viasna on patreon

Заява сяброў Праваабрончага цэнтру “Вясна” з нагоды прысуду Алесю Бяляцкаму

2011 2011-11-24T11:43:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява сяброў Праваабрончага цэнтру “Вясна”

З нагоды прысуду Алесю Бяляцкаму

Сёння, 24 лістапада 2011 г. суддзей суда Першамайскага раёна г. Мінска Сяргеем Бандарэнкам вынесены прысуд нашаму калегу -- старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнту FIDH Алесю Бяляцкаму. Праваабаронца прызнаны вінаватым ў быццам бы здзейсненым злачынстве, прадугледжаным ч.2 артыкула 243 КК Рэспублікі Беларусь -- “ухіленне ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры”. Суд прыгаварыў Алеся Бяляцкага да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі.

Мы, сябры Праваабарончага цэнтра “Вясна”, ацэньваем прысуд як расправу над нашым калегам, помсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасць, а таксама як імкненне знішчыць нашу арганізацыю і запалохаць увесь праваабарончы рух Беларусі.

З самога пачатку затрымання Алеся Бяляцкага 4 жніўня гэтага года з боку следства мелі месца грубейшыя парушэнні заканадаўства Беларусі. Так, незаконна ў дачыненні да Алеся Бяляцкага была ўжыта мера стрымання ў вяглядзе ўтрымання пад вартай. Следства, не імкнучыся да ўстанаўлення ісціны па справе, адмовілася звярнуцца да фундацыяў, якія пералічвалі сродкі Алесю Бяляцкаму, з запытам аб іх мэтавым прызначэнні, ігнаруючы адпаведнае прадпісанне з боку пракуратуры.

Падчас судовага працэсу стала відавочна, што ў абвінаваўцы ўвогуле адсутнічаюць нават ускосныя доказы віны Алеся Бяляцкага ў здзяйсненні злачынства, за якое ён асуджаны. У судзе так і не знайшоў свайго падцверджэння сам факт атрымання сродкаў, недапушчальнымі доказамі з’яўляюцца і матэрыялы афіцыйных органаў Літвы і Польшчы, паколькі яны не былі належным чынам аформленыя.

Матэрыялы, якія былі агучаны ў судзе, сведчаць, што ў дачыненні да Алеся Бяляцкага і іншых сяброў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, пачынаючы з кастрычніка 2010 г., вяліся незаконыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, ініцыяваныя КДБ Беларусі.

Факты, якія сталі вядомымі падчас судовага разбіральніцтва, засведчылі тое, што сапраўдным матывам абвінаваўчага прысуду Алеся Бяляцкага з’яўляецца пакаранне яго за актыўную і прынцыповую праваабарончую дзейнасць. Сённяшні прысуд нашаму калегу -- вынік той шматгадовай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў Беларусі ў дачыненні да праваабарончых арганізацый: выпіхванне з прававога поля праз пазбаўленне афіцыйнага статусу, адмовы ў рэгістрацыі па надуманных прычынах новых аб’яднанняў, крыміналізацыю дзейнасці незарэгістраваных арганізацый, стварэнне перашкодаў і ціск з боку КДБ і іншых спецслужбаў. Пакаранне Алесю Бяляцкаму – гэта рэакцыя ўладаў на цвёрдую і паслядоўную пазіцыю ўсіх праваабаронцаў Беларусі па ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Мы перакананы, што прысуд Алесю Бяляцкаму носіць выключна незаконы характар і таму падлягае безумоўнай адмене.

Правабарончы цэнтр “Вясна” выказвае ўдзячнасць усім грамадзянам, правабаронцам, палітыкам, урадам і парламентам розных краінаў, якія выказалі рашучы пратэст незаконаму пераследу Алеся Бяляцкага і беларускіх правабаронцаў  

Са свайго боку мы заяўляем, што Правабарончы цэнтр “Вясна” працягне сваю правабарончую дзейнасць, бо гэта наш абавязак перад усім грамадствам Беларусі, якое церпіць ад масавых парушэнняў правоў.

СВАБОДУ АЛЕСЮ БЯЛЯЦКАМУ!

СВАБОДУ УСІМ БЕЛАРУСКІМ ПАЛІТВЯЗНЯМ!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства