5 ліпеня ў Варшаве стартавала навучальная праграма імя Кастуся Каліноўскага для беларускіх рэпрэсаваных студэнтаў

2006 2006-07-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла прэс-служба штаба Аляксандра Мілінкевіча, дзякуючы гэтай праграме 214 беларускіх студэнтаў, пацярпелых за актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі і пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў, змогуць працягнуць навучанне ў ВНУ Польшчы.
Урачыстая цырымонія інаўгурацыі навучальнай праграмы адбылася 5 ліпеня ўвечары ў Варшаўскім універсітэце. Беларускіх студэнтаў віталі прэмер-міністр Польшчы Казімеж Марцінкевіч і спікер Сенату Польшчы Богдан Барусевіч.
Адкрываючы праграму лідэр абяднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч падзякаваў польскаму ўраду за салідарнасць з рэпрэсаванымі беларусамі і звярнуўся з вітальным словам да студэнтаў.
"Сваімі мужнымі ўчынкамі вы выказалі ўласную грамадзянскую пазіцыю і сваю любоў да Беларусі. Маю надзею, што вымушанае навучанне за мяжой стане для вас яскравым сведчаннем таго, што рэальнасць, якая пануе ў нашай краіне  не адзіная магчымая. Вы атрымалі магчымасць бачыць жыццё з іншай перспектывы. Я веру, што гэта ацэнка дапаможа вам прыняць правільныя рашэнні і рухацца ўперад," - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
Аляксандр Мілінкевіч папрасіў таксама студэнтаў не ацэньваць створаныя для навучання магчымасці як узнагароду, а толькі як магчымасць атрымаць дастойныя еўрапейскія веды, якія будуць абавязкова запатрабаваныя ў дэмакратычнай Беларусі.
"Я спадзяюся, што тая адукацыя, якую вы атрымаеце па-за межамі роднай Бацькаўшчыны, дасць штуршок вашай далейшай прафесійнай кар'еры і дапаможа збудаваць новую Беларусь з моцнай эканомікай, з дэмакратычнымі свабодамі. Беларусь, якая будзе адкрыта да міжнароднай супрацы, і якую будуць шанаваць не толькі ў Еўропе, а ва ўсім свеце. Прыйдзе час і зявіцца вялікі попыт на годных людзей з добрай адукацыяй. Якая б не была ваша прафесія, ведайце, што вы патрэбны сваёй краіне і яна яшчэ будзе ганарыцца вамі," - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Пачынаючы з 6 ліпеня беларускія студэнты будуць інтэнсіўна вывучаць польскую мову. У жніўні для іх будуць арганізаваныя азнаямленчыя падарожжы па Польшчы. Плануецца, што моладзь ўбачыць гістарычныя мясціны Польшчы, і наведае таксама універсітэцкія гарады, якія ад пачатку кастрычніка прымуць беларускіх студэнтаў.
Паводле ўмоваў праграмы, пераважная большасць студэнтаў працягне навучанне на тых факультэтах, на якіх навучалася ў Беларусі. Магчымасць змяніць факультэт будуць мець толькі тыя студэнты, якія былі выключаныя за палітычную дзейнасць з першага курсу.
Праграма навучальных стыпендыяў для беларускіх студэнтаў, пацярпелых у выніку палітычнай кампаніі бягучага года, была заснаваная 30 сакавіка ў Варшаўскім універсітэце прэмер-міністрам Польшчы, лідэрам абяднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам і рэктарамі вышэйшых навучальных установаў Польшчы.
Праграма разлічаная на 300 месцаў і да 15 ліпеня яна застаецца адкрытай. 10 месцаў у навучальных установах для беларускіх студэнтаў прапанаваў таксама ўрад Эстоніі. Ёсць прапановы ад Нямеччыны, Чэхіі, Славаччыны, Аўстрыі і Нарвегіі. Існуе магчымасць завочнага навучання ва Украіне, якая гатовая вылучыць 100 месцаў для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international