Артак Кіракасян: У Беларусі заканадаўства само па сабе рэпрэсіўнае

2011 2011-11-09T23:44:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/fidhspravazdacha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зьлева направа: Артак Кіракасян, Кірыл Карацееў і Алесь Бяляцкі

Зьлева направа: Артак Кіракасян, Кірыл Карацееў і Алесь Бяляцкі

Як вядома, улады Беларусі палічылі непажаданым візіт прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Сухайр Белхасэн і яе прысутнасць на судовым працэсе Алеся Бяляцкага. Тым не менш, некаторыя прадстаўнікі гэтай арганізацыі ўсё ж змаглі ўбачыць і пачуць усё тое, што адбывалася на працягу трох дзён у зале судовых пасяджэнняў Маскоўскага райсуду. Генеральны сакратар FIDH і Кіраўнік Праўлення "Інстытута грамадзянскай супольнасці" Арменіі Артак Кіракасян, які ўважліва сачыў за ходам судовых слуханняў, падзяліўся сваімі ўражаннямі і здагадкамі адносна судовага працэсу над беларускім праваабаронцам, віцэ-прэзідэнтам FIDH Алесем Бяляцкім.

- Вашы ўражанні ад судовага працэсу?

Мы першапачаткова меркавалі, што гэта чысты працэс расправы над «Вясной» і асабіста над Алесем Бяляцкім і рэальна ніякай крымінальнай асновы няма. А судовыя слуханні толькі пацвердзілі гэта, і ў апошні дзень цалкам выразна прагучалі палітычныя аспекты справы: як усё было замоўлена. Былі прачытаныя дакументы, як КДБ ініцыяваў гэты крымінальны працэс, звязаны менавіта з дзейнасцю Праваабарончага цэнтра "Вясна". У другі дзень, калі выклікалі сьведкаў з боку абвінавачвання, усе пытанні таксама былі звязаныя менавіта з дзейнасцю ПЦ "Вясна": як функцыянуе цэнтр, як ягоныя сябры задзейнічаны ў гэтым, ці атрымліваюць яны ўзнагароджанне і г.д. І мне падаецца, што абвінаваўчы бок зусім нават не працаваў над тым, каб збіраць доказы, што тыя грошы, якія паступалі на меркаваныя рахункі Алеся Бяляцкага, - гэта менавіта той прыбытак, які абкладаецца падаходным падаткам. Ва ўсялякім выпадку, ніякіх доказаў або спроб даказаць гэта пад час працэсу не прагучала. І ўзнікла пачуццё, што наадварот Алесь Бяляцкі сам і ягоны адвакат павінны даказаць, што гэтыя сродкі не з'яўляюцца прыбыткам. То бок, гэта працэс чыста савецкага тыпу, калі ты павінен паказаць, што ты не вінаваты.

Цалкам незразумела, і пра гэта таксама казаў адвакат, якія сумы інкрымінуюцца, з якіх арганізацый яны паступалі і г.д. У гэтым ключы ніякага следства практычна не вялося, як мне здаецца. Яшчэ раз падкрэслю, што калі першапачаткова было відавочна, што гэта такі сфальсіфікаваны палітычны працэс, то на працягу  гэтых трох дзён мы проста ўбачылі наглядны таму доказ. Большая частка справы складалася са спробаў выявіць нават не законнасць, а спробаў доказу, з аднаго боку, што Алесь Бяляцкі ажыццяўляў праваабарончую дзейнасць, што ён атрымліваў грошы на праваабарончую дзейнасць (быў нават такі момант, калі пракурор наўпрост сказаў: разумею, што гэтыя грошы ішлі на праваабарончую дзейнасць"), а з другога боку, ішло абвінавачванне ва ўтойванні падатковага прыбытку, а сродкі, якія паступаюць на рахункі Алеся Бяляцкага, тлумачацца як яго асабісты прыбытак.
 

- Нешта падобнае магчыма ў Арменіі?

У Арменіі адна з самых актуальных праблем - верхавенства закона і верхавенства права, паколькі ёсць вельмі шмат законаў, якія не дзейнічаюць, зыходзячы з розных прычынаў. Часткова з-за таго, што законы не дасканалыя, і проста з-за таго, што ёсць пэўная палітычная культура савецкіх часоў, ёсць недасканаласць розных галін улады, прэзідэнт мае занадта шмат паўнамоцтваў і г.д. У Беларусі сітуацыя адрозніваецца тым, што тут заканадаўчая база сама па сабе абсалютна, на мой погляд, недэмакратычная. Ёсць вельмі шмат нормаў (і ў гэтым крымінальным працэсе мы ўсё гэта бачылі), якія наогул не адпавядаюць майму разуменню сучаснай дэмакратычнай дзяржавы.

І ўжо калі гаворка ідзе пра параўнанні, у Арменіі, напрыклад, для таго, каб атрымліваць гранты, іх не трэба нідзе рэгістраваць. Ты проста атрымліваеш сродкі на свой рахунак і здаешь справаздачу як юрыдычная асоба ў падатковай інспекцыі, што гэтыя грошы выдаткаваныя ў адпаведнасці з падатковым заканадаўствам краіны. Ніхто цябе не будзе пытацца, трацяцца ці яны ў інтарэсах Рэспублікі Арменія або ў інтарэсах нейкіх іншых краін. І гэта стварае зусім іншую сітуацыю першапачаткова. Для мяне было сюрпрызам, што проста следчы ці пракуратура могуць працягваць утрыманне пад вартай - у нас для гэтага абавязкова павінен быць суд. І каб такое рашэнне прымалася без удзелу бакоў - таксама. У нас сур'ёзная праблема ў тым, што разгляд часам адбываецца на закрытым пасяджэнні і спрэчкі ідуць не так нармальна. А ў вас проста паведамляецца, што тэрмін утрымання пад вартай працягнуты. Або як можа КДБ мець заканадаўчую ініцыятыву?! Мне гэта таксама вельмі дзіўна.

І я хачу адзначыць гэтыя пытанні, якія, па-мойму, вельмі важныя і гэтым вельмі рэзка адрозніваюцца ад сітуацыі ў Арменіі і ад многіх постсавецкіх краін тым, што ў Беларусі заканадаўства само па сабе рэпрэсіўнае. У Беларусі верхавенства права і верхавенства закона ідуць як бы ў розных напрамках. Верхавенства закона ў нас практычна азначае верхавенства права. У Беларусі верхавенства закона гэта рэальна дэ факта можа азначаць, што правы чалавека ўшчамляюцца ўжо пры заканатворчым працэсе.

- Які найбольш яскравы прыклад гэтага вы маглі б прывесці?

З пункту гледжання верхавенства закона - назіральныя місіі краін СНД і АБСЕ, калі ва ўсіх выпадках назіральнікі ад СНД пра вынікі выбараў кажуць, што яны адпавядалі заканадаўству Рэспублікі Беларусь. І гэтая сітуацыя досыць выразна кажа аб тым, што, можа быць, заканадаўства Беларусі па выбарах таксама досыць не дэмакратычнае. Мне гэтая гісторыя з выбарамі ў Беларусі таксама знаёмая, у 2006 годзе я быў міжнародным назіральнікам АБСЕ і памятаю, наколькі для нас было вялікім шокам, у якім заканадаўчым полі адбываецца ўвесь гэты выбарчы працэс.

У вас вельмі шмат такіх законаў, працэдур, нарматыўных актаў, якія выконваюцца, але самі па сабе яны носяць недэмакратычны характар. І калі паглядзець з гэтага пункту гледжання, то ліквідацыя "Вясны» цягне за сабой адсутнасць магчымасці атрымліваць нармальна фінансаванне і г.д. Заканадаўства нават дазваляе на судзе казаць супрацоўніку дэпартамента па гуманітарнай дапамозе упраўлення справамі прэзідэнта, што праваабарончая дзейнасць - гэта калі мітынгі, маніфестацыі, страйкі, і гэта забаронена. Такім чынам атрымліваецца, на жаль, што ў Беларусі ідуць па шляху, калі ўнутранае заканадаўства больш-менш выконваецца, але пры гэтым правы асобных людзей, правы цэлых груп парушаюцца самым жорсткім чынам. Узяць хоць бы гісторыю з майкамі ў будынку суда: незразумела, якім законам гэта рэгулюецца і чаму людзі не могуць надзець майку з надпісам «Свабоду Алесю Бяляцкаму!»?

- Ці ёсць у вас нейкія здагадкі адносна маючага адбыцца прысуду?

Па маім глыбокім перакананні, захаванне нейкіх фармальнасцяў яшчэ не азначае, што суд справядлівы, але ў гэтым канкрэтным выпадку нават з пункту гледжання беларускага заканадаўства адсутнічала досыць пераканаўчая доказная база. На раздрукоўках, прадстаўленых у судзе, як аказалася, няма ніякіх пячатак, якія пацвярджаюць сапраўднасць гэтых дакументаў. У сувязі з гэтым у мяне ўзнікае пытанне - хто будзе адказваць, калі, уявім сабе, у следства ёсць яшчэ памылкі (як, напрыклад, мы ўжо бачылі з рахункам Барыса Звоскова), альбо загадзя ілжывая інфармацыя, альбо нейкія недакладнасці, выпадковасці і г.д.?
На сённяшні дзень чалавека судзяць, зыходзячы з нейкіх раздруковак, за якія ніхто не можа быць адказным, таму што на іх няма ні подпісаў, ні пячатак, ні іншых нейкіх юрыдычных атрыбутаў, якія пацвярджалі б сапраўднасць дакументаў і тое, хто іх падаў - канкрэтны чалавек ці арганізацыя.

Так што калі глядзець на ўвесь працэс, то паколькі ён абсалютна заказны, цяжка уявіць, якое можа быць прынята рашэнне. Яно не прагназуемае, бо адсутнічае логіка, доказная база і г.д. Мне здавалася, што ў нейкі момант суддзя павінен быў сказаць: «Усё, спыняем працэс, таму што нічога няма». Гэтага не адбылося, і гэта выклікае асцярогу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international