Апошняе слова Алеся Бяляцкага на судзе 23 лістапада 2011 года (тэкст выступу)

2011 2011-11-24T13:30:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі падчас суду

Алесь Бяляцкі падчас суду

“Я згодны з кожным словам адваката. Лічу, што тыя аргументы, якія ён прывёў, маюць дастатковае юрыдычнае абгрунтаванне і дастаткова падставаў для сур’ёзных адносінаў да іх. У той жа ж час я знаходжуся ў дастаткова складанай сітуацыі, бо выдатна разумею, што гэтая справа ад пачатку да канца мае палітычны падтэкст, і выступленне адваката і маё апошняе слова, нажаль, нагадваюць голас чалавека, які крычыць у пустыні і якому вельмі цяжка дакрычацца. І я сябе адчуваю зараз тым, які крычыць у пустыні, спрабуючы дакрычацца да сонца. Тым не менш, я маю, што сказаць”.

Пра палітычны кантэкст пераследу за праваабарончую дзейнасць

“Пачну, мабыць з таго, што літаральна перад тым, як я патрапіў у зняволенне, мой сябра даў мне пачытаць старую савецкую кніжку пра супрацьдзеянне КГБ праваабаронцам у Савецкім Саюзе. Кніжка напісаная ў  80-ыя гады. Яна была дастаткова цікавая, таму што вельмі шмат з таго, што апісваецца там, перагукаецца з тым, што адбываецца ў Беларусі ў апошнія гады. І я вызначыў бы асноўныя задачы, якія ставілі тады спецслужбы перад сабою. Першая – дыскрэдытаваць праваабаронцаў, абвясціць іх туніядцамі, як гэта было ў выпадку з паэтам Іосіфам Бродскім. Ці абліць брудам, паказаць іх несамастойнасць, як гэта было ў выпадку з Андрэем Сахаравым. Ці абвінаваціць у фінансавых махінацыях, што тычыцца пісьменніка Васіля Аксёнава. Ці проста зрабіць вар’ятамі, як было ў дачыненні да беларускага праваабаронцы Міхася Кукабакі, які сядзеў у “псіхушцы” шэсць гадоў за тое, што распаўсюджваў Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека ў Беларусі. Сорак гадоў прайшло – і неверагодна, але сітуацыя паўтараецца. Я адчуваю сябе гэтыя апошнія тры з паловай месяцы, як быццам бы я вярнуўся ў Савецкі Саюз. І проста на нейкім іншым узроўні адбылася рэінкарнацыя ўсяго таго, што было раней.      

Калі 17-га студзеня праводзіўся вобшук у Ракаве, дзе ў нас хата знаходзіцца, ехалі мы на машыне з супрацоўнікамі КГБ (маладыя хлопцы гадоў па 35), дарога туды займала дзесьці гадзіну, і я спрабаваў іх разгаварыць. Пытаюся: “А што вы ўсё працуеце нейкімі старымі метадамі – шантажуеце, вярбуеце людзей, вобшукі гэтыя праводзіце? Няўжо не  дастаткова вам той інфармацыі, якая ёсць у інтэрнэце зараз, якую мы гаворым?” Таму што як праваабаронцы мы дастаткова адкрытыя. Дастаткова зайсці на сайт “Вясны” (вось і шаноўны грамадзянін пракурор гэта пацвердзіў), там дастаткова інфармацыі пра нашую дзейнасць – чым мы займаемся, якія нашыя задачы, якія метады. За гэты год толькі я даў чатыры вялікія інтэрв’ю, дзесяткі розных каментароў у СМІ, у тым ліку ў інтэрнеце, якія складаюць дастаткова поўную карціну. Прааналізуйце – і вы будзеце ведаць, чым займаюцца праваабаронцы. Ну, яны сумеліся, і кажуць, маўляў, старыя метады таксама добрыя, так што мы працуем так, як нас вучылі. Ну, я не веру ў тое, што КГБ і іншыя дзяржаўныя службы, якія цікавіліся і цікавяцца дзейнасцю “Вясны”, не ведаюць, чым займаецца “Вясна” і ў прыватнасці я як старшыня арганізацыі. Калі яны сапраўды бачаць у праваабаронцах, у прыватнасці ў “Вясне”, канал для перапраўкі ў Беларусь фінансавых сродкаў для “фінансавання радыкальнай апазіцыі”, як пісаў у сваім лісце генерал Вягера… Цікава толькі, дзе яны знайшлі гэтую радыкальную апазіцыю ў Беларусі, няхай бы паказалі! У гэтым выпадку я лічу, што гэта іх недапрацоўка, непрафесіяналізм і ўваходзіць у серыю такіх казак-страшылак, якія мы чулі ў 2006-ым годзе, калі старшыня КГБ Сухарэнка распавядаў пра радыкальную апазіцыю, якая збіралася труціць мінскі водазабор кактэйлем з настоеных на вадзе дохлых пацукоў. Я мяркую, што КГБ добра ведае і ўсведамляе, чым на самой справе займаюцца праваабронцы ў Беларусі, і я ў прыватнасці, і свядома і мэтанакіравана працуе супраць праваабаронцаў, выкарыстоўваючы любыя метады для іх пераследу. Гэтая траўля добра арганізавана ў межах выбудаванага рэжыму.

І дастаткова паглядзець: у 1998-99-ым годзе была першая перарэгістрацыя няўрадавых арганізацый, калі сотні арганізацый не былі зарэгістраваныя. У тым ліку і “Вясна-96” не прайшла перарэгістрацыю, і “заслуга” ў гэтым Міністэрства юстыцыі. Тая грамадзянская супольнасць, якая толькі пачала станавіцца на ногі ў 90-ых гадах, неяк структурырывацца, афармляцца – яна адчула моцны прэсінг з боку дзяржавы. І тады ж былі выкінутыя з Беларусі дабрачынныя фонды, рэзка была абмежаваная магчымасць легальнага фінансавання няўрадавых арганізацый. Руку да гэтага прыклала і Адміністрацыя прэзідэнта. У 2003-2004-ым годзе была праведзена цэлая кампанія па закрыцці няўрадавых арганізацый: каля 400 арганізацый былі ліквідаваныя, у тым ліку і Праваабарончы цэнтр “Вясна” і яшчэ некалькі праваабарончых арганізацый. І, нягледзячы на тое, што ў 2007-ым годзе было прынята рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН аб аднаўленні рэгістрацыі “Вясны”, яно было праігнаравана. І руку да гэтага прыклалі і Міністэрства замежных спраў і Міністэрства юстыцыі. Спроба рэгістрацыі ў наступныя гады была адхілена – Мінюст зноў жа не бачыў патрэбы ў існаванні праваабарончых арганізацый у Беларусі. А ў 2006-ым годзе быў уведзены 193-1 – крымінальны артыкул, які пераследуе  дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, што з’яўляецца абсалютным нонсэнсам, бо такога ў свеце нідзе няма. Ні ў воднай постсавецкай краіне няма крымінальнага пераследу за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў [кажа гэта, гледзячы на суддзю – рэд.]. Нагадаю, што гэтыя змены ў крымінальнае заканадаўства былі прадстаўленыя зноў жа старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Дарэчы, літаральна пару тыдняў таму Венецыянская камісія вынесла рашэнне аб тым, што гэтыя змены ў крымінальным кодэксе Беларусі не адпавядаюць міжнародным пагадненням [на гэтых словах суддзя, ці то з інтарэсам, ці то са здзіўленнем прыпадымае бровы, нібыта чуе ўпершыню – рэд.], падпісаным Беларуссю, якія адносяцца да грамадзянскіх і палітычных правоў. 2011-ты год асаблівы, калі была арганізавана сапраўдная кампанія траўлі і Праваабарончага цэнтра “Вясна” і мяне як старшыні. Хацелі таксама, каб за кратамі апынуўся і Валянцін Стэфановіч, але гэта не атрымалася.
Усё гэта, канешне, складае палітычны кантэкст пераследу мяне за маю праваабарончую дзейнасць”.

Пра адносіны ўладаў да праваабаронцаў        

Не сакрэт, што ў Беларусі склалася аўтарытарная ўлада, якая не бачыць месца для праваабаронцаў у краіне. Нерэгістрацыя праваабарончых арганізацый звязаная менавіта з гэтым. Шмат маіх сяброў, калег былі выкінутыя з афіцыйных месцаў працы за гэтыя гады, яны пераследваліся ў адміністратыўным парадку і іншым чынам. Нажаль, улада не церпіць канкурэнцыі – пераследуе палітычных апанентаў, абмяжоўвае грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды – правы на сходы, мітынгі, аб’яднанні, атрыманне і распаўсюд інфармацыі, свабодныя і справядлівыя выбары. Улада не дазваляе развівацца грамадзянскай супольнасці, разбурае яе. Грамадская воля паралізаваная апошнім часам. І людзі, большасць з якіх знаходзіцца на працоўным кантракце, жывуць пад прэсінгам, страхам. Улада не церпіць крытыкі – пераследуе журналістаў і праваабаронцаў. І сёлятнія судовыя працэсы – над Андрэем Пачобутам, нада мною – якраз з’яўляюцца пацверджаннем гэтаму. Гэта працэсы з адной абоймы, хаця яны маюць быццам бы фармальна розныя крыніцы. І галоўная супярэчнасць, інтрыга, бычыцца мне ў тым, што ўсе гэтыя дзеянні ўлады ні ў чым не адпавядаюць ні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ні міжнародным пагадненням, якія заключыла дзяржава Беларусь, ужо будучы самастойнай, і ўзяўшы на сябе па спадчыне тыя абавязкі, якія ў свой час яшчэ браў Савецкі Саюз. І я, і мае калегі пра гэта гаварылі, мы пра гэта гаворым і будзем гаварыць, таму што гэта ёсць ісціна.

Я нагадаю, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкул 36, гарантуе права на свабоду аб’яднанняў, якое парушаецца, артыкул 34 гарантуе права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, артыкул 33 – на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выражэнне, артыкул 59 – абавязуе дзяржаўныя органы ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення абароны правоў і свабодаў асоб. Таксама артыкул 21 гаворыць пра тое, што дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзянаў, замацаваныя Канстытуцыяй, законам і прадугледжаныя міжнароднымі абавязкамі дзяржавы. Гэтыя міжнародныя абавязкі – Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека, артыкул 19, які гаворыць пра тое, што кожны чалавека мае права на свабоду перакананняў, на свабоднае выражэнне іх, на свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць, распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі. А таксама артыкул 20, які сцвярджае, што кожны чалавека мае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый. Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы (які Беларусь падпісала і мусіць выконваць), артыкулы 19 і 22 сцвярджаюць практычна тое самае. Існуе дакумент, пра які я казаў раней - Дэкларацыя ААН пра праваабаронцаў, якая датычыцца непасрэдна працы праваабаронцаў і якая сцвярджае, што кожны чалавек мае права індывідуальна і сумесна з іншымі заахвочваць і імкнуцца абараняць і здзяйсняць правы чалавека і асноўныя свабоды. Гэта значыць – праводзіць мірныя сустрэчы і сходы, ствараць няўрадавыя арганізацыі, асацыяцыі, групы, уступаць у іх і ўдзельнічаць у іх дзейнасці. Маю права ведаць, шукаць, здабываць, атрымліваць, мець у сваім распараджэнні інфармацыю пра ўсе правы чалавека. Маю права свабодна публікаваць, перадаваць, распаўсюджваць меркаванні, інфармацыю і веды пра ўсе правы чалавека і асноўныя свабоды. Маю права мець рэальны доступ да ўдзелу ў кіраванні сваёй краінай праз права прадастаўлення ва ўрадавыя органы, установы заўвагаў, прапановаў адносна паляпшэння іх дзейнасці, прыцягваць увагу да любога аспекту іх працы. Маю права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную і кваліфікаваную прававую дапамогу ў справе абароны правоў чалавека. Маю права на бесперашкодны доступ да міжнародных органаў, якія валодаюць  кампетэнцыяй атрымліваць, разглядаць паведамленні па пытаннях правоў чалавека. Кожны чалавек мае права ўдзельнічаць у мірнай дзейнасці, накіраванай супраць парушэнняў правоў чалавека. А пункт 13 сведчыць пра тое, што кожны мае права індывідуальна і сумесна з іншымі запрошваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы спецыяльна для мэтаў заахвочвання абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў мірнымі сродкамі.

Дык навошта ж вы гэтую Дэкларацыю падпісвалі? Я да вас звяртаюся як да дяржаўнага чыноўніка, які прадстаўляе дзяржаву [кажа гэта пракурору Сайкоўскаму – рэд.]. Не падпісвалі б! Выйдзеце з ААН, выйдзеце з АБСЕ! Усё будзе нармальна тады, будзе зразумела, дзе мы знаходзіцца. Згодна абавязкаў, узятых у рамках АБСЕ, Беларусь бралася паважаць правы сваіх грамадзянаў, самастойна ці сумесна з іншымі ўносіць актыўны ўклад у развіццё абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў і ўжываць неабходныя меры для эфектыўнага забеспячэння гэтага права. Гэта Венская, Мадрыдская сустрэчы, прысвечаныя пытанням, якія адносяцца да бяспекі Еўропы. Згодна Капенгагенскай канферэнцыі па чалавечым вымярэнні, дзяржавы-удзельніцы АБСЕ пагадзіліся прадастаўляць розныя магчымасці праваабаронцам і грамадзянскай супольнасці для ўдзелу ў заахвочванні і абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Відавочна, што дзяржава парушае гэтыя правы грамадзянаў. Відавочна, што працэсы такога кшталту, як нада мной, маюць палітычны характар.

Адносіны ўладаў да праваабаронцаў у розных краінах без выключэнняў – гэта лакмусавая паперка, па якой можна даволі дакладна вызначыць узровень дэмакратычнасці грамадства. І як правіла, у аўтарытарных рэжымаў дзейнасць праваабаронцаў выклікае незадавальненне. У гэтым шэрагу Беларусь не з’яўляецца выключэннем. Ёсць такія постсавецкія краіны, як Узбекістан, дзе дзесяткі праваабаронцаў сядзяць у турме, асуджаныя па артыкулах, якія выглядаюць значна горш за мой. Падкідваюць два патроны, падкідваюць пяць грамаў наркотыкаў – і садзяць на дзесяць гадоў. Восем чалавек з узбекскай арганізацыі, якая ўваходзіць у Міжнародную Федэрацыю за правы чалавека, віцэ-прэзідэнтам якой я з’яўляюся, зараз знаходзяцца ў зняволенні. У Расіі ёсць Паўночны Каўказ, дзе праваабаронцаў проста забіваюць. Так у Чачні застрэлілі нашую добрую знаёмую Наталлю Эстэміраву. Ёсць Кіргізія, дзе праваабаронцаў пераследуюць незразумелыя ваенізіраваныя групіроўкі. І ёсць Беларусь – з “праўдападобнасцю” вось гэтага пераследу. Таму я сцвярджаю, што гэтае абвінавачанне ў нейкіх там фінансавых парушэннях, парушэннях падаткавага заканадаўства – гэта поўная лухта, і мая справа не з’яўляецца звыклай і звычайнай справаю. Бо інакш бы гэтае абвінавачанне не падтрымліваў цэлы начальнік аддзелу гарадской пракуратуры. І следчая група не складалася б з чатырох афіцэраў Дэпартамента фінансавых расследванняў, якія, дарэчы, сябе вельмі няўтульна адчувалі, ведучы гэтую справу, і відавочна было, што ім гэтая справа сто гадоў была не патрэбная. Таксама не было б такога ажыятажу вакол будынку суда, што мы назіраем падчас усяго гэтага працэса. І не было б машыны ДАІ, якая суправаджае мяне кожны раз з Валадаркі. Я выходжу – і ўсе, каго вязуць на суд, смяюцца – што, сёння зноў з мігалкай паедзем!”

Пра кампанію ў афіцыйных СМІ

“Асобна трэба сказаць пра афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, якія таксама шмат увагі надаюць гэтаму працэсу і непасрэдна мне. “Беларусь сегодня”, афіцыйная дзяржаўная газета, якая выдаецца на сродкі ўсіх падаткаплацельшчыкаў, піша 6 жніўня: “Специализирующиеся на финансовых расследованиях офицеры уже давно располагали информацией, что господин Беляцкий уверенно самостоятельно распоряжается крупными финансовыми средствами. Говорят о миллионах евро. Не исключено, выяснится, что нынешние пылкие правозащитники получали от этой борьбы неплохие личные дивиденды. Інфармацыя ад 10 жніўня: “Беляцкий имеет на счетах в Вильнюсе большие суммы, которые перевозит в Минск, скорее всего, по карточкам. Беляцкий  официально числится безработным, не имеющим официально ни копейки дохода. Официально Беляцкий не имеет ни кола ни двора… Он имеет в резерве еще и неплохой земельный участок, тоже в красивом месте. Гэты зямельны ўчастак з’яўляецца заліўным лугам, на якім нельга нічога будаваць, таму што ён ахоўваецца як прыродная гаспадарка і знаходзіцца проста каля маёй хаты. Там мой сусед каня пасе, можна яшчэ ў валейбол пагуляць – вось як бы і ўсе выгоды гэтага участка. 17 лістапада: “Ему нужно объяснить, как удалось приобрести столько дорогой недвижимости и как это соотносится с правозащитной деятельностью”.  А якая гэта “дорогая недвижимость”, мы слухаем па беларускім тэлебачанні. Канал “Беларусь 1” перадае: “Сітраен” за восем тысяч даляраў”, які рэальна каштаваў 2 300 еўра плюс мыта, гэта 3 000 еўра, і быў увезены сюды пабіты. “Рамонт кватэры за 60 тысяч даляраў” . Што гэта за кватэра, на якую трэба такія грошы патраціць? Кватэра, у якой мы з жонкай жывем, мае плошчу ў 61 метр. “Адпачывае штогод за мяжой, ходзіць у дарагія рэстараны”  - гэта ўсё гавораць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Я не магу не расцэньваць гэтую інфармацыю як прамы ціск на суд і на прыняцце рашэння па гэтай справе, які яшчэ раз падкрэслівае, што гэтая справа мае палітычны кантэкст.

Пра Праваабарончы цэнтр “Вясна”

“Падчас гэтага працэсу шмат гаварылася пра Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Я рады гэтаму і хацеў бы яшчэ трошкі дадаць пра гэтую арганізацыю, бо без разумення працы праваабаронцаў у Беларусі, без разумення тых умоваў, у якіх мы працуем, можа быць, Высокаму Суду будуць недастаткова зразумелыя тыя матывы і эпізоды дзейнасці, якія разглядаліся падчас судовага працэсу. У Статуце “Вясны” (які ўжо не працуе, бо арганізацыя зачынена) напісана, што ў сваёй дзейнасці арганізцыя кіруецца дзеючай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь. Фактычна, гэта так і застаецца. І, як мы бачым, міжнародныя пагадненні, якія падпісала Беларусь, даюць магчымасць любому грамадзяніну Беларусі выконваць праваабарончыя абавязкі і быць праваабаронцам. І, назваўшыся праваабаронцам, чалавек мусіць быць праваабаронцам, мусіць выконваць праваабарончыя абавязкі. Мы працуем у гэтых легальных рамках.

І сёлета ўжо 15 гадоў як існуе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які працуе ў вельмі няпростых умовах, асабліва пасля 2006-га года. Я нагадаю, што арганізацыя была створана вясною 1996-га года, зарэгістраваная ў лютым 1998-га года як гарадская арганізацыя, затым у чэрвені 1999-га года – як рэспубліканская арганізацыя. І дзейнасць, якой займалася “Вясна”, яе асноўны накірунак – гэта правядзенне маніторынга выканання беларускімі ўладамі канстытуцыйных і міжнародных абавязкаў у галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў. Гэта ўключае ў сябе разнастайныя віды дзейнасці – правядзенне маніторынга ў заканадаўстве і на практыцы (якім чынам гэтае заканадаўства, гэтыя правы і свабоды ў Беларусі выконваюцца). І, натуральна, што адной з асноўных задачаў, чым мы займаліся на працягу ўсіх гэтых гадоў, была дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Першыя палітвязні ў нас з’явіліся ў 1996-ым годзе, фактычна гэта і паслужыла штуршком для стварэння Праваабарончага цэнтра “Вясна”. За гэты час мы дапамаглі тысячам людзей. Тысячам! Часам гэта была дробная дапамога, часам большая. Гэта дапамога рознага кшталту – збор інфармацыі, распаўсюд інфармацыі. І гэта тая праца, якую больш ніякая арганізацыя не рабіла. Таксама мы займаліся адукацыяй і асветай, у тым ліку і ў рамках сумесных праектаў з іншымі праваабарончымі арганізацыямі. Гэта і стварэнне Беларускага Дома правоў чалавека ў Вільні, і праца па адукацыі найперш моладзі, і аналітычная праца па напісанні дакладаў па сітуацыі з правамі чалавека, па сітуацыі з умовамі ўтрымання ў месцах зняволення (я зараз маю шмат новай інфармацыі і думаю, што гэты даклад у нас адновіцца калі-небудзь), і правядзенне назірання за выбарамі.

Ліквідацыя ў 2003-ім годзе Праваабарончага цэнтра “Вясна” якраз і звязаная з правядзеннем назірання за выбарамі ў 2001-ым годзе. Тым не менш, з 2004-га года праваабарончы цэнтр “Вясна” стаў сябрам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека. З 2007-га года я з’яўляюся віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека - і гэта ёсць сведчанне эфектыўнасці працы як праваабаронцаў у “Вясне”, так і ўвогуле беларускіх праваабаронцаў. Мы маем дастаткова высокі аўтарытэт. І ўсе прэміі і званні, якія тут пералічаліся, гэта не ёсць персанальная заслуга Бяляцкага ці “Вясны”. Гэта падкрэслівае тую драматычную сітуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне, міжнародная супольнасць такім чынам звяртае ўвагу беларускага ўрада на тое, што трэба тут штосьці мяняць. Беларускі ўрад прымае нейкія іншыя рашэнні, і мы бачым, якім чынам – і шляхам гэтага працэсу – рэагуе на падобныя заўвагі.

Тройчы мы спрабавалі зарэгістравацца: у 2007-ым і двойчы ў 2009-ым гадах. Кожны раз працэс рэгістрацыі для нас дастаткова складаная працэдура. Гэта падрыхтоўка Статута, гэта прыезд людзей, калі мусяць прыехаць як мінімум 60 чалавек з рэгіёнаў. І вось падчас апошняй рэгістрацыі на ўстаноўчы сход прыязджае больш за 80 чалавек (можаце прыкінуць, што толькі на праезд гэтыя людзі трацяць грошай у агульнай суме каля тысячы даляраў), арэнда памяшкання – асобнае пытанне. Мы збіраемся, праводзім гэты сход. Міністэрства юстыцыі чытае дакументы: “ага, у вас памылкі. Вось недакладныя дадзеныя: адзін з вашых заснавальнікаў указаў, што ён з’яўляецца супрацоўнікам сярэдняй школы, а трэба было указаць – сярэдне-адукацыйнай школы; яшчэ адзін напісаў, што ён кіраўнік гуртка, а трэба было напісаць, што ён кіраўнік секцыі, бо так указана ў штатным раскладзе…” І гэта ёсць падставы! Вярхоўны суд пагаджаецца – фармальная падстава ёсць. Калі мы просім у Міністэрстве юстыцыі, каб далі нам час выправіць гэтыя заўвагі, міністэрства кажа “а мы не маем такога права, мы маем права не даваць гэты час”. Гэта ёсць стаўленне беларускай дзяржавы да сітуацыі з рэгістрацыяй няўрадавых арганізацый.

Усе гэтыя гады, асабліва апошнія, мы праводзілі грамадзянскія кампаніі – гэта і кампанія супраць смяротнага пакарання, гэта і кампанія “Стоп 193-1”, у якой мы бралі ўдзел разам з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, гэта і кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Мы назіралі за выбарамі ў 2008-ым, 2010-ым гадах. Мы рыхтавалі даклады, выступы, агляды, бралі ўдзел у міжнародных канферэнцыях. Асобна трэба адзначыць міжнародную дзейнасць Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Мы ўдзельнічалі ў праваабарончых місіях па даследванні сітуацыі з правамі чалавека ў іншых краінах. Мы неаднойчы бралі ўдзел у міжнародным назіранні за выбарамі, сябры арганізацыі маюць сур’ёзны вопыт па правядзенні выбараў, ведаюць, як праводзяцца выбары ў іншых краінах – ва Украіне, Кіргізіі, Таджыкістане, Расіі, еўрапейскіх краінах. Мы бралі ўдзел у канферэнцыях, арганізаваных АБСЕ, Радай Еўропы, Еўрапейскім Саюзам, Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў, розных форумах і фестывалях, дзе, як я мяркую, дастаткова годна прадстаўлялі Беларусь. І значэнне праваабаронцаў у гэтай сітуацыі, калі рэпутацыя Беларусі за мяжой, у цывілізаваных краінах, гранічна кепская, яно дастаткова вялікае. Таму што мы паказваем, што ў Беларусі ёсць нармальныя людзі, людзі, якія разумеюць, што такое правы чалавека, што такое дэмакратыя. І ў будучыні, я думаю, ніхто не зможа сказаць, што ў гэтыя складаныя для Беларусі часы ніхто ў краіне нічога не рабіў. Я мяркую, што мы шмат у чым ратуем гонар беларусаў на сённяшні дзень і надалей будзем рабіць гэта ў любых умовах, дзе б мы ні знаходзіліся - на волі ці ў турме”.

Пра 2010 год як год “палявання” на “Вясну”

Можна меркаваць, што ўвесь 2010-ты год праходзіла незаконнае патаемнае адсочванне дзейнасці Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Пра гэта сведчаць так званыя дакументы, прадстаўленыя КГБ, якія леглі ў аснову праверкі дзейнасці мяне і Стэфановіча. Ну і папярэднія гады. Гэта пацвярджае праца Дома правоў чалавека. У нас ёсць як мінімум некалькі прызнанняў пра тое, што спецслужбамі туды засылаліся маладыя людзі, студэнты, якія потым як бы прызнаваліся ў тым, што яны давалі звесткі пра працу, пра  гэтыя навучальныя школы па правах чалавека, якія мы праводзілі. І невядома, якія высновы з гэтага зрабілі зноў жа органы КГБ, але такія факты мелі месца.

І тое, што прадстаўленыя ананімныя дакументы, якія з’явіліся на пачатку ўсяго гэтага расследвання, яны былі, як выглядае, здабытыя напачатку 2010-га года. Пра гэта сведчыць дата дакументаў, канец 2009-га – пачатак 2010-га года. Але хаду ім далі толькі ў канцы кастрычніка 2010-га года. Чаму? Я, канешне, відавочна гэта звязваю з выбарамі. Таму што ў верасні былі абвешчаныя прэзідэнцкія выбары 2010-га года, і мы, прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый, абвясцілі правядзенне кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Гэтая кампанія ставіла за мэту маніторынг усіх этапаў выбараў на адпаведнасць міжнародным выбарчым нормам і ўнутранаму выбарчаму заканадаўству. Была праведзена адкрытая прэс-канферэнцыя, дзе была дастаткова падрабязна апісана структура гэтага назірання, расказана пра тое, колькі людзей будзе ўдзельнічаць, якім чынам будзе адбывацца гэта назіранне. Мы былі максімальна і гранічна адкрытыя – бясконца ішлі інтэрв’ю, каментары, ішоў вал інфармацыі пра тое, што бачылі нашыя назіральнікі падчас гэтых выбараў. Трэба сказаць, што склалася ўнікальная сітуацыя, таму што Цэнтральная выбарчая камісія, а таксама тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі рэагавалі на гэтую нашую інфармацыю. Мы маем дзесяткі пацверджанняў такіх рэагаванняў. Яны выпраўлялі тыя недахопы, на якія ўказвалі нашыя назіральнікі. Але, тым не менш, актыўнасць праваабаронцаў, як я мяркую, відавочна выклікала вось гэтую праверку і 3.11.2010 года, а гэта яшчэ разгар выбарчай кампаніі і разгар нашага назірання, з’явіўся гэты ліст генерал-маёра Вягеры Шведу. І я нагадаю гэтую перапіску, яна дастаткова цікавая.

У гэтым лісце намеснік старшыні КГБ звярнуўся да намесніка Генеральнага пракурора Шведа з тым, што “паступіла ананімная заява… прадстаўнікамі незарэгістраванай арганізацыі ПЦ “Вясна” ў мэтах фінансавання радыкальнай апазіцыі выкарыстоўваюцца грашовыя сродкі, якія паступаюць з-за мяжы… яны выкарыстоўваюцца ў супрацьпраўных мэтах, а таксама на асабістыя патрэбы Бяляцкага і Стэфановіча…” Была просьба аформіць міжнароднае следчае даручэнне і накіраваць яго ў кампетэнтныя органы Літвы для праверкі гэтай інфармацыі. У сваю чаргу 15.11.2010 намеснік Генеральнага пракурора Швед звярнуўся да намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантроля Вяромкі, паранакіраваўшы гэты зварот Камітэта дзяржаўнай бяспекі, з даручэннем “правесці праверку ў дачыненні кіраўнікоў ПЦ “Вясна” сумесна з супрацоўнікамі КГБ”. Што такое “сумесна з супрацоўнікамі КГБ” – дагэтуль для мяне з’яўляецца вялікай таямніцай. Што там было – ці яны нас на праслушку паставілі, ці яшчэ што – не зразумела. Ну і падзеі 19-га снежня, канешне, яшчэ больш інтэнсіфікавалі гэтую сітуацыю. Я нагадаю, што ўноч з 19-га на 20-га снежня супрацоўнікамі Першамайскага РУУС быў праведзены агляд у маёй кватэры, імі было канфіскавана 17 камп’ютэраў, затрымана 12 чалавек, якія займаліся правядзеннем назірання на выбарах. І цікава, што ні паперы, ні дакументы, ні інфармацыя з гэтых камп’ютэраў у гэтай справе так і не ўзнікла, хаця старшыня КГБ Зайцаў звяртаўся да Зянона Ломаця з тым, што “ў выніку канфіскавана аргтэхніка, дакументацыя, якая мае дачыненне да матэрыялаў праверкі, праведзенай у дачыненні да кіраўнікоў ПЦ “Вясна”, і агляд канфіскаваных прадметаў будзе з’яўляцца легалізаванай доказнай базай у дачыненні да ўказаных аобаў. Аргтэхніка знаходзіцца ў Першамайскім РУУС горада Мінска. Інфармуем для вырашэння пытання пра ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць функцыянераў ПЦ “Вясна”.

Пасля сітуацыя была нярвовая, зразумела. Цікавым у гэтым плане з’яўляецца наступны дакумент, які прасвятляе – што ж рабілася далей. 24.12.2010 – даклад старэйшага інспектара маёра Кулака, які паведамляе, што “23.11.2010 ім была праведзена працоўная нарада з прадстаўнікамі КГБ Сінягубам і Мацкевічам” - гэта, я падазраю, куратары “Вясны” – “па выніках якога выпрацаваны напрамкі дзейнасці па ўказаных матэрыялах праверкі”. Значыць, адбылася гэтая нарада з супрацоўнікамі КГБ, а потым яны пайшлі ў пракуратуру. 25.11.2010 – “у пракуратуры горада Мінска была праведзена працоўная нарада з начальнікам аддзела па наглядзе за выкананнем падаткавага заканадаўства грамадзянінам Сайкоўскім”. [Наступнае пытанне Алесь Бяляцкі адрасуе пракурору Сайкоўскаму – рэд.] Вось цікава было б, каб вы распавялі, пра што вы там размаўлялі падчас той нарады [тут пракурор, заёрзаўшы на сваім месцы, з ухмылкай усімі спосабамі – жэстамі, позіркам і словамі пачаў перанакіроўваць увагу Бяляцкага ад сябе “да суду” – рэд.]. Грамадзянін Сайкоўскі спецыялізуецца на падатках. У яго ў адной руцэ 203-ці, а ў другой – 243-ці, ён адной падразае, а другой – па галаве. Адной падразае, а другой – па галаве. Я так мяркую. І гэтыя падыходы, якія выкарыстоўваліся ў дачыненні да бізнэсмэнаў, былі выкарыстаныя і ў дачыненні да “Вясны”. Маёр Кулак піша, што “падчас гэтай нарады з грамадзянінам Сайкоўскім у дзеяннях Бяляцкага і Стэфановіча не ўгледжаны склад злачынства, прадугледжанага артыкулам 233, паколькі адсутнічае факт здзяйснення прадпрымальніцкай дзейнасці і атрымання дахода ад гэтай дзейнасці . Але кваліфікаваць дзеянні апошніх па артыкуле 243 у частцы атрымання даходаў магчыма пасля атрымання інфармацыі ад падраздзялення фінансавай выведкі Літвы, устанаўлення фактаў аб нясплаце падаходнага падатку па выніках падаткавай праверкі ў буйным памеры” . Фактычна, 25.11.2010 была вырашана ўся парадыгма і ўсе наступныя дзеянні ДФР, следства на працягу ўсіх гэтых месяцаў. Таму што па 233-ім артыкуле далей праверка праводзілася за ўвесь гэты месяц і ў дакладзе Кулака пра гэта пішацца, што “падчас працы па матэрыялу ў Дэпартаменце фінансавага маніторынга выпатрабавана інфармацыя ў дачыненні Бяляцкага, Стэфановіча і іх сваякоў, дзейнасці ПЦ “Вясна” і фінансавых аперацыяў, якія маглі б быць звязаныя з атрыманнем злачынных даходаў ад ажыццяўляемай ПЦ “Вясна” дзейнасці. Згодна рэсурсаў, гэтая дзейнасць не ўстаноўленая. Выпатрабаванне дэкларацыі пра даходы і маёмасць Бяляцкага і Стэфановіча, а таксама праверка дакладнасці ўказаных там звестак у цяперашні час праводзіцца падаткавымі органамі ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі КГБ…” Зноў супрацоўнікі КГБ – яны ўзаемадзейнічалі з ДФР, з падаткавымі органамі. Вось чаму я сцвярджаю яшчэ раз, што справа гэтая ад пачатку да канца курыравалася КГБ. Праверка па 233-ім артыкуле нічога не дала. Адпаведна, пайшла праверка праз Міністэрства падаткаў і збораў. Гэтая праверка працягвалася да атрымання як быццам бы звестак з Літвы і з Польшчы, што адбылося толькі ў красавіку.

