Баранавічы: глыбока дыхаць ля гарвыканкама таксама забараняецца
Баранавіцкі гарвыканкам не задаволіў заяўку індывідуальнага прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса з просьбай падыхаць дзве гадзіны ў цэнтры горада. Гэта стала вядома з ліста за подпісам кіраўніка справамі гарвыканкама Мікалая Хітрыка, якое атрымаў заяўнік.
У лісце паведамляецца, што Мікалай Чарнавус нібыта парушыў арт. 2, 5, 8 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, таму гарвыканкам не можа дазволіць дзьве гадзіны глыбока дыхаць ля помніка Леніну.
Раней Мікалай Чарнавус прасіў раённыя ўлады перадаць баранавіцкім прадпрымальнікам у арэнду будынак закінутай фермы, але не атрымаў адказу на сваю просьбу. Пасля гэтага ён падаў іншыя заяўкі - на велапрабег супраць бюракратызму і марафонскую хадзьбу з той жа мэтай. Аднак і ў гэтых “нетрадыцыйных” мерапрыемствах яму было адмоўлена. У такіх умовах прадпрымальнік папрасіў дазволіць яму хаця б проста глыбока падыхаць дзве гадзіны каля помніка Леніну. Высветлілася, што і гэта ў Баранавічах нельга рабіць без спецыяльнага дазволу.