viasna on patreon

Абарона ліцэю: другі дзень змаганьня Новапрызначаная "дырэктрыса" ігнаруе бацькоў і запрашэньні на сход, спасылаючыся на важныя сустрэчы, а бацькі, навучэнцы й адміністрацыя надзвычай актыўна выступаюць супраць зьменаў.

2003 2003-05-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

----------------
Нагадаем, што Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй Якуба Коласа фактычна падпаў пад "ідэалягічную перабудову", апынуўшыся перашкодным каменьчыкам. Намесьнік міністра адукацыі К. Фарына падпісаў загад аб прызначэньні ў ліцэй новага, невядомага нікому дырэктара - сп-ні Тамары Шчарбачэвіч. Такім чынам У. Колас - адзін з заснавальнікаў ліцэю - быў упершыню пазбаўлены сваёй пасады кіраўніка.
28 траўня адбыўся бацькоўскі сход, на якім былі абмеркаваныя й узгодненыя далейшыя дзеяньні, быў зацьверджаны зварот да "дырэктаркі", якая на запрашэньне прыйсьці на сход не адгукнулася. Зраніцы 29 траўня працоўная група па аброне ліцэю спрабавала паразмаўляць з сп-няй Шчарбачэвіч, высьветліць прычыны ейнага прызначэньня на гэтую пасаду і незьяўленьня на бацькоўскі сход. Спадарыня заявіла, што, падпісваючы кантракт, яна ня ведала пра ліцэй і "што гэта такое", таму была зьдзіўленая такому непрыязнаму стаўленьню да яе. Нягледзячы на ўсё гэта, Тамара Шчарбачэвіч сыходзіць не зьбіраецца, а плянуе працаваць паводле дамовы. Паразмаўляць зь ёю доўга не ўдалося: у яе быццам бы "была сустрэча ў міністэрстве".
Так Т. Шчарбачэвіч нікуды й не сышла, а толькі дэмастратыўна зачынілася ў бухгальтэрыі. Яна адмовілася й адказаць на пытаньні ліцэістаў на агульным сходзе. Навучэнцы, абражаныя такім нахабствам, адзінагалосна зацьвердзілі сваё стаўленьне да прызначэньня патрабаваньнем сысьці сп-ні Шчарбачэвіч у адстаўку. Ліцэісты падрыхтавалі і зварот да яе, у якім запатрабвалі вяртаньня законнага месца дырэктара Уладзіміру Коласу.
Ліцэісты ад самага пачатку былі ўзрушаныя зьменамі. У першы ж дзень па ліцэі зьявіліся плякаты: "Нам ня трэба зьменаў", "Ліцэй Я. Коласа - Коласу", "Пакіньце нас у спакоі!", - якім сп-ня Шчарбачэвіч была вельмі зьдзіўленая. На наступны дзень на сьценах ліцэю зьявілася яшчэ каля 20 аркушоў з разнастайнымі выказваньнямі вядомых людзей наконт адукацыі, свабоды, права, дзяцей. Як сьцвярджаюць самі навучэнцы, яны будуць змагацца "псыхалягічна", каб паказаць, хто ў ліцэі гаспадар.
А 18 гадзіне на Агульны сход сабралося каля 200 чалавек: выкладнікаў, бацькоў, ліцэістаў. Умоўна была згадзілася прыйсьці й сп-ня Шчарбачэвіч, якая напрыканцы патэлефанваала на вахту і паведаміла, што "вельмі занятая". На сходзе ж была выпрацаваная пастанова "аб недаверы сп-ні Т. Шчарбачэвіч". Былі заслуханыя вынікі паседжаньняў Вучнёўскага самакіраваньня, выступы некаторых бацькоў, У. Коласа, які зачытаў уласны ліст да Брыгадзіна з просьбай перагледзець загад аб прызначэньні дырэктарам сп-ні Шчарбачэвіч. Было вырашана накіраваць Брыгадзіну лісты адразу й ад бацькоў, і ад выкладнікаў і ад навучэнцаў з выкладзенымі ўласнымі меркаваньнямі кожнага з бакоў.
Прызначаны ж ліцэістамі пікет на пляцы Якуба Коласа выкладнікі й бацькі не падтрымалі, пераканаўшы моладзь дзейнічаць пакуль што спакайней і абдумлівей, дзейнічаць разам, як, паводле словаў У. Коласа, заўсёды дзейнічаюць у ліцэі.
• Зварот да Тамары Шчарбачэвіч ад ліцэістаў
• Зварот да Тамары Шчарбачэвіч ад бацькоў
• Пастанова аб недаверы
• Ліст міністру адукацыі Брыгадзіну П.І.

