viasna on patreon

У рэгіёнах дэмакратычныя сілы прэзэнтуюць праграму рэфармаваньня судова-прававой сістэмы

2006 2006-06-28T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кампанія скіраваная на шырокае інфармаваньне судзьдзяў пра зьмены ў сферы права, якіх дамагаецца беларуская апазыцыя.
Праводзіць кампанію Нацыянальны камітэт абяднаных дэмакратычных сілаў. Яго эксперты падрыхтавалі адмысловую брашуру "Судова-прававая рэформа. Беларусь: погляд у будучыню". Як паведаміў Радыё Свабода старшыня Камітэту Анатоль Лябедзька, са зьместам выданьня вырашана азнаёміць, у прыватнасьці, цяперашніх судзьдзяў: "На першым этапе, калі яшчэ не было розгаласу і калі гэтая праца праводзілася ў закрытым фармаце, то не было абсалютна ніякіх праблем і перашкодаў. Нашы людзі прыходзілі ў суд і тым, хто там працуе, перадавалі гэтыя брашуры, і была вялікая цікавасьць. Такой цікавасьці ня можа ня быць. Таму што там прапанавана альтэрнатыўнае бачаньне, якой павінна быць судовая сыстэма. Потым, відаць, пайшоў нейкі цыркуляр, нейкая ўказіўка ў суды і ў шэрагу месцаў у нас узьніклі праблемы".
Так, у Берасьці, паводле зьвестак Нацыянальнага камітэту, за распаўсюд брашуры быў затрыманы старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Абяднанай грамадзянскай партыі Сьцяпан Навасяльчан. У Клецку меў праблемы мясцовы актывіст дэмакратычнага руху Сяргей Панамароў: "Я раздаў брашуру пайменна ўсім нашым судзьдзям. Пракурору занёс асабіста. Усім патлумачыў, што так як я прайшоў восем судоў за восень і зіму, то маю права прапанаваць працу Нацыянальнага камітэту: ці патрэбна судовая рэфрма? На наступны дзень пачаліся тэлефанаваньні да мяне намесьніка начальніка Клецкага РАУС".

Што думаюць пра брашуру Нацыянальнага камітэту ў Міністэрстве юстыцыі, якому падпарадкавана судовая сістэма? Ці знаёмыя тут з фактамі супрацьдзеяньня распаўсюду праграмнага дакумента апазіцыі ў судова-прававой сфэры? З такімі пытаньнямі карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да афіцыйнай прадстаўніцы Мінюсту Тацяны Бондар: "Па гэтым пытаньні я не маю ніякай інфармацыі: дзе і што было ці не. Таму не магу нічога сказаць на гэты конт".

Між тым, паводле Нацыянальнага камітэту, брашуру атрымалі шмат судзьдзяў. Напрыклад, на Гарадзеншчыне, дзе дзейнасьць судоў выклікае асаблівую занепакоенасьць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Як вядома, менавіта тут за палітычную дзейнасьць прадстаўнікі Фэміды накіравалі ў свой час за краты журналістаў Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку, прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскага і Аляксандра Васільева. Вось што паведаміў пра кампанію ў гэтым рэгіёне старшыня абласной арганізацыі Абяднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін: "Судовая ўлада павінна быць незалежнай. Гэта па-першае. Па-другое, патрэбна рэфармаваньне крымінальнага заканадаўства, таму што крымінальныя справы робяцца ад імя дзяржавы".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства