Суд спыніў справу пра зьнявагу беларускай мовы

2011 2011-10-12T08:59:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд Партызанскага раёну Менску спыніў справу па артыкуле 9.22 Адміністратыўнага кодэксу РБ «Парушэньне заканадаўства аб мовах». Справа была рспачатая паводле пазову Тацьцяны Цяцёркінай да прадавачкі менскай крамы нумар 5 Тамары Вярцінскай.

9 сьнежня гэтага году кандыдат мэдычных навук Тацьцяна Цяцёркіна прыйшла ў краму нумар 5 ААТ «Постгандаль» і зьвярнулася да прадавачкі Тамары Вярцінскай з просьбай паказаць каробку цукерак. Далейшыя падзеі, па словах Тацьцяны Цяцёркінай, разгортваліся наступным чынам:

Тацьцяна Цяцёркіна: «Яна мне ўзважыла цукеркі „Красная шапочка“. Я паглядзела, кажу, што я хацела б, каб быў надпіс па-беларуску. А яна кажа: „А зачем?“. Я кажу: „Ну, гэта права нам гарантавана Канстытуцыяй. Мы ж беларусы“. Яна кажа: „Да вы што? Да хто вы такія?! Да ты хто такая?! Да вы нікчэмнасьць. Ваша дурацкая беларуская мова“. Ну, тут я абурылася, запатрабавала кнігу скаргаў, зрабіла адпаведны запіс».

Адказ гендырэктара ААТ «Постгандаль» Смольскага, у якім паведамлялася, што грубіянства з боку прадавачкі не было, не задаволіў Цяцёркіну, і яна падала скаргу ў пракуратуру. Участковы міліцыянт Партызанскага РУВД правёў праверку і склаў рапарт ад 2 лютага, у якім, у прыватнасьці, напісана, што прадавачка сапраўды публічна зьняважыла нацыянальную мову Рэспублікі Беларусь.

Справа супраць прадавачкі Вярцінскай была ўзбуджаная па артыкуле 9.22 Адміністратыўнага кодэксу РБ. Па ім за «публічную зьнявагу дзяржаўных і іншых нацыянальных моваў, стварэньне перашкодаў і абмежаваньняў у карыстаньні імі і прапаганду варожасьці на глебе мовы» можа быць прызначаны штраф у памеры ад чатырох да 10 базавых велічыняў. Гэты артыкул зьявіўся, у прыватнасьці, дзякуючы намаганьням Таварыства беларускай мовы.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў: «У свой час мы дабіліся, што запісана, што за абразу любой дзяржаўнай мовы — штраф. І пасьля гэтага абражаць беларускую мову перасталі, а да гэтага такія абразы былі, і ня раз, і да нас зьвярталіся людзі».

Юрыст Сяргей Зікрацкі: «Публічная зьнявага беларускай мовы, калі гэты факт даказаць, то цалкам магчыма прыцягненьне да адказнасьці па гэтым артыкуле. Калі была такая абраза насамрэч, калі ёсьць сьведкі гэтай абразы, то магчымая падача заявы і ўзбуджэньне адміністрацыйнай справы».

Такія сытуацыі сталі штодзённасьцю для людзей, якія гавораць па-беларуску.

Алег Трусаў: «У свой час у мяне была спрэчка з касіркай міжнароднай касы. Я Вільнюс назваў Вільняй, а яна мне ўсчала скандал. Я напісаў адпаведную паперу, яе звольнілі з працы, і на гэтым усё скончылася. Без усялякіх судоў».


Спадарыня Цяцёркіна на пытаньне, чаму гэтым разам яна зьвярнулася ў суд, адказвае: «Я хачу, каб быў створаны прэцэдэнт пакараньня чалавека, які зьневажае дзяржаўную каштоўнасьць. Усе гэтыя судзьдзі пакідаюць свае подпісы, свае прозьвішчы, і калі-небудзь гэтая справа будзе завершаная».

Сёньня ў судзе Партызанскага раёну справа разглядалася паўторна. Першы суд закрыў справу за адсутнасьцю доказаў. Кожны з бакоў прадставіў сваіх сьведак і сваё бачаньне падзеяў. Тацьцяна Цяцёркіна ўпэўненая, што суд не прыняў пад увагу паказаньні яе сьведкі, які сьцьвярджаў, што чуў абразы.

Аднак прадавачка Тамара Вярцінская адмаўляе, што абражала асабіста Тацьцяну Цяцёркіну і беларускую мову. Перад судом яна, у прыватнасьці, заявіла: «Я размаўляю па-расейску, і ніхто не прымусіць мяне гаварыць па-беларуску. Наш прэзыдэнт — Аляксандар Лукашэнка — таксама размаўляе так, як ён размаўляе».

Пракамэнтаваць гэтую сытуацыю для Радыё Свабода Тамара Вярцінская катэгарычна адмовілася. Гэтаксама як і загадчыца крамы нумар 5 Тацьцяна Каберац, якая сказала, што ў дзень канфлікту яе не было ў краме і яна не ўпаўнаважаная даваць камэнтары па гэтай справе:

«Гэта быў выходны дзень. Усё, што людзі хацелі напісаць, яны напісалі ў кнізе скаргаў і прапановаў. Суд вызначае, суд выносіць пастанову, пры чым тут мы?»

Суд Партызанскага раёну Менску закрыў справу за недаказанасьцю віны. Тацьцяна Цяцёркіна зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international