Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства рашуча асудзіў прысуд Алесю Бяляцкаму (тэкст заявы)

2011 2011-11-29T20:32:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/reviaka-forum-28.11.11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Рэвяка выступае на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Познані

Таццяна Рэвяка выступае на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Познані

29 лістапада прадстаўніца Праваабарончага цэнтру “Вясна” Таццяна Рэвяка выступіла на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які праходзіць у Познані, з заявай у падтрымку Алеся Бяляцкага. Ужо ўвечары прайшло галасаванне ўдзельнікаў Форума, якія падтрымалі Заяву, тым самым выказаўшы рашучы пратэст супраць крымінальнага пераследу праваабаронцы.  

 

Заява Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

24 лістапада ў Беларусі быў вынесены палітычна матываваны прысуд вядомаму праваабаронцу, кіраўніку Праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесю Бяляцкаму. Беларускі суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і асудзіў да 4,5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Такім чынам, вядомы праваабаронца папоўніў спіс палітычных зняволеных у Беларусі.

Алесь Бяляцкі прызнаны на міжнародным узроўні бесстароннім і сумленным праваабаронцам, які паслядоўна і прынцыпова адстойвае ідэалы правоў чалавека і дэмакратыі ў аўтарытарнай сітуацыі.

Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выказвае рашучы пратэст супраць прысуду ў дачыненні да Алеся Бяляцкага і пацвярджае пазіцыю з нагоды яго пераследу і арышту, якую прынялі больш за 50 удзельнікаў Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў адпаведнай заяве 29 жніўня 2011 г.

Мы заяўляем наступнае:

• Судовы пераслед і абвінавачванне Алеся Бяляцкага ва ўхіленні ад выплаты падаткаў не могуць схаваць сапраўдных прычынаў рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцы. Мы перакананыя ў тым, што падатковыя абвінавачванні, звязаныя з раскрыццём асабістых банкаўскіх рахункаў праваабаронцы ў краінах Еўрасаюза, з'яўляюцца толькі падставай для ізаляцыі адной з галоўных постацяў праваабарончага руху. Дадзеныя рахункі выкарыстоўваліся для атрымання сродкаў выключна на ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.

• Мы падкрэсліваем, што суд не змог устанавіць нават ўскоснага пацверджання віны Алеся Бяляцкага, за якую ён быў несправядліва пакараны.

• Мы лічым, што прысуд, вынесены Алесю Бяляцкаму, з'яўляецца вынікам шматгадовай рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да праваабарончых групаў і праваабаронцаў за іх крытыку нездавальняючай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Мы заклікаем дзяржавы-сябры Еўрапейскага Саюза прыняць сумесныя меры для вызвалення Алеся Бяляцкага і іншых палітычных зняволеных, паколькі існаванне палітычных зняволеных у краінах, якія падпісалі Дэкларацыю Усходняга партнёрства, недапушчальнае.

Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі Алеся Бяляцкага.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international