У Віцебску распачаўся новы суд за права на пікеты і мітынгі

2011 2011-10-13T18:18:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vitebsk_piket-sud-1.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кіраўнік абласной арганізацыі руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў,  сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў  і  давераная асоба Мікалая Статкевіча на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, юрыст Аляксей Гаўруцікаў імкнуцца праз суд давесці сваё права на правядзенне масавых акцый.  Падставай для разгляду ў судзе стала чарговая адмова кіраўніка Чыгуначнай раённай адміністрацыі Юрыя Маскалёва, які забараніў актывістам правесці мітынг у падтрымку палітвязняў 25 жніўня.

Юры Маскалёў з’явіўся на суд асабіста і заявіў, што скаргу не падтрымлівае, бо дзейнічаў на падставе адпаведнага рашэння гарвыканкаму.

У гэтым рашэнні замацаваны парадак атрымання дазволаў на масавыя акцыі, які супярэчыць самому закону пра масавыя акцыі, лічыць Аляксей Гаўруцікаў:

“Паводле заканадаўства, улады мусяць гарантаваць грамадзянам мажлівасць карыстацца канстытуцыйным правам на публічнае выказванне палітычных меркаванняў. Такім чынам, выканкамы  мусяць задавальняць заяўкі на правядзенне мітынгаў або пікетаў і рэгуляваць забеспячэнне аховы правапарадку, дзяжурства медыкаў і прыборку тэрыторыі . Але ў  Віцебскім гарвыканкаме  зацвердзілі адваротны парадак: заяўнікі мусяць спачатку заключыць дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і ЖКГ, а потым прыкласці іх да свае заяўкі на акцыю. Наш досвед паказаў, што адпаведныя службы адмаўляюцца заключаць дамовы без дазволу на мітынг ці пікет, а дазволу не даюць без папярэдняга заключэння дамоваў”.

Суддзя Чыгуначнага райсуду Алена Грабянчук распытала выкліканых на працэс прадстаўнікоў абласной управы МУС, хуткай дапамогі і ЖКГ, на якой падставе яны не заключаюць дамоваў з апазіцыянерамі. Высветліліся, што  супрацоўнікі міліцыі Чыгуначнага раёну мусяць ахоўваць удзельнікаў вулічных акцый  без усялякіх дамоваў – проста ў сілу прафесійных абавязкаў.  І служба ЖКГ не павінна ні пра што дамаўляцца дадаткова, бо ўборка Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, дзе меркаваліся акцыі, -- гэта штодзенны абавязак прадпрыемства “Гарзеленбуд”.

Атрымліваецца, што дамову трэба падпісваць толькі з медыкамі: паводле рашэння гарвыканкаму – з паліклінікай №1, але гэтая ўстанова перанакіроўвае заяўнікаў у службу хуткай дапамогі.

“У раённай адміністрацыі мусяць ведаць, што дамовы з міліцыяй і ЖКХ заключаць не трэба. І ўсё адно кіраўнік Юры Маскалёў стаіць на сваім: калі такое запісана ў рашэнні гарвыканкаму, значыць, яны мусяць быць”, -- абураеццца Ян Дзяржаўцаў.

Суддзя Алена Грабянчук слухала спрэчкі бакоў амаль тры гадзіны. Урэшце паабяцала, што судовая пастанова будзе агучана заўтра, 14 кастрычніка.

Хрыстафор Жаляпаў, які быў галоўным ініцыятарам звароту ў суд, гаворыць пра верагодны вынік:

“У нас няма мэты, каб кагосці там пакаралі, звольнілі і гд. Мы хочам праз суд разарваць гэтае заганнае кола з наяўнасцю або адсутнасцю дамоваў. І прыкладаем усе намаганні, каб змусіць урэшце адміністрацыю Чыгуначнага раёну забяспечваць наша права на мітынгі і пікеты. Гэта гарантуе грамадзянам і Кастытуцыя, і тыя міжнародныя прававыя дакументы, які падпісала ў свой час Рэспубліка Беларусь. Мы просім дазволу на акцыі ў вызначаным уладамі месцы, і лічым дыскрымінацыяй па палітычных поглядах тую акалічнасць, што ГА “БРСМ” праводзіць свае акцыі ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў бесперашкодна, а нам заяўляюць, што “месца занята”, або адмаўляюць увогуле”.

Ад пачатку гэтага году адміністрацыя Чыгуначнага раёну не задаволіла ніводнай заяўкі на акцыі, якія падавалі грамадзяне – актывісты і праваабаронцы.

Як мы ўжо паведамлялі, Чыгуначны райсуд Віцебску ў асобе суддзі Рамана Дзягоды адмовіў ў задавальненні скаргі праваабаронцу Леаніду Свеціку, які таксама спрабаваў аспрэчыць забарону на пікет.   Праваабаронца хацеў падзяліцца з жыхарамі гораду інфармацыяй пра тое, як у краіне выконваюцца правы чалавека, і ў прыватнасці, прыцягнуць увагу гараджанаў  да факту затрымання і змяшчэньня пад варту кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.

Атрымаўшы адмову з Чыгуначнай раённай адміністрацыі, спадар Свецік  прасіў суд адмяніць рашэнне аб забароне пікету. Таксама ён прасіў абавязаць гарадскія ўлады ўнесці змены ў рашэнне № 881, каб актывісты мелі магчымасць у поўнай меры карыстацца гарантаванымі Канстытуцыяй правамі на выказванне сваёй думкі, распаўсюд і атрымліванне інфармацыі. Але суд палічыў аргументы праваабаронцы “неабгрунтаванымі” і не задаволіў ніводнага з заяўленых патрабаванняў.

 

На ФОТА: Ян Дзяржаўцаў, Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international