Паралельна, я хацеў бы заўважыць, праходзілі іншыя дзеянні, якія сведчаць пра пераслед праваабаронцаў у Беларусі. 17.01.2011 – вобшук, праведзены КГБ ва ўсіх маіх памяшканнях (у кватэрах і ў доме ў Ракаве), падчас якога былі канфіскаваныя пэўныя паперы, ноўтбук. Дзе інфармацыя з гэтых папераў? Там, дарэчы, былі нейкія фінансавыя паперы, якія маглі б быць цікавымі падчас гэтага следства. Супрацоўнікі КГБ, мабыць, вырашылі іх не прадстаўляць, таму што, магчыма, яны сведчылі б якраз супраць той версіі, якую афіцыйна на сённяшні дзень выкладае спадар Сайкоўскі. 16.02.2011 генпракуратурай было вынесена папярэджанне мне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І з чым яно звязана як ні з праваабарончай дзейнасцю – патлумачыць немагчыма.

Паралельна праводзілася дыскрэдытацыя ў сродках масавай інфармацыі. Асобна я хачу звярнуць увагу на матэрыял, які быў змешчаны ў газеце “Беларусь Сегодня” адразу пасля выбараў, дзе фігуруюць фактычна тыя самыя дакументы, якія былі прадстаўленыя ананімна КГБ для праверкі ў ДФР. Якім чынам “Беларусь Сегодня” атрымала гэтыя дакументы? Можа быць, яна з’яўляецца органам Камітэта дзяржаўнай бяспекі? Няхай шаноўны, так сказаць, Якубовіч тады падпіша “Беларусь Сегодня. Орган КДБ” і друкуе тады гэтыя дакументы. Тым не менш, гэтыя дакументы з’явіліся напачатку студзеня фактычна. Там былі яшчэ фотаздымкі іншых дакументаў. Бачна, што дыскрэдытацыя дзейнасці праваабаронцаў ішла фактычна паралельна.

Пра абвінавачанне

“Калі паглядзець тыя “банкаўскія раздрукоўкі”, якія былі прадстаўлены падчас следства, хачу толькі паўтарыць, што яны не выклікаюць у мяне ніякага даверу. Я лічу, што яны не сапраўдныя. І нават з улікам гэтага, у гэтых радках няма ніводнага пераводу сродкаў без пазнакаў, і ўсе пазнакі сведчаць пра тое, што існаваў кантроль за сродкамі з боку партнёраў “Вясны”, указваліся мэты расходу гэтых сродкаў. Таксама відавочна, што я не распараджаўся гэтымі сродкамі, гэтыя сродкі прызначаліся не для мяне, а для “Вясны”. Што датычыцца актаў падаткавай інспекцыі, я лічу іх незаконнымі. Гэтыя акты грунтуюцца на несапраўдных звестках, на поўным неразуменні сэнсу гэтых звестак супрацоўнікамі Міністэрства па падатках і зборах, якія складалі гэтыя акты.

З 16-га чэрвеня, калі такі акт быў прадстаўлены мне, па 4-га жніўня, дзень майго арышту, я выязджаў з Беларусі і вяртаўся ў Беларусь як мінімум шэсць разоў. Таму ўсе меркаванні, што я магу знікнуць падчас расследвання гэтай справы, застацца за мяжой, яны не маюць ніякіх падставаў. Я адчуваю сябе абсалютна невінаватым. І мяркую, што наадварот, гэтыя ўмовы свабоднага выезду і ўезду былі прадастаўлены мне для таго, каб, магчыма, я з’ехаў і такім чынам ускосна пацвердзіў сваю віну ва ўтойванні так званых падаткаў”.

Праваабарончай дзейнасцю, і ўвогуле грамадскай дзейнасцю, я займаюся практычна ўсё маё жыццё. У гэтым годзе – 30 гадоў як я займаюся грамадскай дзейнасцю. І перыяд, калі я адчуваў сябе больш-менш спакойна і свабодна – гэта з 1991-га па 1995-ты год. Пры такой кепскай сітуацыі, якая склалася ў краіне перманентна на працягу апошніх гадоў, натуральна, што крымінальны пераслед мог пачацца ў кожную хвіліну, у кожны год. І тое, што магло адбыцца – адбылося. Таму я не шкадую ні пра адзін свой крок, зроблены за гэтыя 30 гадоў у плане абароны дэмакратыі, правоў чалавека ў Беларусі. Я гэта рабіў свядома”.

Паводле дыктафоннага запісу з судовага паседжання 23 лістапада.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international