viasna on patreon

Cуд па справе Алеся Бяляцкага працягнецца 16 лістапада... з новым абвінавачаньнем

2011 2011-11-09T23:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialacki_poster.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 

10 лістапада суддзя Першамайскага раёну Менску Сяргей Бандарэнка працягне разгляд крымінальнай справы кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага. Нагадваем, што судовы працэс праходзіць у будынку суду Маскоўскага раёну па адрасе: праспект газеты "Праўда", 27. Пачатак судовага паседжання а 10-ай гадзіне.

* * *

10-00. Па хадайніцтву адваката Бяляцкага ў суд былі запатрабаваныя дакументы з Памежнага камітэту аб мытным аглядзе праваабаронцы пры перасячэньні мяжы і дадатковыя  матэрыялы з падатковай інспекцыі. Гэтыя дакументы павінны быць сёньня разгледжаныя судом.

10-05. Суд пачаўся з агучваньня пракурорам ліста з падаткавай інспэкцыі Першамайскага раёну Менска і далучаных да яго копій падатковых дэкларацый Бяляцкага пра прыбыткі і маёмасьць, а таксама акты праверкі прыбыткаў і выдаткаў.

10-20. З-за прэцэндэнтных мер бяспекі на судзе па справе Алеся Бяляцкага праверка жадаючых патрапіць на суд, у тым ліку і на металадэтэктарах, зацягнулася. На працэс не змаглі патрапіць праваабаронцы і палітыкі, сярод якіх Вінцук Вячорка, Павел Левінаў з Віцебску, Зміцер Салаўёў, Валерый Кавалеўскі і іншыя. Яны звярнуліся да старшыні суду Маскоўскага раёна Менска са скаргаю на дзеяньні аховы, якая наўмысна зацягвае працэс праверкі грамадзян і дамагаюцца гарантаванага ім права патрапіць на адкрыты судовы працэс. Старшыня суду дазволіла ўсім прайсці ў судовую залу.

10-40. Судзьдзя паведаміў, што па даручэньні суду былі перакладзеныя матэрыялы справы, якія былі аформленыя на замежных мовах. Адвакат знайшоў памылкі ў перакладзе: "грамадзкія прыёмныя" "Вясны" пададзеныя як "грамадзкая прыёмная".
Перакладзеныя дакумэнты сьведчаць, што грошы ад міжнародных праваабарончых арганізацый на рахунак Бяляцкага пераводзіліся для арганізацыі працы грамадзкіх прыёмных "Вясны" па Беларусі, каб наладзіць назіраньне на выбарах. (Радыё Свабода).

10-50. Бяляцкі тлумачыць, што ў 2008-09 гадах кожнае ягонае перасячэньне мяжы фіксавалася мытняй. Тое што прадставіў Мытны камітэт — няпоўная інфармацыя: "Гэтыя дакумэнты ў мяне ёсьць дома, але жонка ня можа іх знайсьці. Выпусьціце мяне пад падпіску, я іх прынясу". (Радыё Свабода).

11-10. Пракурор кажа, што ўчора сьледзтва атрымала матэрыялы з сайту "Вясны": Праваабарончы цэнтар «Вясна» — няўрадавая праваабарончая арганізацыя, створаная ў красавіку 1996 году падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, якая пасьля арыштаў удзельнікаў дэманстрацыяў займалася дапамогай арыштаваным і іх сем’ям.
Пракурор зачытвае і пытаецца ці адпавядае гэта сапраўднасьці. Бяляцкі адказвае: "У агульных рысах так".

11-20. Пракурор запытаў у Бяляцкага, які від дзейнасці цэнтра "Вясна" не падпадае пад дэкрэт прэзідэнта, які прадугледжвае бесперашкоднае карыстанне фінансавай дапамогай з-за мяжы. "Мне складана сказаць", -- адказаў праваабаронца. Абвінавачанне таксама зацікавіла, якой была сума прэміі Сахарава, атрыманай Бяляцкім у 2006 годзе. Абвінавачаны адказаў, што атрымаў толькі грамату. (Еўрапейскай радыё).

Таксама пракурор агучыў заяву Міністэрства юстыцыі Літвы, дзе выказваецца шкадаванне аб перадачы Беларусі дадзеных аб рахунках Бяляцкага. Інфармацыю аб гэтым абвінавачанне атрымала з сайта "Вясны".

11-50. Адвакат хадайнічае, каб да справы далучылі копіі ліста Мін'юста Літвы і Мін'юсту Беларусі, у ім паведамляецца, што інфармацыя пра рух сродкаў на рахунках Бяляцкага і Стэфановіча зьяўляецца недаставернай. Гэты ліст завераны пячаткамі міністэрства і амбасады Літвы. Суд далучыў гэты дакумэнт да справы. (Радыё Свабода).

12-38 Пракурор заявіў хадайніцтва аб перапынку ў судовым працэсе да 16 лістапада. Да таго часу Алесю Бяляцкаму будзе выстаўлена новае абвінавачаньне, якое, са слоў пракурора, "будзе істотна адрозьніваццца ад папярэдняга".

* * *

Разгляд крымінальнай справы Алеся Бяляцкага пачаўся 2 лістапада. Судовыя слуханні праходзілі таксама 3-га і 4-га лістапада. Падчас даследвання пісьмовых матэрыялаў справы адвакат заявіў хадайніцтва пра далучэнне да справы дакументаў з мытнага камітэта аб дэкларацыях Алеся Бяляцкага падчас перасячэння ім мяжы. Пракурор паведаміў, што гэтыя дакументы паступяць у суд толькі ў чацвер. Суддзя абвесціў перапынак у працэсе да 10 лістапада.  

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) з 4 жніўня знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 Менска. Алесь Бяляцкі абвінавачваецца паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.   

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства