Ілля Міронаў: “Арышт толькі дадаў мне моцы”

2011 2011-11-08T14:19:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/turma1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Беларуская турма

Беларуская турма

Грамадскі актывіст Ілля Міронаў 5 лістапада вызваліўся з гомельскага ізалятара часовага ўтрымання пасля 10-сутачнага арышту. Маладога чалавека затрымалі нібыта за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства, і суд пакараў яго арыштам. «На самой справе пры затрыманні міліцыяй у мяне не было ніякіх улётак, я толькі выйшаў з сябрам з працы, і на прыпынку грамадскага транспарту мяне схапілі трое супрацоўнікаў ППСМ. На прыпынку нікога, акрамя нас, не было, тым не менш, на судзе ўсплылі паказанні нейкай дзяўчыны, якая сцвярджала, што я распаўсюджваў улёткі», - патлумачыў Ілля.

Арышт, а гэта было першае зняволенне за час яго грамадскай дзейнасці, малады чалавек лічыць лагічным, калі можна ўжыць такое слова, працягам ранейшых затрыманняў, ціску і папярэджанняў. «Я займаўся арганізацыяй фестываляў і канцэртаў, і яшчэ раней да мяне наведваліся супрацоўнікі КДБ, якія, па іх словах, адказваюць за нефармальныя маладзёвыя групоўкі. Потым візіты чэкістаў узнавіліся, калі я пачаў актыўна ўдзельнічаць у акцыях маўклівага пратэсту», - распавядае актывіст.

Па яго словах, сустрэчы з супрацоўнікамі спецслужбы праходзілі на вуліцы, і праходзілі спачатку без ціску і пагроз. Але потым, калі сябры Іллі з суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» адбывалі пакаранне ў ІЧУ, малады чалавек вырашыў арганізаваць акцыю салідарнасці, сабраць сродкі для перадач і падтрымаць паплечнікаў. «І тут зноў да мяне прыйшлі чэкісты, і кажуць, што тое, чым я займаюся, называецца «дэстабілізацыяй абстаноўкі», і падпадае пад адказнасць. Яны прапанавалі, па іх жа словах, тры шляхі для мяне: ці я наогул кідаю гэтую дзейнасць, ці працягваю, але маю пры гэтым праблемы і пераслед, ці дзейнічаю, як і раней, але ўсю інфармацыю перадаю ў КДБ. Я адмовіўся, бо сябрам здраджваць нельга – так мяне вучылі з дзяцінства, і відаць, моцна раззлаваў іх. Яны па развітанне паабяцалі, што я буду мець праблемы», - перадаў змест размоў Ілля.

І сапраўды праблемы ў яго пачаліся. Спачатку да маці прыйшлі міліцыянеры, якія патрабавалі «паўплываць на сына», каб ён не ўдзельнічаў у акцыях, нават казалі, каб маці схавала вопратку і чаравікі Іллі. А назаўтра пасля прафілактычнай гутаркі актывіста і схапілі на прыпынку. «Я ужо столькі засвяціўся на розных акцыях, столькі разоў здымалі мяне «невядомыя відэааператары, што можна было фільм зрабіць», - жартуе малады чалавек.

Падчас «сутак» Ілля першым на сябе спазнаў новыя парадкі на ІЧУ ў адносінах да «палітычных». Зараз затрыманых на акцыях ці за распаўсюджванне улётак змяшчаюць у адзіночныя камеры. «Мне патлумачыў начальнік ізалятару, што зараз такіх, як я, загадана садзіць у адзіночкі. Таксама аднаго выводзяць і на шпацыр. Асаблівае стаўленне да нас і ў тым, што не дазваляюць тэлефанаваць, хоць такая норма ёсць у кодэксе. У мяне адна маці, і я пяць разоў прасіў праз пісьмовыя заявы даць магчымасць патэлефанаваць ёй, але атрымаў адмову», - дадае суразмоўца.

І нават выйсці з ІЧУ зараз нельга без міліцэйскіх фокусаў. Напрыклад, Ілля каля ізалятара 5 лістапада чакалі сябры, але міліцыянеры завезлі яго да стадыёна «Прамень» і там адпусцілі, папярэдне разрадзіўшы мабільны тэлефон. На развітанне актывісту яшчэ і ўручылі паперку, што ён папярэджаны пра тое, што нельга распаўсюджваць улёткі.

«Атрымаў суткі першы раз, у прынцыпе пачуваўся нармальна, чытаў цікавыя кнігі, было шмат часу, каб пабыць аднаму, паразважаць, на што ў жыцці не заўсёды хапае часу – праца, дом. Думаю, што мэта майго арышту была – напалохаць іншых людзей, тых, хто можа задумваўся пра ўдзел у акцыях, ці збіраўся на іх ісці. Каб людзі сядзелі дома і баяліся», - лічыць Ілля Міронаў. Ён дадаў, што нават думак не ўзнікае, каб кінуць грамадскую дзейнасць. «Наадварот – гэты арышт толькі дадаў мне моцы і жадання працаваць, але працаваць больш эфектыўна», - зазначыў суразмоўца.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international