Зварот праваабарончых арганізацый Беларусі да кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц святкавання 300-годдзя Санкт-Пецярбургу

2003 2003-05-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зварот
праваабарончых арганізацый Беларусі
да кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц святкавання 300-годдзя Санкт-Пецярбургу

Шаноўныя кіраўнікі дзяржаў!

На святкаванні з нагоды 300-годдзя Санкт-Пецярбургу запрошаны прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі заклікаюць Вас устрымацца ад кантактаў з прэзідэнтам краіны, у якой пачаўся новы віток парушэнняў правоў чалавека.

У Беларусі да гэтага часу не высветлены лёс вядомых палітыкаў, бяз вестак зніклых на працягу апошніх гадоў – экс-міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання Віктара Ганчара і ягонага сябра бізнесмена Анатоля Красоўскага, журналіста беларускага бюро расійскай телекампаніі ОРТ Дзмітрыя Завадзкага. Справы па пошуку і высвятленні лёсу зніклых спыненыя, усе намаганні сем’яў і грамадскасці даведацца пра іх лёсы застаюцца безвыніковымі. На іншых палітычных апаненатаў аказваецца ціск, у тым ліку і крымінальны пераслед. Парушэнні асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў у краіне набылі сталы характар.

У Беларусі груба парушаецца свабода слова, адбываюць пакаранні палітычныя зняволеныя-журналісты, працягваюць узбуджацца крымінальныя справы супраць журналістаў і выдаўцоў, зачыненыя і працягваюць зачыняцца незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Толькі за апошнія дні ў Беларусі пад пагрозай ліквідацыі апынуліся найбуйнейшыя недзяржаўныя газеты, прыпынена выданне газет “Белорусская деловая газета” і “БДГ Для служебного пользованія”, на мяжу закрыцця пастаўленыя тры газеты – “Народная воля”, “Вечерній Столін”, “Навінкі”.

За апошні месяц улады пачалі наступ на няўрадавыя арганізацыі Беларусі. Па ініцыятыве ўпраўленняў юстыцыі распачаліся судовыя працэсы па ліквідацыі чатырох буйных няўрадавых арганізацый: Гродненскага абласнога грамадскага аб’яднання “Ратуша”, Гомельскага абласнога аб’яднання “Грамадзянскія ініцыятывы”, Грамадскага аб’яднання “Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Варута” (Баранавічы), Грамадскага аб’яднання “Моладзевы хрысціянска-сацыяльны саюз”.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый краіны, заклікаем Вас абмежаваць усялякія кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам і выказаць сваё стаўленне да негатыўных працэсаў у галіне правоў чалавека, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь.

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі Хельсінкскі камітэт”
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі ПЭН-цэнтр”
Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Грамадскае аб’яднанне “Прававая дапамога насельніцтву”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international