанасць адносна меню праваабаронцы ў замежных кавярнях і рэстарацыях. У наступным артыкуле «НГ» нарэшце паведамляе, за кошт каго менавіта «баляваў» Бяляцкі: «Еўрапейскія падаткаплатнікі наўрад ці будуць у захапленні, калі даведаюцца, што мецэнаты з іх краін шчодрай рукой набіваюць чыесьці асабістыя кішэні, фінансуюць дзейнасць нейкіх цэнтраў і структур, якіх у Беларусі нават не існуе». Чаму не існуе — зразумела, не гаворыцца. Затое зважаецца на крызіс у самой Еўропе і цьмяную будучыню еўрапейскіх народаў.

Каб распавесці шырокай аўдыторыі пра «праваабаронцу-махляра», было вырашана асабліва не «крэатывіць». Кампанія шальмавання Бяляцкага распачалася з артыкула Дзяніса Паляванава «Как „правозащитник“ Беляцкий устроил себе красивую жизнь», размешчанага на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА напярэдадні суда. Артыкул галоўнага рэдактара «Беларускай думкі» Вадзіма Гігіна «Шантаж и запугивание стали обычным механизмом давления на судебную и правоохранительную системы Беларуси со стороны ЕС и США» ў масы не пайшоў, бо, відавочна, недастаткова красамоўна і «па-народнаму» распавядае пра тое, як Бяляцкі купаўся ў раскошы.

Артыкул з БелТА быў перадрукаваны большасцю раённых газет краіны. Не сакрэт, што «раёнкі» ўваходзяць у «абавязковы» спіс на падпіску на месцах. Таму шматлікія чытачы змаглі даведацца, што Бяляцкі жыве ў дзвюх кватэрах у цэнтры горада, ездзіць на добрым аўто, мае лецішча ў Ракаве, адпачывае з сям’ёй за мяжою. Вядзецца і пра жонку праваабаронцы, якая мае дзявочае прозвішча і нібыта працуе ў «Вясне» галоўным бухгалтарам.

Заўважым, што і артыкул у БелТА, і перадрукоўкі ў рэгіянальнай прэсе з’явіліся напярэдадні і ў часе суда, калі віна Бяляцкага афіцыйна яшчэ не была даказана і прысуд не быў абвешчаны. Пэўная ж стрыманасць на пачатку працэсу, як мяркуе шэраг экспертаў, тлумачыцца нявырашанымі пытаннямі з эканамічнай падтрымкай Беларусі з боку Расіі, якія вырашыліся акурат напярэдадні прысуду праваабаронцу.

Сюжэты пра справу Бяляцкага прайшлі па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах. Дзесьці кароткімі паведамленнямі, але з эпітэтамі кшталту «насос замежных грантаў», «так званы праваабаронца» і т.д. АНТ і Першы канал, зразумела, прысвяцілі справе Алеся Бяляцкага вялікія сюжэты.

У перадачы «Контуры» на АНТ экспертам выступае Вадзім Гігін, які задаецца пытаннем, чаму пры такіх высакародных мэтах Бяляцкі не фіксаваў свае фінансавыя справы ў падатковай інспекцыі. Пры гэтым ні Гігін, ні які-кольвек іншы эксперт ад дзяржаўных СМІ не згадвае тлумачэнняў самога Бяляцкага, які казаў на судзе, што «адкрыў банкаўскія рахункі за мяжой, бо зрабіць гэта ў Беларусі не прадстаўляецца магчымым. „Вясна“ была закрытая ўладамі ў 2003 годзе, а на шматлікія спробы праваабаронцаў легалізаваць сваю арганізацыю Мінюст адказваў адмоўна».

У сюжэце Першага канала журналіст Андрэй Крывашэеў здзіўляецца, чаму працэсу над звычайным махляром надаецца палітычнае значэнне. Першы канал дае падрабязны пералік маёмасці Бяляцкага, і нават з яго рынкавай ацэнкай. Робяцца намёкі на «пікантныя акалічнасці» абыходжання з грашыма жонкі праваабаронцы.

Тэлеаўтар Юрый Пракопаў выкарыстоўвае і цытаты замежных чыноўнікаў, якія не тычацца непасрэдна Бяляцкага, але негатыўна характарызуюць беларускую апазіцыю, і нават таемныя лісты з «пакетам сакрэтных дакументаў», у якіх нібыта раскрываецца, як апазіцыянеры просяць грошы ў замежных фондаў. Усё гэта суправаждаецца адпаведнай «карцінкай» — мітынгі, хваляванні, грошы, замежныя палітыкі.

Ні ў адным з артыкулаў ці сюжэтаў не вядзецца пра саму дзейнасць «Вясны», міжнародны аўтарытэт арганізацыі і яе кіраўніцтва, шматлікія ўстановы і вядомых людзей, якія выступілі ў абарону Бяляцкага. Увага чытача ці гледача прыцягваецца да багацця і раскошы, у якой жыве правааабронца. І да складанасцяў еўрапейскіх дзяржаў, якія проста «ляцяць у эканамічную бездань» — у тым ліку з-за такіх дзеячоў, як Бяляцкі.

Не ўздымаецца і пытанне пра ўмовы дзейнасці праваабарончых і грамадскіх арганізацый у краіне, магчымасці іх рэгістрацыі. Нагадаем, што права на свабоду асацыяцый у Беларусі крыміналізуецца артыкулам Крымінальнага кодэксу 193–1. На думку экспертаў, пры жаданні ўладаў працэсы, аналагічныя працэсу Бяляцкага, можна паўтарыць не адзін раз. Між тым, Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) прызнала не адпаведным міжнародным прававым нормам гэты артыкул.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international