Зварот да Тамары Шчарбачэвіч ад ліцэістаў:
Паважаная сп-ня Тамара Шчарбачэвіч!
Вы пагадзіліся на працу дырэктарам ў Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Наш дырэктар Уладзімір Колас - заснавальнік і кіраўнік ліцэю на працягу 13 год - з вашым прызначэннем быў беспадстаўна пазбаўлены сваёй законнай пасады. Нас задавальняла выкладаньне, атмасфера, працоўны калектыў нашай навучальнай установы, у тым ліку і дырэктар. За 13 год працы ў ліцэі гэты чалавек стварыў адзіную ў нашай рэспубліцы сярэднюю навучальную ўстанову з еўрапейским узроўнем выкладання, падабраў сталы настаўніцкі калектыў, у які ўвайшлі найвыбітнейшыя прадстаўнікі навуковага свету Беларусі, наладзіў шэраг міжнародных сувязяў, тым самым даў магчымасць навучэнцам праяўляць сябе на міжнародных алімпіядах, у разнастайных праектах, выхаваў не адно пакаленне прадстаўнікоў беларускай навукі і культуры.
Мы, навучэнцы, лічым ганебным з вашага боку ацэньваць працу У.Г. Коласа як незадавальняючую ці нядобрасумленную, як і ўсіх выкладнікаў, хоць бы сыходзячы з вынікаў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіядаў, дзе ліцэісты каторы год пастаянна займаюць вышэйшыя месцы.
Ваш прыход пацягне за сабою шэраг змяненняў, звальненняў, добраахвотных сыходаў настаўнікаў, праграмных зменаў, што, безумоўна, не прынясе карысці ні ліцэю, ні нашаму адукаванню.

Мы прыйшлі вучыцца ў ліцэй таксама і з-за беларускай мовы, з-за традыцыяў, якія тут заўжды панавалі. На жаль, за Вашым прыходам мы не бачым будучыні гэтых традыцыяў.
Таму мы, 190 ліцэістаў - калектыў, дырэктарам якога Вас прызначылі, просім вас сысці ў адстаўку і гэтым самым даць магчымасць У. Коласу заняць пасаду дырэктара НДГЛ імя Якуба Коласа. Гэтак пастанавіў агульналіцэйскі сход ліцэістаў 29.05 аб 11-ай гадзіне.
Прынята на Агульналіцэйскім сходзе навучэнцаў 29 мая 2003 г.
Подпісы прысутных прыкладаюцца.

Зварот да Тамары Шчарбачэвіч ад бацькоў:
Шаноўная сп-ня Тамара Георгіеўна Шчарбачэвіч,
Вы далі згоду на сваё прызначэнне дырэктарам Беларускага нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Я. Коласа - унікальнай навучальнай установы, дарагой нашым дзецям і нам. Калі Вы педагог, Вы павінны разумець, якую вялікую ролю адыгрывае асоба ў адукацыйнай сферы. Мы, бацькі, не жадаем, каб кіраўніком ліцэя станавіўся чалавек, далёкі ад каштоўнасцяў, якія падзяляем мы і нашы дзеці. Мы не хацелі б, каб Ваша імя стала вядомым падобна Герастратаваму. Таму, калі ў Вас яшчэ засталося сумленне і пачуццё ўласнай годнасцi, добраахвотна сыдзiце ў адстаўку. Гэтага патрабуе Агульны бацькоўскі сход лiцэя.
Прынята на бацькоўскiм сходзе 28 мая 2003 г.

Пастанова аб недаверы:
ПАСТАНОВА
Бацькоўскага сходу НДГЛ iмя Якуба Коласа
ад 29 траўня 2003 г.
Прысутнічала 154 чал.
Аб недаверы сп-нi Т.Шчарбачэвiч
Агульны бацькоўскi сход НДГЛ iмя Якуба Коласа,
- кiруючыся iнтарэсамi навучэнцаў лiцэя, якiм патрэбная высокаiнтэлектуальная, творчая i дэмакратычная атмасфера, сфармаваная калектывам педагогаў i кiраўнiцтвам за многiя гады;
- асуджаючы непавагу да бацькоў лiцэiстаў, якую выявiла сп-ня Т.Шчарбачэвiч, дэманстратыўна не прыйшоўшы на бацькоўскiя сходы 28 i 29 траўня;
ПАСТАНАВIЎ:
- пацвердзiць пазiцыю, выкладзеную ў лiсце ў Мiнiстэрства адукацыi ў пачатку 2002-2003 навучальнага году, аб неабходнасцi прызначыць стваральнiка i шматгадовага фактычнага кiраўнiка лiцэю сп.У.Коласа яго дырэктарам;
- выказаць недавер сп-нi Шчарбачэвiч як чалавеку, якi парушыў маральна-этычныя нормы, прынятыя ў педагагiчнай працы, а таксама ў сувязі з прафесійнай непрыдатнасцю -- практычным няведаннем беларускай мовы, у сувязі з чым яна не можа кіраваць вучобай і выхаваннем нашых дзяцей;
- патрабаваць ад Мiнiстэрства адукацыi адмены загаду аб прызначэннi сп-нi Шчарбачэвiч, а ад яе самой - заявы аб сыходзе;
- змагацца за захаванне цяперашняга складу лiцэйскага кiраўнiцтва i калектыву ўсiмi не супярэчнымi закону спосабамi.

Старшыня сходу С.Занкевіч
Сакратар сходу Г.Аксючыц

Ліст міністру адукацыі Брыгадзіну П.І.:
28 мая 2003 г.
Старшыні
Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
сп. Навіцкаму Г.В.
Копія: Міністру адукацыі
Рэспублікі Беларусь
сп. Брыгадзіну П.I.
Агульнага бацькоўскага сходу
Нацыянальнага дзяржаўнага
гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа
З А Я В А.
Як нам стала вядома, загадам міністра адукацыі на пасаду дырэктара НДГЛ імя Я. Коласа прызначана сп-ня Шчарбачэвіч Т.Г.
Згодна з пісьмом Міністэрства ад 01.07.2002 г. № 32 - 36 - 724/7, дырэктар меў быць прызначаны пасля правядзення атэстацыі ліцэя. Атэстацыі ліцэя не было, і, такiм чынам, Міністэрства адукацыі прыняло неабгрунтаванае рашэнне аб прызначэнні дырэктара.
Акрамя таго, на пачатку навучальнага года бацькоўскі сход ужо звяртаўся ў Міністэрства адукацыі з просьбай нарэшце вырашыць пытанне з прызначэннем дырэктара ліцэя і прызначыць на гэтую пасаду сп. Ул. Коласа.
Выбіраючы навучальную ўстанову для сваіх дзяцей, мы кіраваліся тым, што НДГЛ імя Якуба Коласа мае высокі рэйтынг як у нашай краіне, так і за мяжой, бо, па-першае, практычна 100% ліцэістаў паступаюць у ВНУ, па-другое, перамагаюць у міжнародных алімпіядах, па-трэцяе, у ліцэі асаблiвая творчая і камфортная атмасфера, што з'яўляецца заслугай педагагічнага калектыву на чале са сп. Ул. Коласам.
Мы не хочам, каб лёс нашых дзяцей залежаў ад неабгрунтаваных рашэнняў зверху. У нашых дзяцей ёсць любімыя педагогі, любімыя прадметы, ёсць мэта ў жыцці. А што будзе заўтра?
У вынiку адвольнага рашэння Мiнiстэрства адукацыi ўвесь (або амаль увесь) калектыў педагогаў сыдзе з лiцэя, што адаб'ецца на ўзроўні адукацыі і на псіхіцы нашых дзяцей. Мы патрабуем прызначыць на пасаду дырэктара сп. Ул. Коласа.
136 подпiсаў ўдзельнiкаў Агульнага бацькоўскага сходу на 6 аркушах i копiя пратаколу сходу прыкладаюцца.
Старшыня Бацькоўскай рады (Панамароў)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства