Судовы працэс па справе Алеся Бяляцкага: спрэчкі бакоў скончаныя, прысуд - 24 лістапада

2011 2011-11-23T17:11:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-syd2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі на судзе. Фота Еўрарадыё

Алесь Бяляцкі на судзе. Фота Еўрарадыё

На папярэднім судовым паседжаньні 22 лістапада дзяржабвінаваўца запрасіў у суда час на падрыхтоўку да спрэчак. Адвакат падтрымаў прапанову.

З вялікай верагоднасьцю сёньня стане вядома, якое пакараньне запатрабуе для кіраўніка цэнтра “Вясна” пракурор Сайкоўскі.

Старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму пагражае да сямі гадоў турмы. Яго абвінавачваюць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (ч.2 арт. 243 КК РБ). Падставай для узбуджэньня справы стала інфармацыя аб рахунках Бяляцкага ў Літве і Польшчы. Праваабаронца знаходзіцца за кратамі ад 4 жніўня. Суд над Алесем Бяляцкім пачаўся 2 лістапада.

Судзьдзя — Сяргей Бандарэнка. Пракурор — Уладзімір Сайкоўскі. Адвакат — Зьміцер Лаеўскі.

10-10. Выступае пракурор. Гаворыць, што апплата падаткаў зьяўляецца абавязкам усіх грамадзян Беларусі.

Сайкоўскі зазначае, што абвінавачаны – чалавек адукаваны і ў некаторых колах грамадзтва нават паважаны, і таму разумеў, што трэба паліць падаткі.

Пракурор называе тыя самыя лічбы пералічэньняў у 2007-2010 на рахункі ў банках Літвы і Польшчы – 567 тысячаў эўра.

"Доказаў, дасьледаваных у судзе, у сукупнасьці дастаткова для прызнаньня Бяляцкага вінаватым", – заявіў пракурор.

“Сапраўднасьць банкаўскіх дакумэнтаў не выклікае сумненьняў. Тое, што на іх няма пячатак і подпісаў не істотна".

"Ці зьяўляюцца сродкі, што паступалі, прыбыткамі? Дзейнасьць ад імя такой неправамоцнай арганізацыі як "Вясна" ня можа ўплываць на выкананьне абавязку апплаты падаткаў грамадзянінам Бяляцкім". (Радыё Свабода)

10-30. Пракурор спасылаецца на Падаткавы кодэкс, паводле яго павінны абкладацца ўсе даходы, якія прыйшлі з-за мяжы. Пад выключэньні выпадак зь Бяляцкім не трапляе, зазначае ён, і крытычна ацэньвае паказаньні Бяляцкага ў судзе, яго тлумачэньні, што грошы ішлі на праваабарончую дзейнасьць і дапамогу рэпрэсаваным.

"Такім чынам устаноўлена, што расходаваньне грошай на літоўскім і польскіх рахунках ажыцьцяўлялася Бяляцкім на ўласнае меркаваньне, і гэтыя грошы адносяцца да ягоных прыбыткаў", – заявіў пракурор. Радыё Свабода

Пракурор запатрабаваў пакараць Алеся Бяляцкага 5 гадамі  калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасьці.

10-40. Пачаўся выступ адваката. Ён нагадаў, каго менавіта  судзяць: перад вамі чалавек, які неаднаразова вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру, які абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, ляўрэат прэміяў, ганаровы грамадзянін горада Генуі, філёляг, літаратар, былы дырэктар музэя Максіма Багдановіча.

“Абвінавачваньне не адпавядала нормам Крымінальнага кодэксу і парушала права на абарону – не ўтрымлівала часу і месца правапарушэньня і спосабу яго зьдзяйсьненьня”. (Радыё Свабода)

Адвакат Лаеўскі: "Мы не пачулі, адкуль узяліся лічбы атрыманых Бяляцкім сродкаў. І няма доказаў, што было наўмыснае ўхіленне ад падаткаў. Дакладна следствам устаноўлена, што ён мае два рахункі за мяжой і што на іх паступалі нейкія сродкі. Усё астатняе не даказана, а з'яўляецца толькі меркаваннем следства. Не даказана, што сродкі з замежных рахункў паступілі ў Беларусь."

11-00. Адвакат зазначае, што ня быў выкананы шэраг даручэньняў намесьніка пракурора Менску па гэтай справе, не выконваліся і хадайніцтвы абароны.

“Накіраваньне справы ў суд у такім выглядзе, нават з неперакладзенымі з замежных моваў раздрукоўкамі з банкаў зьўяляецца пацьвярджэньнем неаб'ектыўнасьці падатковых праверак у адносінах да Бяляцкага”.

“Мы так і не пачулі, адкуль узяліся гэты лічбы ў абвінавачваньні, нават сьведкі з боку абвінавачваньня давалі паказаньні, якія апраўдваюць Бяляцкага”.

“Сёньня вядома толькі тое, што ў Бяляцкага ёсьць нейкія рахункі, на якія пералічваліся нейкія сумы, частка зь якіх выкарыстоўвалася ім на праваабарончую дзейнасьць”.

“Не даказана, якім чынам і ў якім аб'ёме гэты сродкі траплялі ў Беларусь, і ці траплялі яны ўвогуле. Таму на ўсе гэтыя сродкі не распаўсюджваецца беларускі закон аб замежнай гуманітарнай дапамозе. Апрача таго, гэтыя грошы не зьяўляюцца "бязвыплатнай" дапамогай. Такім чынам, з боку Бяляцкага ніякіх парушэньняў 24-га дэкрэта не было".

Адвакат, спасылаючыся на дзейныя законы, заявіў, што пералічаныя сродкі не адносяцца да падаткаабкладаных даходаў.
"Да аб'ектаў падаткаабкладаньня не адносяцца сродкі, атрыманыя ад адной асобы іншай для выкананьня пэўных абавязкаў ці перадачы трэцім асобам”, – адвакат працытаваў артыкул Падаткавага кодэксу і заявіў, што ў Бяляцкага менавіта такі выпадак.

 “Гэтыя грошы не былі прыбыткамі Бяляцкага, а атрымліваліся для праваабарончай дзейнасьці, у пералічэньнях у графе прызначэньне фігуруе праваабарончы цэнтар "Вясна", канкрэтныя кірункі дзейнасьці, праекты, камандзіроўкі”. (Радыё Свабода)

Следства наўмысна не выканала просьбу абароны і не звярнулася ў міжнародныя арганізацыі, што пералічвалі грошы, каб даведацца, на якія мэты грошы былі выдаткаваныя і ці задаволеныя яны іх выкарыстаннем. Бо такія дакументы, на погляд адваката, цалкам апраўдвалі б Бяляцкага. Таму абвінавачванню гэта нявыгадна. Узнікае пытанне: хто і што хацеў падчас следства даказаць? (Еўрарадыё).

Запыт у літоўскі банк пайшоў да пачатку крымінальнай справы — таму парушаны нормы акта аб прававой дапамозе і дадзеныя атрыманыя незаконна. Паперы з Літвы — ксеракопіі дакументаў, што ёсць у справе — не завераны ні пячаткамі гербавымі, ні подпісамі афіцыйных асоб, а часта там нават няма і пячаткі банка.

Не зразумела, на якой падставе камерцыйны банк дае адказ з утрыманнем камерцыйнай тайны замежнай структуры. А таму гэтыя звесткі не могуць лічыцца доказам, кажа адвакат (Еўрарадыё).

11-50. Адвакат зьвяртае ўвагу суду, што частка матэрыялаў справы зьяўляецца ананімнымі зваротамі, што супярэчыць Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу.

"Шэраг распісак увогуле не адносяцца да справы, значэньня як доказаў не маюць”.

"Гэта стварае ў суду ілжывае ўражаньне пра наяўнасьці нейкай доказнай базы”.

"Прыналежнасьць электроннай паштовай скрынкі Ўладзімеру Лабковічу, зь якой узятыя пэўныя матэрыялы ў справу, не даказаная. І  ўвогуле зьвесткі, атрыманыя ў выніку апэратыўна-пошукавай дзейнасьці, ня могуць быць пакладзеныя ў абвінавачваньне”, – заявіў адвакат.

Адвакат спасылаецца на нядаўняе пасланьне прэзыдэнта пра пэрспэктывы дзейнасьці судовай сыстэмы, дзе зазначаецца пра недапушчальнасьць асуджэньня невінаватых. Гэта выклікала ўсьмешкі ў зале. Адвакат просіць цалкам апраўдаць Бяляцкага і скасаваць арышт на маёмасьць. Заля апладзіруе адвакату. (Радыё Свабода)

11-55. Алесь Бяляцкі выступае з апошнім словам. Ён згодны з усімі аргументамі адваката. Кажа, што справа мае палітычны падтэкст. "Таму мы з адвакатам спрабуем дакрычацца да сонца", — сказаў Бяляцкі. Паводле яго словаў, КДБ свядома працуе супраць праваабаронцаў — адсюль гэтая справа.  (Еўрарадыё).

Алесь Бяляцкі: Пачну за таго, што мой сябра даў мне пачытаць старую савецкую кнігу пра супрацьдзеяньне КДБ праваабаронцам у СССР. 40 гадоў прайшло, але гэтыя 3 месяцы я адчуваю, што вярнуўся ў СССР. Толькі на нейкім іншым узроўні адбылася гэтая рэінкарнацыя.

