Другі дзень працэсу над Алесем Бяляцкім

2011 2011-11-03T23:13:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-syd2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі на судзе. Фота Еўрарадыё

Алесь Бяляцкі на судзе. Фота Еўрарадыё

У Першамайскім судзе Мінску працягваецца судовы працэс у крымінальнай справе старшыні  Праваабарончага цэнтру «Вясна» віцэ-прэзідэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. У першы дзень пракурор зачытаў абвінавачваньне. Суд пачаў дапытваць Бяляцкага. Сёньня чакаецца допыт сьведак па справе, якіх выклікалі на суд позвамі. Гэта – знаёмыя і родныя Алеся Бяляцкага, калегі па праваабарончай дзейнасьці.

Судзьдзя — Сяргей Бандарэнка. Пракурор — Сайкоўскі. Адвакат — Зьміцер Лаеўскі.

Міжнародная назіральная місія падрыхтавала і распаўсюдзіла Кароткі аналітычны агляд першага дня судовага паседжання.

* * *

Адвакат просіць далучыць да справы статут «Вясны». Суддзя задаволіў хадайніцтва. Абаронца падрыхтаваў выбарку з сайтаў арганізацый, якія ўзгадваюцца ў банкаўскіх раздрукоўках — гэта інфармацыя пра іх дзейнасць. У перакладзе на расійскую мову. Суддзя далучыў іх да справы. Адвакат прынёс у суд кнігу на шведскай мове. У ёй надрукавана эсэ Бяляцкага, ганарар за якое пералічваўся на рахунак Бяляцкага і фігуруе ў банкаўскіх раздрукоўках. Адвакат хадайнічае аб далучэнні да справы кнігі «Будуйце масты…» (2010, Вільня), укладальнікам якой з’яўляецца і Праваабарончы цэнтр «Вясна», і «Кіраўніцтва па арганізацыі школ па правах чалавека» (Осла 2008, Мінск 2009). Бяляцкі ўчора тлумачыў, што грошы атрымліваў у тым ліку і на выданне кніг. І гэтыя выданні — плён працы «Вясны». Суддзя задаволіў хадайніцтва. (Наша ніва).

* * *

Пачынаецца допыт сведак з боку абвінавачваньня. Першы дае паказаньні Леанід Чаўко, намеснік дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці ўпраўлення справамі прэзідэнта.

Наступная сьведка – Анжаліка Собалева, супрацоўніца падаткавай інспэкцыі Першамайскага раёну Менску. Собалева кажа, што ёй знаёмы Бяляцкі як плацельшчык падаткаў ад 2008 году. Собалева не знаёмая з паказаннямі іншых сведкаў на папярэднім следстве. Адвакат пытаецца, тады чаму яе адказы ідэнтычныя (слова ў слова) з паказаннямі яе начальніка. Адвакат звяртае ўвагу, што ў абодвух паказаннях нават аднолькавыя граматычныя памылкі. Жанчына кажа, што не ўсе графы ў дакументах браліся пад увагу пры праверцы. Выключна -- сумы паступлення, якія палічылі як прыбытак.

Бяляцкі пытаецца пра запісы на замежных мовах у графах, ці можа жанчына нешта патлумачыць. Яна кажа, што бачыць адкуль прыйшлі грошы. Але не можа правільна прачытаць. Мяркуе толькі, што гэта назвы банкаў.

Наступны сьведка — Натальля Пашкоўская, кіраўніца ўправы інспэкцыі сыстэмы SWIFT для міжнародных разлікаў Нацбанку Беларусі. Пашкоўская паглядзела на прысланыя зь Літвы і Польшчы банкаўскія раздрукоўкі. Паводле яе словаў, гэтыя выпіскі па форме не адпавядаюць міжнароным стандартам, а толькі стандартам канкрэтнага банку. Яна не змагла прызнаць, каму пераводзіліся грошы. "Дакладных паказаньняў даць не магу, я магу камэнтаваць сьвіфт-паведамленьні".

* * *

Дапыталі Тамару Шамкуць, намесьніцу начальніка падаткавай інспекцыі. Яна патлумачыла, што выносіла рашэньні па актах праверкі даходаў Бяляцкага і на судзе засьведчыла, што ўсе прыбыткі атрыманыя з-за мяжы, абкладаюцца падаткамі, калі няма дакумэнтаў пра ільготы. Калі грошы атрыманыя не для сябе, то плацельшчык павінен прадставіць адпаведныя дакумэнты, дамовы, даручэньні.

* * *

Пасьля перапынку з будынку суда міліцыянты вывелі Міколу Дземідзенку.  Нібыта за шэўрон на куртцы з Пагоняю. Забралі пашпарт. Прыехала за ім белае «Жыгулі». Пра гэта паведамляе Наста Палажанка.

* * *

Наступны сведка — праваабаронца Барыс Звоскаў. У Звоскава цікавяцца, ці мае ён рахункі за мяжой. Кажа, што на дадзены момант не мае. Не памятае, каб Бяляцкі пераводзіў яму нейкі грошы. Звоскаў сам падказаў, калі адбываўся ягоны допыт. Паказваюць, што на імя Звоскава быў перавод на суму 8 тысяч еўра. Звоскаў адмаўляе факт перадачы яму грошай, лічыць такія звесткі непраўдзівымі і сфабрыкаванымі.

Наступны сьведка — Андрэй Палуда з Бялынічаў. Ён знаёмы зь Бяляцкім, дае паказаньні па-беларуску. На большасьць пытаньняў адказвае: "Згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі я маю права не сьведчыць супраць сябе". Але прызнаў, што атрымліваў грошы ад Бяляцкага на праваабарончую дзейнасьць. Рабіў перад Бяляцкім справаздачу. Кажа, што гэта не былі прыбыткамі ні ягонымі, ні Бяляцкага. На большасць пытання Палуда адказвае: «Згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі РБ я маю права не сведчыць супраць сябе і сваякоў».(Наша ніва).

Праваабаронца Тацьцяна Равяка ведае Бяляцкага 20 гадоў, працавала зь ім у музэі Багдановіча, мае зь ім сяброўскія адносіны, разам працавалі таксама ў правабарончым цэнтры "Вясна". Яна засьведчыла, што ў «Вясьне» грошай не атрымлівала, але атрымлівала асабіста ад Бяляцкага грошы "на праваабарончую дзейнасьць". Сумы назваць адмовілася. Пра замежныя банкаўскія рахункі сьведка гаварыць таксама адмовілася.
Пракурор паказвае банкаўскую раздрукоўку з прозьвішчам Равякі. "Тут напісана не так як у мяне ў пашпарце. Можа гэта іншая асоба?" — робіць дапушчэньне Тацьцяна.

Пачаўся допыт Віктара Сазонава з Гродна. Праваабаронца таксама спасылаецца на артыкул 27 Канстытуцыі РБ, які дазваляе не сьведчыць супраць сябе. «Узнагарод за працу ў „Вясне“ я не атрымліваў, атрымліваў грошы на праваабарончую дзейнасьць. Ніякіх прыбыткаў ні я, ні Бяляцкі з гэтых грошай не мелі», — сьведчыць Сазонаў.

Выступіў сьведка Аляксей Колчын, прадпрымальнік з Магілёву. Ён зьяўляецца сябрам Магілёўскага праваабарончага цэнтру. Пра замежныя рахункі і перавод яму грошай, паездкі за мяжу зь Бяляцкім гаварыць адмовіўся. Пракурор дэманструе ксэракопіі распісак аб атрыманьні сродкаў, падпсіаныя Колчыным. Колчын адмовіўся нешта тлумачыць, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі. Адвакат Бяляцкага заявіў пратэст з нагоды таго, што невядома якім чынам здабытыя гэтыя копіі распісак.

Наступная сьведка — жонка Бяляцкага Натальля. Яна адмовілася даваць паказаньні па справе, паколькі на лаве падсудных знаходзіцца яе муж.

Выклікалі ў якасьці сведкі Алену Лапцёнак. Спачатку яе не прапускалі ў залю праз тое, што на ёй была майка «Свабоду Бяляцкаму». Яна знаёмая з Бяляцкім ад 1987 года. «Так, мы разам займаемся праваабарончай дзейнасцю», — паведаміла Алена. Напрыканцы сведчанняў спадарыня Лапцёнак зняла швэдар, пад якім была майка з надпісам «Свабоду Бяляцкаму» і прамовіла: "Бяляцкага на волю!". Такі перформанс сустрэлі апладысментамі.

* * *

Суддзя вырашыў пакуль адкласці разгляд дакументаў, запрошаных абаронай з Памежнага камітэта (актаў надгляду Бяляцкага і мытных дэкларацый), а таксама з падатковай інспекцыі. Яны будуць разгледжаныя, калі пракурор атрымае іх. Працэс працягваецца. Допыт сведкаў скончаны і абвінавачанне зараз агучвае пісьмовыя матэрыялы справы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international