Бабруйск: Локцеў атрымаў трое сутак, Смірнова – пяць

2011 2011-11-11T14:50:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 11 лістапада, у 11.00, у Бабруйску адбылося другое пасяджэнне па справе сябраў аркамітэта Народнага сходу. Яшчэ ў яго пачатку месца ў зале заняў маёр Сяргей Рудзько, вядомы па арышту ўдзельнікаў маўклівых акцый, і яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі.

Суддзя Наталля Шэгеда адразу перайшла “у атаку” і спытала Галіну Смірнову, ці быў дасягнуты вынік Народнага сходу. Жанчына патлумачыла, што сход ім не далі правесці міліцыянты, таму не. Тады  суддзя задала зусім дзіўнае пытанне: “Я некалькі разоў праглядала відэа аператыўнікаў, і хачу спытаць, чаму вы так задаволена ўсміхаліся, калі здымалі відэа на мабільны тэлефон?”

Галіна Смірнова заявіла хадатайніцтва аб агучванні пратаколаў сведак – намесніка начальніка УУС Сяргея Малішэўскага і начальніка аддзела прафілактыкі і правапарадку Андрэя Малахава. Але суддзя адмовіла, спаслаўшыся, што яны ўжо выступалі ў судзе. Але зачытала  тлумачэнне начальніка аддзела ідэалогіі гарвыканкама Аляксандра Маркачова, які не прыйшоў на суд. У ім ёсць радкі, дзе галоўны гарадскі ідэолаг кажа, што “людзі прыйшлі на Народны сход”, і нідзе не ўзгадвае пра “масавае мерапрыемства”.

-Так хто лепш разбіраецца, міліцыя ці ідэолаг, што за мерапрыемства там было, Народны сход ці масавая акцыя? – спытала Галіна Смірнова. Таксама яна папрасіла лічыць несапраўдным пратакол, які быў складзены на яе падчас бальнічнага.

Канстанцін Локцеў дадаў, што газетамі яны сябе не пазначалі, як сцвярджаў Малішэўскі, і пагадзіўся, што сход нельга лічыць адбыўшымся.

Недзе з паўгадзіны Галіна Смірнова зачытвала зварот да суда, у гэты час у залу зайшлі канваіры. “Правапарушальніца” ўзгадала падобныя справы, якія праходзілі ў іншых гарадах, і дзе суддзі вынеслі справядлівыя рашэнні. Адзначыла, што іх меркаванае парушэнне закона немагчыма кваліфікаваць правільна, бо сход не адбыўся. Нагадала, што была затрыманая падчас збору подпісаў, гэта падцверджана міліцыянтамі, значыць, ёсць доказ, што подпісы яны за НС усё ж збіралі. Таксама Галіна Смірнова цытавала Канстытуцыю, радкі закона аб масавых мерапрыемствах і мясцовых сходах, нават зачытала клятву, якую даюць суддзі. Яна папрасіла суд кіравацца законам і Канстытуцыяй і зняць з яе абвінавачванне. Гэтую заяву дадалі ў матэрыялы справы.

Галіна Смірнова адказала на пытанне суддзі, ці абавязаны міліцыянты папярэджваць людзей. Яна нагадала, што такі абавязак у іх ёсць, і Наталля Шэгеда дарэмна не дала пракаментаваць гэты факт Сяргею Малішэўскаму.

Суддзя пацікавілася, як лічаць падсудныя, ці быў парушаны грамадскі парадак у той дзень. Сябры аргкамітэта зноў нагадалі, што канфлікт пачаўся пасля затрымання Віктара Бузінаева.

Недзе каля 12.00 Наталля Шэгеда агучыла рашэнне суда. Справа ў дачыненні да Галіны Смірновай прыпынена з-за няправільна складзеных дакументаў і накіроўваецца на дапрацоўку да начальніка УУС. Менавіта з гэтай мэтай, як аказалася, у залі прысутнічаў маёр Рудзько, які прапанаваў Смірновай адразу паехаць у УУС. На просьбу ўзяць з сабой прадстаўніка, прысутнага на судзе юрыста Барыса Бухеля, маёр міліцыі адказаў, што гэта не прадугледжана законам. Яго не пераканала і цытаванне адпаведнага артыкула з Канстытуцыі.

Канстанціну Локцеву Шэгеда прысудзіла трое сутак арышту, яго павезлі ў ІЧУ адразу з залі суда. Яна заявіла, што на актывіста сабрана дастаткова доказаў. А зладжанае ім і іншымі мерапрыемства не падыходзіць ні пад закон аб масавых мерапрыемствах, ні пад закон аб мясцовых сходах. Яна патлумачыла гэта тым, што быццам бы ў аргкамітэце “не было прадстаўнікоў рэгіёна, у якім праходзіла акцыя”. Наталля Шэгеда таксама заявіла, што сябрамі аргкамітэта былі груба парушаныя законы. Яна адзначыла, што не будзе ўлічваць тое, што Канстанцін Локцеў быў старшынём аргкамітэта, і карае яго як шараговага ўдзельніка.

–Вы атрымалі папярэджанне з пракуратуры і гарвыканкама, і праігнарвалі яго, гэта негатыўнае стаўленне да выконвання грамадскіх абавязкаў, - дадала суддзя.

Справа Галіны Смірновай была разгледжана ў  14.00.Суддзя прызнала жанчыну арганізатарам масавага мерапрыемства і пакарала адміністрацыйным арыштам на пяць сутак.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international