Калі мы ехалі на ператрус у Ракаў, я спрабаваў разгаварыць супрацоўнікаў, чаму яны працуюць старымі мэтадамі. Я ня веру ў тое, што КДБ, іншыя дзяржслужбы ня ведаюць, чым займаецца "Вясна".

Калі яны бачаць у нас крыніцу для сродкаў апазыцыі, гэта недапрацоўка, непрафэсіяналізм. Я ў гэта ня веру. КДБ добра ведае, чым мы займаемся ў Беларусі і сьвядома, мэтанакіравана працуе супраць праваабаронцаў, выкарыстоўваючы любыя мэтады.

Бяляцкі нагадвае, што ўсяго каля 400 арганізацыяў было зачынена ўладамі, і што "Вясну" не рэгіструюць нават пасьля рашэньня Камітэту па правах чалавека ААН, а таксама тое, што ў 2006 годзе была ўведзеная крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
У 2011-м годзе было арганізаванае сапраўднае цкаваньне «Вясны» і мяне як старшыні. У Беларусі склалася аўтарытарная ўлада, і месца для праваабаронцаў улады ня бачаць.
Шмат маіх сяброў выкінутыя з працы, перасьледуюцца ў адміністрацыйным парадку ды іншым чынам. Улада перасьледуе палітычных апанэнтаў, абмяжоўвае грамадзянскія і палітычныя правы і не дазваляе разьвівацца грамадзянскай супольнасьці.
Улада ня церпіць крытыкі, перасьледуе журналістаў і праваабаронцаў.
Галоўная супярэчнасьць, інтрыга бачыцца ў тым, што гэтыя дзеяньні ўлады супярэчаць і Канстытуцыі Беларусі і міжнародным пагадненьням.
Канстытуцыя РБ дае права на свабоду аб'яднаньняў, распаўсюд інфармацыі, свабоду меркаваньняў, абавязуе дзяржаўныя органы прымаць захады дзеля абароны правоў і свабодаў асобы.
Парушаюцца міжнародныя абавязкі, Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. 

Бяляцкі пералічвае правы людзей, адпаведна з Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі.
"Навошта вы гэтую Дэклярацыю падпісвалі? Выйдзіце з ААН і АБСЭ – і ўсё будзе зразумела, дзе мы знаходзімся", – Бяляцкі зьвярнуўся да пракурора як прадстаўніка дзяржавы.
"Дзяржава парушае правы звычайных грамадзянаў і такія працэсы маюць палітычны характар. Па стаўленьні ўлады да праваабаронцаў можна меркаваць пра дэмакратычны характар краіны".
Бяляцкі згадвае Ўзбэкістан, дзе сядзяць дзясяткі праваабаронцаў, Расею, дзе на Каўказе праваабаронцаў проста забіваюць, і параўноўвае з сытуацыяй у Беларусі.

Палітычны характар справы падкрэсьлівае і тое, які ажыятаж адбываецца тут вакол суду, і тое, як мяне з машынай ДАІ возяць з Валадаркі, і тое, што піша пра суд дзяржаўная прэса.Інфармацыя дзяржаўных СМІ – гэта наўпроставы ціск на суд.
Я рады, што шмат гаварылася пра "Вясну", бо без разуменьня працы праваабаронцаў у Беларусі, суду могуць быць незразумелыя матывы і дзеяньні, якія тут разглядаліся". Бяляцкі падрабязна распавядае пра статутныя мэты "Вясны": "Вясна" існуе 15 гадоў у вельмі няпростых умовах. Адной з асноўных нашых задачаў зьяўляецца дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў. За гэты час мы дапамаглі тысячам людзей".

Мы маем дастаткова высокі аўтарытэт, і ўсе гэтыя прэміі, якія тут агучваліся, – гэта сьведчаньне той драматычнай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі. Гэта міжнародныя сыгналы Беларусі, што трэба нешта мяняць.
Усе гэтыя гады мы праводзілі грамадзкія кампаніі: супраць сьмяротнага пакараньня, за свабодныя выбары, мы назіралі за выбарамі 2008 і 2010 году. Мы ўдзельнічалі ў праваабарончых місіях у іншых краінах, бралі ўдзел у міжнародным назіраньні за выбарамі.

Мы шмат у чым ратуем гонар Беларусі ў вачах міжнароднай супольнасьці.
Акты падаткавай інспэкцыі я лічу незаконнымі. Я адчуваю сябе абсалютна невінаватым. У 2011 годзе я мог выехаць за мяжу, але не зрабіў гэта. Я займаюся 30 гадоў праваабарончай дзейнасьцю".
Доўгія аплядысмэнты пасьля выступу.(Радыё Свабода)

Выступы ў спрэчках завершаныя: прысуд Алесю Бяляцкаму абвесцяць 24 лістапада аб 11 гадзіне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international