Спынім забойства - ад імя народа!

2011 2011-11-19T14:20:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_27.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” заклікаюць усіх дапамагчы захаваць людскія жыцці, падпісаўшыся пад змешчанай у інтэрнеце петыцыяй супраць прымянення выключнай меры пакарання ў дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Нагадаем, 30 лістапада 2011 г. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вынесе прысуд па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні шэрагу выбухаў, у тым ліку падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 г., а таксама тэрарыстычнага акту ў менскім метро 11 красавіка 2011 г.  Дзяржаўны абвінаваўца ў сваім выступе запатрабаваў для абодвух абвінавачаных выключнай меры пакарання - смяротнай кары.

З гэтай нагоды намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, адзін з ініцыятараў праваабарончай кампаніі супраць смяротнага пакарання, звяртаецца да грамадскасці:

“Здавалася б, справядлівасць гатовая “перамагчы” ў чарговы раз. Менавіта ў пакаранні смерцю асобаў, якія самі здзейснілі забойствы, шмат хто бачыць аднаўленне той самай справядлівасці. Гучнае злачынства хутка раскрыта, злачынцы злоўленыя і асуджаныя, сілавікі і пракурорскія чыноўнікі узнагароджаныя чарговымі “зорачкамі” і прэміямі. Здавалася б - усё як мае быць...

Але менавіта зараз у грамадстве назіраецца дзіўная метамарфоза. Менавіта гэтая жудасная па сваіх наступствах трагедыя, магчыма, упершыню высвяціла праблему смяротнага пакарання, прымусіла задумацца над гэтым. Грамадства не верыць у вінаватасць Канавалава і Кавалёва і нават распачало збор подпісаў пад петыцыяй у іх абарону ад смяротнага пакарання. Упершыню ў Беларусі ўзнікла такога кшталу народная ініцыятыва. Менавіта народная, а не ініцыятыва некалькіх праваабарончых арганізацыяў, якія некалькі год запар настойліва даводзяць неабходнасць адмены смяротнага пакарання ці, прынамсі, увядзення мараторыя на яго. 

Адным з асноўных аргументаў за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі (ці мараторый на яго выканне)  для мяне асабіста была адсутнасць інстытута незалежнага правасуддзя ў краіне, скрайняя залежнасць і бяспраўе адвакатуры, поўная адсутнасць грамадскага кантролю над дзейнасцю спецслужбаў, міліцыі і пенітэнцыярнай сістэмы. Пры такіх умовах наяўнасць смяротнага пакарання робіць вельмі верагодным магчымасць  вымушанага, праз катаванні, самаагавору, судовай памылкі і ў выніку – пакарання смерцю невінаватага чалавека. Мне падаецца, што цяперашняя сітуацыя са справай Канавалава-Кавалёва - яскравы таму прыклад. Недавер да вынікаў следства гэта, як мне падаецца,  квінтэсенцыя недаверу грамадства да судовай улады і органаў правапарадку ў прынцыпе. Цяжка давяраць уладзе, пры якой міліцыя і суды з грамадзянаў, якія мірна пляскаюць у далоні, робяць мацершчыннікаў, а КГБ палохае грамадзянаў байкамі пра пацукоў у трубаправодзе і баявым арсеналам апазіцыі ў адным з гаражоў у Малінаўцы. Небяспека – гэта спецслужбы, якія займаюцца фантазіямі. У духу трыццатых гадоў – сам прыдумаў змову і сам яе раскрыў.

Мы ўсе зноўку робімся нявольнымі гледачамі жудаснай трагедыі, расцягнутага ў часе акту яшчэ аднаго забойства – толькі ўжо забойства ад імя Рэспублікі Беларусь. Затым ад імя гэтай самай рэспублікі родным растраляных не выдадуць целы для пахавання і не ўкажуць месцы пахавання. І яшчэ адна напаўзвар’яцелая ад гора маці будзе рыскаць па навакольных могілках у пошуках свежай безыменнай магілы свайго сына. Я бачу гэта ўжо на працягу апошніх 15 гадоў. Менавіта таму я змагаўся і змагаюся за адмену смяротнага пакарання. Кожны раз наноў, кожны раз…

Зараз мы, праваабаронцы, адмыслова трымалі “маўклівы мараторый”, проста назіраючы за працэсам Канавалава-Кавалёва. Мы не хацелі аказваць ускосны ціск ні на следства, ні на судовы працэс. Адбылася жудасная трагедыя, загінулі ні ў чым не вінаватыя людзі. Ішло следства, якое мусіла ва ўсім разабрацца, пачаўся суд, які павінен даць ацэнку ўсім сабранам следствам доказам. Я не буду казаць пра якасць тых доказаў віны Кавалёва і Канавалава - пра гэта ўжо шмат кім казалася, у тым ліку і адвакатамі. Адзінае, што хачу заўважыць: адно з асноўных пытанняў - пра матывы здзяйснення гэтага жудаснага ўчынку. Адказу на яго я так і не пачуў. Няўцямнае і пратакольнае  “дэстабілізацыя ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь” я ў разлік не бяру.

Цяпер, калі дзяржава гатовая ў чарговы раз здзейсніць свой “акт справядлівасці”, гэтаму “маўкліваму мараторыю” прыйшоў канец. Мы, удзельнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, пачынаем актыўныя дзеянні па недапушчэнні забойстваў. Я разумею, што нават прамежкавыя механізмы абароны Камітэта па правах чалавека ААН не ў сілах спыніць гэты канвеер смерці. Але ўсе разам мы зараз маем шанец спыніць яго назаўжды. Таму што людзей не павінны забіваць, таму што жыццё чалавека мае найвышэйшую каштоўнасць – у тым ліку і для дзяржавы з імем Рэспубліка Беларусь.

Валянцін Стэфановіч”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international