26 чэрвеня ў сьвеце адзначаўся Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў

2006 2006-06-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Генеральны сакратар ААН Кофі Анан заклікаў успомніць у гэты дзень усіх тых, хто зазнаў страшныя катаваньні, і зноў заявіць аб недапушчальнасьці катаваньняў.
26 чэрвеня як Дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў быў устаноўлены Генэральнай Асамблеяй ААН. Менавіта 26 чэрвеня ў 1987 годзе ўвайшла ў дзеяньне Канвэнцыя супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных і зьневажальных для годнасьці чалавека відаў абыходжаньня і пакараньня. Згодна з гэтай канвэнцыяй, “катаваньне азначае ўсякае дзеяньне, якім нейкай асобе наўмысна прычыняюцца моцны боль або пакуты, фізычныя ці маральныя, каб атрымаць ад яе або ад трэцяй асобы зьвесткі ці прызнаньні, пакараць яе за дзеяньне, якое ўчыніла яна або трэцяя асоба або ва ўчыненьні якога яна падазраецца... калі такія боль або пакуты прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобаю або іншай асобаю, што выступае ў афіцыйнай якасьці...”

У гэты дзень больш як у 100 краінах сьвету праходзяць рознага роду акцыі пратэсту супраць практыкі ўжываньня катаваньняў і жорсткіх пакараньняў пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя і забесьпячэньні правапарадку.

Беларусь пастаянна фігуруе у сьпісе краінаў, дзе ўжываюцца катаваньні. Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускія турмы перанаселеныя. Асуджаныя маюць кепскае харчаваньне. Узімку ў турмах пакутуюць ад холаду. У спэцкамэндатурах, куды накіроўваюць людзей адбываць пакараньне на так званай "хіміі", не хапае месцаў. Людзі ня могуць уладкавацца на працу, каб мець грошы на харчаваньне і неабходныя рэчы.
Пракуратура час ад часу распачынае крымінальныя справы супраць міліцыянтаў, якія “выбіваюць” паказаньні ў падсьледных, але гэта не паляпшае статыстыкі зваротаў са скаргамі на зьбіцьцё.
Абраза гонару і годнасьці, зьдзекі з людзей у часе сьледзтва таксама кваліфікуюцца як катаваньні. Тысячы людзей, якія адбылі пакараньне за ўдзел у вулічных акцыях падчас выбараў, былі абураныя ўмовамі ўтрыманьня. Палітычных вязьняў, якія адбываюць пакараньне на “хіміі”, цягам выбарчай кампаніі па сутнасьці трымалі ва ўмовах ізаляцыі.
Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне ў Баранавічах распавёў Радыё Свабодзе: "У рэжыме пазбаўленьня волі ёсьць шпацыр, кормяць… Я адседзеў у пакоі без выхаду. Насупраць сядзелі афіцэры міліцыі, якія глядзелі на мяне паўтары месяцы. Для іх гэта, магчыма, таксама было катаваньнем, але яны за гэта атрымліваюць грошы. Яны мяняліся праз 12 гадзінаў, а я паўтары месяцы не мяняўся. Гэта таксама можна ў некаторай ступені назваць катаваньнем, бо вы ўявіце сабе, што папросту ня можаце выйсьці з пакою, які маленькі і нават няма месца, дзе хадзіць".

Камісія прадухіленьня катаваньняў ААН неаднаразова зьвяртала ўвагу беларускіх уладаў на тое, што ў краіне дагэтуль не адмененае сьмяротнае пакараньне. Сваякі забітых ня ведаюць, якім чынам зьдзяйсьняюць прысуд і дзе пахаваныя целы забітых. Апроч таго, сотні людзей накіравалі скаргі ў камітэт ААН пра зьбіцьцё і катаваньні затрыманых у часе разгону мірных апазыцыйных акцыяў.
Літаральна тры месяцы таму МЗС Украіны накіроўваў ноту пратэсту беларускім уладам з той нагоды, што спэцназаўцы зьдзекаваліся з грамадзянаў Украіны — плявалі ім у твары і запіхвалі ў рот украінскія сьцягі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international