Суддзя прызнала, што сведка па «дробнаму хуліганству» валодае талентам тэлепартацыі

2011 2011-11-07T10:59:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/femida.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст Ігар Случак атрымаў адказ ад старшыні Гомельскага абласнога суду Людмілы Міхальковай на сваю скаргу. Малады чалавек звяртаў у скарзе увагу, што яго прызналі правапарушальнікам на падставе паказанняў сведкі, які, згодна дакументаў, знаходзіўся ў час здзяйснення правапарушэння на сваім працоўным месцы за некалькі кіламетраў ад месца здарэння. Разам з тым, старшыня абласнога суду не звярнула ўвагу на такі факт, тым самым фактычна прызнаўшы, што сведка валодае талентам тэлепартацыі.

Нагадаем, у жніўні ў Гомелі судзілі за «дробнае хуліганства» Ігара Случака. Малады чалавек атрымаў трое сутак арышту. Сведкам яго супрацьпраўных паводзінаў выступаў на судзе нейкі жыхар Гомеля Сяргей Замай, які неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і «у дастатковай колькасці», па яго ж словах на судзе, ужывае алкаголь. Гэты чалавек сцвярджаў, што каля 16.00 Ігар Случак штурхнуў яго ў плячо ў раёне вуліцы Студэнцкі праезд, а потым яшчэ і брудна аблаяў. Нягледзячы на асобу сведкі, суд поўнасцю стаў на яго бок, і прызнаў, што актывіст здзейсніў правапарушэнне. Абскарджанне ў абласным судзе не прынесла плёну: рашэнне раённага суда засталося ў сіле.

І вось тады прыйшлося Ігару Случаку самому шукаць афіцыйныя прычыны недаверу да паказанняў сведкі, калі суд не прымае пад увагу тое, што дадзены сведка, мякка кажучы, чалавек ненадзейны.

Актывіст накіраваў запыт на месца працы сведкі Сяргея Замая, у лакаматыўнае дэпо, дзе пытаўся: дзе знаходзіўся іх працаўнік у дадзены перыяд часу, калі было нібыта здзейснена  правапарушэнне? Намеснік начальніка прадпрыемства адказаў, што 26 жніўня ў перыяд з 15.30 да 16.30 Сяргей Замай знаходзіўся на працоўным месцы, у лакаматыўным дэпо па адрасе Гаспадарчая алея, 1. Але, калі верыць міліцэйскаму пратаколу, то ў 16.00 дадзены грамадзянін знаходзіўся ў іншай частцы Гомеля, а менавіта на Студэнцкім праездзе, адлегласць да якога ад лакаматыўнага дэпо – не менш за пяць кіламетраў. Выходзіць, калі афіцыйныя органы – як кіраўніцтва лакаматыўнага дэпо, так і міліцыя, кажуць праўду, то дадзены сведка валодае талентам тэлепартацыі, то бок можа перамяшчацца з аднаго месца ў іншае імгненна, не існуючы ў прамежкавых кропках паміж імі, перамяшчацца праз прастору.

Вось і старшыня абласнога суду прызнала, што дадзены факт мае месца. «Доказы па справе узгоднены паміж сабой у сукупнасці, іншымі аб'ектыўнымі абставінамі па справе не аспрэчаны, няма падстаў падвяргаць сумненню адзнаку, дадзеную судом доказамі па справе», - напісала ў адказе старшыня суда. Таксама яна сцвярджае, што няма доказаў таго, што сведка абылгаў Ігара Случака.

«Адказ з лакаматыўнага дэпо наконт таго, што сведка быў на працы ў час здзяйснення правапарушэння, я прыклаў да скаргі, дадзены запыт быў падшыты да дадаткаў да скаргі. Аб тым, што суддзя мела магчымасць азнаёміцца з дадзеным дакументам сведчыць той факт, што разам з адказам з суду мне былі высланыя яшчэ 12 дадаткаў дакументаў, сярод якіх і дадзены ліст з лакаматыўнага дэпо. Разам з тым суддзя ніводнага разу не спасылалася на дадзеныя абставіны ў сваім лісце, толькі канстатавала, што «доказы па справе ўзгодненыя паміж сабой у сукупнасці». Гэта гаворыць пра фармалізм, далёкі ад ідэалаў правасуддзя ў тым разуменні, у якім яно прымаецца ў цывілізаваным свеце», - пракаментаваў адказ Ігар Случак.

Ён усе-такі спадзяецца, што яго скаргу разгледзіць Вярхоўны суд, і што ў вышэйшай інстанцыі ёсць юрысты, а не толькі людзі з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international