viasna on patreon

Алена Танкачова: “Праз недавер суду людзі выказваюць недавер дзяржаве”

2011 2011-11-17T12:52:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tankachova-euraradyjo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Алена Танкачова ў студыі Еўрарадыё

Праваабаронца Алена Танкачова ў студыі Еўрарадыё

Праваабаронца Алена Танкачова распавяла Еўрарадыё аб “прэзумпцыі вінаватасці”, прааналізавала суд над Бяляцкім, “тэрарыстамі” і ўсю судовую сістэму.

Еўрарадыё: Найперш у палітыцы, але і шмат у чым іншым, быў праведзены нібыта такі падзел на тое, як было да 19 снежня 2010 года і як стала пасля. Калі казаць аб праваабарончай дзейнасці — як на гэтай сферы адбіліся тыя падзеі?

Алена Танкачова: Гэты водападзел: да 19 снежня і пасля — ён сапраўды мае месца. Найперш, 19 снежня ўсё паставіла па сваіх месцах. Не тое, каб мы атрымалі новую карціну свету — мы атрымалі рэальную карціну свету. І гэта не магло не закрануць праваабарончыя арганізацыі, бо яны, як і ўсё грамадства, сутыкнулася з відавочнымі, грубымі і сістэмнымі парушэннямі правоў чалавека. Найперш, гэта — масавыя адміністрацыйныя затрыманні. Далей — шэраг ператрусаў, арыштаў, беспадстаўных затрыманняў. Да ўсяго — усё, што тычыцца крымінальных працэсаў пасля 19 снежня ў адносінах да экс-кандыдатаў у прэзідэнты і актыўных удзельнікаў падзей на плошчы. Гэта пранесла надзвычайна вялікі аб’ём працы для праваабарончых арганізацый, якія імгненна пачалі рэагаваць на гэтую сітуацыю. І, шчыра скажам, мы не былі гатовыя да такога аб’ёму працы. І да таго, што гэта будзе працягвацца так доўга — амаль паўгода нон-стоп, з пераходам з адміністрацыйных у крымінальныя справы. І ўвесь гэты час мы працягвалі працу, звязаную з лабіраваннем на міжнародным узроўні. У такім напружаным рэжыме праваабарончым арганізацыям не даводзілася працаваць з 2006 года. Але тады па часе ўсё працягвалася менш і ўсё ўспрымалася не так цяжка.

Еўрарадыё: Да такога аб’ёму працы праваабаронцы не былі гатовыя... А ці былі яны гатовыя да таго, што пачнуцца справы і супраць праваабаронцаў ?

Алена Танкачова: Мы ж не жывём у адрыве ад працэсаў, што адбываюцца ў адносінах да грамадзянскай супольнасці. Больш за тое — дзяржава ўспрымае праваабаронцаў у якасці такога авангарда апазіцыі. У той час, як мы пастаянна спрабуем патлумачыць, што мы не палітычная апазіцыя, што мы выконваем іншую функцыю. Але ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў праваабарончая праца пачынае ўспрымацца як функцыя палітычная. Найперш, прадстаўнікамі дзяржаўных структур. Мы разумелі, што той брутальна-рэпрэсіўны характар паводзін уладаў, не мог нас не закрануць. І ўсе гэтыя рэчы адбываліся паралельна з ператрусамі і затрыманнямі ноччу з 19 на 20 снежня. Бо ўжо той ноччу ў цэнтры “Вясна” была праведзеная канфіскацыя камп’ютарнай тэхнікі, дакументацыі. А ў наступныя дні прайшоў шэраг затрыманняў, ператрусаў сярод актыўнай часткі грамадзянскай супольнасці. І праваабаронцы апынуліся ў іх ліку. А што тычыцца ўсплёску ціску на праваабарончыя арганізацыі, то гэта ж не першы такі ўсплёск. У 2003 годзе была сапраўдная хваля ліквідацый найбольш актыўных грамадскіх арганізацый. У 2003 годзе практычна ўсе моцныя праваабарончыя арганізацыі былі ліквідаваныя. Тады быў ліквідаваны праваабарончы цэнтр “Вясна”, наша арганізацыя — “Незалежнае таварыства прававых даследаванняў”. Афіцыйна зарэгістраваным застаўся толькі “Беларускі Хельсінскі камітэт”. Зараз БХК атрымаў папярэджанне, а цэнтр “Вясна” з 2003 года вымушана працуе ў незарэгістраваным статусе. Сёння мы маем найбольш жорсткае рэагаванне ўлады, якое выявілася ў крымінальным пераследзе Алеся Бяляцкага — нашага сябра і калегі. І чым гэты судовы працэс завершыцца — прагназаваць цяжка.

Так, зараз мы маем справу з формай крымінальнага пераследу. І я мяркую, што гэта форма ясна дэманструе, што праваабаронцы прыроўненыя да палітычнай апазіцыі — улада ўспрымае нас як ворагаў. І дэманструе гатоўнасць прымянення мер крымінальнай адказнасці да праваабаронцаў, выдатна разумеючы, што на ўзроўні міжнародных пагадненняў, на ўзроўні міжнароднай дзейнасці праваабаронцы заўсёды знаходзяцца пад пільнай увагай з боку квазіўрадавых арганізацый. Ёсць нават спецыяльныя праграмы “Абарона праваабаронцаў”, ёсць спецыяльны дакладчык у ААН па гэтай тэме. І ўлада, разумеючы, што рэакцыя міжнароднай супольнасці на рэпрэсіі супраць праваабаронцаў будзе хуткай і жорсткай, тым не менш прымяняе гэтыя рэпрэсіі. Тым самым паказваючы, што рэпрэсіі ў дачыненні да актыўных змагароў за правы чалавека будуць працягвацца.

Еўрарадыё: У гэтых умовах наколькі цяжэй стала атрымаць прававую дапамогу ад праваабаронцаў?

Алена Танкачова: Кансультаванне людзей, у тым ліку — арганізацыя прававой дапамогі для людзей, гэта адна з функцый, якую праваабарончыя арганізацыі на сябе бралі, бяруць і, я спадзяюся, будуць браць і далей. Застаецца і адвакацкая супольнасць. Яна дастаткова пасіўная, палахлівая, нягледзячы на тое, што гэта — незалежная прафесія. Без незалежнасці гэта прафесія ўвогуле губляе сэнс існавання. І, хай з цяжкасцямі, але сярод адвакатаў мы працягваем знаходзіць спецыялістаў, якія гатовыя працаваць з палітычна матываванымі справамі. Ёсць яшчэ і такі бок працы, як аказанне дапамогі не адвакатамі, а юрыстамі. Для таго, каб кансультаваць бясплатна не абавязкова быць адвакатам — дастаткова мець прафесійную адукацыю, навыкі і досвед працы з той ці іншай катэгорыяй спраў. І такая кансультацыйная дзейнасць працягваецца сіламі прафесійных юрыстаў, якія працуюць у цеснай сувязі з праваабарончымі арганізацыямі. І да нас сталі прыходзіць новыя людзі: выпускнікі нашых адукацыйных праграм, сталі прыходзіць юрысты-пенсіянеры, якія гатовыя частку свайго часу траціць на такую бясплатную дзейнасць. Такім чынам, з аднаго боку, нам стала цяжэй працаваць, але з другога — выклік, кінуты нам, быў такі моцны, што падштурхнуў прафесіяналаў больш актыўна праяўляцца ў праваабарончай сферы. Давайце ставіцца да гэтага выкліку як да вакна, праз якое нам адкрываюцца новыя магчымасці. Не будзе папялішча на месцы праваабарончай дзейнасці - з ёй усё будзе добра ў нас.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства