Лаўрэаты прэміі Сахарава патрабуюць тэрміновага вызвалення і рэабілітацыі Бяляцкага

2011 2011-11-25T15:06:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

23 лістапада ў Бруселі на штогадовай канферэнцыі лаўрэатаў прэміі імя А. Сахарава ад Еўрапейскага парламента (Saharov Debate 2011) з ініцыятывы беларускіх удзельнікаў форуму — старшыні ГА «БАЖ» Жанны Літвіной і кіраўніка Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча — быў арганізаваны збор подпісаў пад адкрытым лістом з патрабаваннем тэрміновага вызвалення і поўнай рэабілітацыі Алеся Бяляцкага.

«Алесь Бяляцкi — гэта не толькі сусветна вядомы абаронца правоў чалавека, гэта чалавек незвычайнай сумленнасці і мужнасці. Доказам гэтаму служыць той факт, што Алесь Бяляцкі меў магчымасць пакінуць Беларусь і пазбегчы працэсу супраць яго. Тым не менш, ён прыняў свядомае рашэнне застацца і стаць перад несправядлівым, несамастойным і перадузятым судом. Мы, лаўрэаты прэміі Сахарава, выказваем нашу салідарнасць з Алесем Бяляцкім і рашуча асуджаем любы абвінаваўчы прысуд у дачыненні да яго. Мы патрабуем яго неадкладнага вызвалення, рэабілітацыі і аднаўлення яго добрага імя», — гаворыцца ў адкрытым лісце.

«У зале дзесяткі разоў гучала імя Алеся, — распавяла прэс-службе БАЖ Жанна Літвіна. — Удзельнікі форуму ўважліва сачылі за падзеямі ў судзе і выказвалі абурэнне дзеяннямі ўлады і занепакоенасць лёсам беларускага праваабаронца. Многія лаўрэаты падтрымалі ідэю вылучэння Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру».

Старшыня БАЖ называе прысуд Алесю Бяляцкаму ганебным і расцэньвае яго як помсту за праваабарончую дзейнасць, якую Алесь разам са сваімі калегамі скіроўваў на дапамогу сем’ям рэпрэсаваных: «Улада ў чарговы раз праявіла жорсткую помслівасць у дачыненні да няскораных, нязломленых людзей. Відавочна, што ў часе суда праваабаронца не ўдалося зламаць — адсюль і жорсткасць прысуду…»

24 лістапада ГА «БАЖ» таксама падтрымала заяву арганізацый, якія ўваходзяць у сетку Дамоў правоў чалавека, а таксама заяву прадстаўнікаў беларускай грамадзянскай супольнасці.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international