Сусветная журналісцкая супольнасць рэагуе на прыпыненне выхаду "БДГ" (паводле БАЖ)

2003 2003-06-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

30-га траўня ўплывовая міжнародная журналісцкая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" заклікала міністра інфармацыі Беларусі адмяніць загад аб прыпыненні на 3 месяцы выхаду выданняў "Белорусская деловая газета" і "БДГ. Для служебного пользования". "Гвалтоўнае прыпыненне "БДГ" - гэта новы.наступ на незалежную прэсу, які мае на мэце змусіць замаўчаць журналістаў, што крытыкуюць прэзідэнта Лукашэнку", - гаворыцца ў лісце генеральнага сакратара арганізацыі Рабера Mэнара на імя міністра інфармацыі Беларусі М. Падгайнага. "Гэты крок уступае ў супярэчнасць з законам, паколькі вы не чакалі судовага рашэння па гэтым пытанні", - дадае Р. Мэнар.

У гэтым кантэксце "Рэпарцёры без межаў" прыгадваюць гісторыю прыпынення газеты "Провинциалка", адмову ўладаў узгадніць юрыдычны адрас выдання "Вольны Горад", пазбаўленне прадпрымальніцкай ліцэнзіі Р. Улана - выдаўца "Новой газеты Сморгони", скасаванне рэгістрацыі "Местного времени". "Рэпарцёры" нагадваюць, што з траіх журналістаў - М. Маркевіча, П. Мажэйкі і В. Івашкевіча - дагэтуль не знятыя абвінавачанні па артыкулах Крымінальнага кодэксу, а галоўны рэдактар "Рабочага" па-ранейшаму ўтрымліваецца ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
30-га траўня на прыпыненне "БДГ" адрэагаваў Камітэт абароны журналістаў (СРJ) з Нью-Ёрку. "Закрыццё "БДГ" - гэта выразнае імкненне прымусіць замаўчаць газету ў якасці кары за яе незалежную рэпарцёрскую працу, - заявіла выканаўчы дырэктар CPJ Эн Купер. - Мы заклікаем кіраўніцтва Беларусі спыніць свой палітычна матываваны наступ на прэсу і тэрмінова дазволіць газеце аднавіць свой выхад".
29-га траўня на распаўсюджаную БАЖ інфармацыю пра прыпыненне "БДГ" і "БДГ. Для служебного пользования" адгукнуўся Інстытут масавай інфармацыі з Украіны (ІМІ). "Мы з сумам канстатуем праявы цэнзуры з боку беларускай улады дачынна нашых калегаў і, адначасова з гэтым, заяўляем, што беларускія журналісты могуць разлічваць на нашую дапамогу і падтрымку. Мы заклікаем украінскія праваабарончыя арганізацыі салідарызавацца з беларускімі журналістамі", - гаворыцца ў заяве Інстытута масавай інфармацыі.
Адной з першых на заклік ІМІ адгукнулася Луганская праваабарончая жаночая арганізацыя "Чайка". "Мы пратэстуем супраць наступу на свабоду слова ў Беларусі. Прэзідэнт Лукашэнка і яго атачэнне даўно сталі ганьбай у вачох і суседніх краін, і астатняй сусветнай супольнасці. Мы спадзяемся, што ў беларускага народа хопіць сіл адстаяць сваю свабоду і сваю свабодную прэсу. Мы салідарныя з калектывамі газет "Белорусская деловая газета", "БДГ. Для служебного пользования", "Народная воля", "Вечерний Столин","Навінкі" у іх імкненні даваць народу праўдзівую інфармацыю і садзейнічаць развіццю дэмакратыі ў краіне", - гаворыцца ў заяве "Чайкі".
БАЖ выказвае шчырую падзяку ўсім, хто не лічыць закрыццё і прыпыненне недзяржаўных беларускіх газет "толькі беларускай" альбо "толькі журналісцкай" праблемай. Толькі супольныя дзеянні могуць рэальна паўплываць на сітуацыю ў краінах, дзе журналістам адмяўляюць у іх праве на прафесію, а шараговым грамадзянам - у праве на атрыманне інфармацыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international