Гомельская зняволеная паскардзілася ў суд на ўмовы ўтрымання ў СІЗА

2011 2011-11-10T10:53:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 9 лістапада не задаволіў іск зняволенай жыхаркі Гомеля Галіны Працко, якая патрабавала спагнаць кампенсацыю за маральную і фізічную шкоду з гомельскага следчага ізалятара (СІЗА-3). У заяве ў суд яна сцвярджала, што падчас зняволення набыла некалькі хвароб, у прыватнасці, захворванне нервовай сістэмы, хваробу Рэйно, захворванні унутраных органаў, скуры, педыкулёз. Зняволеная даводзіла, што медычная дапамога ёй не аказвалася, і таму яна набыла столькі захворванняў.

27-гадовая жанчына больш за год знаходзілася у гомельскім СІЗА, бо столькі цягнулася следства па абвінавачванні яе ў здзяйсненні крымінальнага злачынства - гандлю людзьмі. Першапачаткова жанчыну пакаралі пазбаўленнем волі на 7 гадоў. Але ў выніку шматлікіх скаргаў абласны суд перакваліфікаваў абвінавачванне і змякчыў прысуд на пяць гадоў. Прычым артыкул «гандаль людзьмі» быў наогул ануляваны ў абвінавачванні. У рэшце жанчына пакарана 2 гадамі калоніі за ўцягванне ў занятак прастытуцыяй.

У сваёй заяве, у якой яна скардзілася на адміністрацыю і супрацоўнікаў СІЗА, жанчына адзначыла, што ёй прычынены фізічныя і маральныя пакуты, здароўю нанесена непапраўная шкода, наступствы якой яшчэ няясныя. Жанчына дадае, што не выключае і латальны зыход, калі дадзеныя хваробы не спыняць прагрэсію.

«Яна прасіла аб дапамозе гінеколага, паколькі у яе назіралася кровацячэнне і іншыя гінекалагічныя праблемы. Таксама ў дачкі былі праблемы з пазногцямі на нагах. Турэмныя лекары паставілі дыягназ «грыбок» і выпісалі лекі, але праблемы працягваліся. Пазней медыкі паставілі ўжо зусім іншы дыягназ. Скаргі ў пракуратуру і медсанчасць не давалі выніку. Адміністрацыя пастаянна праводзіла гутаркі аб недапушчальнасці падобных скаргаў», - распавёў бацька зняволенай Аляксандр Працко, які быў на судзе законным прадстаўніком жанчыны. Яна ў гэта час знаходзіцца ў калоніі.

У сувязі з тым, што СІЗА не аказвала належнай медыцынскай дапамогі, жанчына праз свайго бацьку патрабавала грашовую кампенсацыю маральнай і фізічнай шкоды ад адміністрацыі ў памеры 45 мільёнаў рублёў. Аднак суддзя Сяргей Шыцікаў кваліфікаваў дзеянні супрацоўнікаў і адміністрацыі СІЗА як законныя і не задаволіў скаргу. «Я не асабліва разлічваў на задавальненне нашай скаргі, бо не веру ў беларускае правасуддзе», - адзначыў Аляксандр Працко.

Тым не менш, бацька зняволенай намераны далей адстойваць правы сваёй дачкі. Ён падаў заяву ў Першамайскі суд Мінска на Белтэлерадыёкампанію. 19 жніўня ў адным з сюжэтаў канал паказаў здымкі з затрыманнем ягонай дачкі, на якіх быў добра відаць яе твар. На той час дачка не была прызнана вінаватай, таму тэлекампанія парушыла правы жанчыны.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства