viasna on patreon

Ці можа тэхнічная памылка быць абразай гонару чыноўніка, вырашалася 22 чэрвеня ў Савецкім судзе. Па выніках “Комсомольская правда” павінна сплаціціь 60 мільёнаў рублёў старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі

2006 2006-06-23T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 траўня “Комсомольская правда в Белоруссии” ў рубрыцы “Цытата тыдня” надрукавала фрагмэнт інтэрвію Мікалая Шпілеўскага, спартовага агента футбаліста Аляксандра Глеба. У пасьпеху падчас начной вёрсткі ў рэдакцыі знайшлі фатаздымак Шпілеўскага, але іншага. І ў газэце над цытатай агента футбаліста Глеба Мікалая Шпілеўскага памылкова надрукавалі фота старшыні мытнага камітэту Аляксандра Шпілеўскага.
Раніцай, убачыўшы памылку, рэдактар “Камсамолкі” Юлія Слуцкая стэлефанавалася з мытным камітэтам, сказала, што газэта гатовая прынесьці прабачэньні, папрасіла аб асабістай сустрэчы са спадаром Шпілеўскім, і дамовілася з ім на публікацыю прабачэньняў у наступнай “талстушцы”, якая выходзіць пашыраным накладам. Рэдактар узгадніла тэкст, запыталася, ці трэба ставіць фота, і палічыла, што інцыдэнт вычарпаны. А праз два тыдні газэта атрымала пазоў на 40 мільёнаў.

Інтарэсы Аляксандра Шпілеўскага ў судзе абараняў адвакат Вячаслаў Ралько, які пракаментаваў судовае рашэньне Радыё Свабодзе: "У дадзеным выпадку суд знайшоў падставы, каб прызнаць, што гэтыя зьвесткі не адпавядаюць сапраўднасьці і ганьбяць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю Шпілеўскага Аляксандра Францавіча”.

Юрыст закрытага акцыянэрнага таварыства “БелКП-ПРЭС” Людміла Марцінчык кажа, што асноўны аргумэнт спадара Ралька – цытата з фота Шпілеўскага – зьявілася ў газэце 4 траўня, а 5 траўня Лукашэнка павінен быў праводзіць важныя службовыя прызначэньні, у тым ліку і падаўжаць паўнамоцтвы Аляксандра Шпілеўскага: “І вось быццам бы Аляксандар Шпілеўскі цэлы дзень 4 траўня хваляваўся, што нібыта адкрыўся такі факт, што як быццам ён займаецца камэрцыйнай дзейнасьцю, зьяўляецца агентам нейкага футбаліста, а гэта супярэчыць патрабаваньням Закону аб дзяржаўнай службе. І гэта нанесла каласальную маральную шкоду”.

Такім чынам, “Камсамолка” павінна выплаціць старшыню мытнага камітэту Аляксандру Шпілеўскаму 60 мільёнаў рублёў. Паводле словаў адваката Шпілеўскага Вячаслава Ралька, сродкі будуць накіраваныя ў Смаргонскі дзіцячы дом.
“Комсомольская правда в Белоруссии” будзе абскарджваць рашэньне суду Савецкага раёну.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства