Заява Міжнароднага таварыства "Мемарыял": Аб прысудзе Алесю Бяляцкаму

2011 2011-11-25T11:22:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/memarial1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 У Беларусі асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна".

Суд прызнаў яго “вінаватым у нявыплаце падаткаў”. Аднак любому бесстаронняму чалавеку, знаёмаму з абставінамі справы, відавочна:

- Па-першае, абвінавачанне няслушнае: ніякай нявыплаты падаткаў не было;

- Па-другое, сапраўдная прычына гэтай крымінальнай справы – праваабарончая дзейнасць Алеся Бяляцкага ў Беларусі.

Сам Бяляцкі апрылюдніў на судзе дакументы з ягонай справы, якія зыходзілі ад кіраўніцтва беларускага КДБ. Менавіта КДБ ініцыяваў яго крымінальны пераслед – і ні пра якую “нявыплату падаткаў” гаворка ў гэтых паперах не ішла: у іх гаварылася аб “супрацьпраўнай дзейнасці” “Вясны”, нібыта звязанай з палітычнай апазіцыяй (у Беларусі пры Лукашэнку падобная сувязь сама па сабе разглядаецца як крымінал). Абвінавачанне ў нявыплаце было сфармулявана пракуратурай у мэтах выканання даручэння КДБ.

У чым сутнасць гэтага абвінавачання?

У Беларусі незалежныя грамадскія арганізацыі, якія крытыкуюць палітычныя рашэнні вярхоўнай улады, - хай нават гэтая крытыка вядзецца з прававых, а не палітычных пазіцый, - не маюць магчымасці дзейнічаць легальна. Такія арганізацыі пад рознымі надуманымі падставамі пазбаўляюць рэгістрацыі, а дзейнасць незарэгістраваных арганізацый разглядаецца ў гэтай краіне як крымінальнае злачынства, пакаранне за якое – да двух гадоў пазбаўлення волі (артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі).

“Вясна” была пазбаўленая рэгістрацыі яшчэ ў 2003 годзе. Але і пасля гэтага яна працягвала сваю працу, застаючыся адной з вядучых незалежных праваабарончых арганізацый Беларусі, крыніцай аб'ектыўных звестак аб прыгнечанні грамадзянскіх і палітычных свабодаў. І нават рэжым Лукашэнкі не адважыўся прымяніць да актывістаў “Вясны” знакаміты арт.193-1. Выканаўцы волі спецслужбаў у праваахоўных органах пайшлі іншым шляхам.

Нават калі б “Вясна” была зарэгістраваная, яна наўрад ці магла б легальна атрымліваць сродкі для сваёй працы: унутры краіны ніхто не смее фінансаваць дзейнасць, якую не ўхваляе прэзідэнт. Згодна з дэкрэтам таго ж Лукашэнкі, ахвяраванні з-за мяжы дапускаюцца толькі з асабістага дазволу прэзідэнта. Але “Вясна” – незарэгістраваная арганізацыя і, адпаведна, наогул не можа адкрыць рахунак у беларускім банку. Таму Алесь Бяляцкі адкрыў за мяжой асабістыя рахункі, на якіх акумуляваў ахвяраванні для “Вясны”. Судовае разьбіральніцтва паказала яго бездакорную сумленнасць і педантычнасць ў выкарыстанні гэтых рахункаў. Абвінавачанне, аднак, сцвярджае іншае – што паступленні на гэты рахунак варта разглядаць як асабісты даход Бяляцкага, з якога ён павінен быў заплаціць падаткі.

Такім чынам, стварыўшы ў краіне прававую сітуацыю, якая выключае магчымасць легальнай працы незалежных грамадскіх арганізацый, улады судзяць яе актывістаў фактычна за спробу вырашыць гэтую калізію па-за спецыфічнай “прававой прасторай” Беларусі.

Зразумела, што расійскае, еўрапейскае і сусветнае грамадскае меркаванне павінна дамагацца неадкладнага вызвалення Алеся Бяляцкага і адмены вынесенага яму прысуду, - пра гэта няма чаго і казаць.

Але мы хацелі б звярнуць увагу грамадскасці на іншы бок справы. Судовы працэс у Менску яшчэ раз прадэманстраваў: у самым цэнтры Еўропы існуе палітычны рэжым, які спрабуе рэгламентаваць грамадскае жыццё ў сваёй краіне пры дапамозе нарматыўных актаў, якія супярэчаць самой сутнасці права.

Гістарычны вопыт дваццатага стагоддзя вучыць, што афармленне такіх антыпраўных актаў у выглядзе “законаў” не робіць іх законамі ў вачах сусветнай супольнасці. І што ніякі суверэнітэт не пазбаўляе аўтараў і выканаўцаў гэтых “законаў” ад адказнасці.

Мы лічым, што Еўропа і свет павінны нагадаць Лукашэнку аб гэтых уроках гісторыі і прымусіць яго да нармалізацыі прававых падставаў грамадскага жыцця ў Беларусі.

Міжнароднае таварыства "Мемарыял"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства