За права быць беларусам у сваёй краіне

2011 2011-11-28T14:11:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/salauiou-magiliou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Грамадскі актывіст з Магілёва Зміцер Салаўёў

Грамадскі актывіст з Магілёва Зміцер Салаўёў

Створана ініцыятыўная група па падрыхтоўцы і правядзенні Кангрэса беларускіх нацыяналістаў. Першае паседжанне ініцыятыўнай групы, у якім удзельнічала 19 чалавек, адбылося 25 лістапада ў горадзе Львове ва Украіне. Беларускамоўныя беларусы вырашылі ініцыяваць скліканне кангрэса ў сувязі з дыскрымінацыяй беларускамоўных беларусаў у роднай краіне, грубага парушэння з боку ўладаў шэрагу артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, знявагай нацыянальнай годнасці беларусаў і права карыстацца роднай мовай, а таксама ў сувязі з паўсталай пагрозай захаванню суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

“Стварылася жудасная сітуацыя, калі быць беларускамоўным беларусам у Беларусі становіцца проста небяспечным, - выказвае сваё меркаванне адзін з сяброў ініцыятыўнай групы, грамадскі актывіст з Магілёва Зміцер Салаўёў. – Гэта яскрава харэктарызуе дзікі выпадак, які адбыўся на мінулым тыдні ў Магілёве, калі міліцыянеры затрымалі і ўсялякім чынам здзекаваліся з маладога чалавека, Андрэя Падалякі, толькі за тое, што ён размаўляў па-беларуску. У выніку Андрэй яшчэ і быў аштрафаваны магілёўскім судом на 15 базавых велічыняў нібыта за нецэнзурную лаянку”.  

Па словах актывіста, дарэчы, якраз гэты выпадак і паслужыў непасрэдным штуршком для ініцыявання Кангрэсу.

“Беларускамоўныя беларусы ў роднай краіне падвяргаюцца пастаяннай дыскрымінацыі, я сам добра ведаю, колькі намаганняў нам давялося прыкласці, каб адкрыць адзіны ў Магілёве беларускамоўны клас, у якім вучыцца трое дзетак. Дзяржаўныя чыноўнікі з пагардай ставяцца да ўсяго беларускага, груба парушаючы артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дэкларуе, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Нават чыноўнікі ад адукацыі не адказваюць на звароты па-беларуску”, - дадае Салаўёў.

Яшчэ адзін ініцыятар правядзення Кангрэсу грамадскі актывіст з Мінска Зміцер Каспяровіч кажа, што ўдзельнічаць у мерапрыемстве зможа любы чалавек, які лічыць сябе беларусам:

“Асабіста я хацеў, каб ініцыяванае намі мерапрыемства насіла назву “Кангрэс беларускіх патрыётаў”, аднак большасць выказалася за іншы варыянт. Мы вырашылі запрасіць у аргакамітэт кангрэса прадстаўнікоў усіх беларускіх арганізацыяў, якія стаяць на нацыянальных і патрыятычных пазіцыях, а таксама і шэраг знакавых асобаў. Мерапрыемства не будзе насіць палітычнага характару. Удзел у кангрэсе зможа прыняць кожны чалавек, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, у якога баліць душа за стан беларускай мовы і культуры, якога хвалюе дыскрымінацыя беларускай культуры ў Беларусі. Склалася парадаксальная сітуацыя, калі ў Беларусі пастаянна парушаюцца правы менавіта беларускамоўных беларусаў. Але ж артыкул 50 Канстытуцыі гаворыць, што кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці. Знявага нацыянальнай годнасці караецца паводле закона. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносінаў. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання”.

Каспяровіч адзначае, што асабіста да яго колькі разоў супрацоўнікі праваахоўных органаў “чапляліся” толькі за тое, што ён размаўляў па-беларуску, і канстатуе, што беларускамоўныя грамадзяне пастаянна падвяргаюцца дыскрымінацыі.  

На паседжэнні ініцыятыўнай групы было вырашана распачаць працу па арганізацыі і правядзенні Кангрэсу беларускіх нацыяналістаў. Бліжэйшым часам будзе створаны аргкамітэт кангрэса, узгодненыя пытанні, якія будуць вынесеныя на абмеркаванне. Папярэдне запланавана, што мерапрыемства будзе праведзена вясной 2012 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства