Суд Савецкага раёну Гомелю пакараў прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі пенсіянера Мікалая Царкова пазбаўленьнем волі на год, умоўна

2006 2006-06-14T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

61-гадовы Мікалай Царкоў, інвалід 2-й групы, у сакавіку перашкаджаў актывістам агітацыйнага пункту за Аляксандра Мілінкевіча. Пенсіянер падышоў да ўдзельнікаў агітацыйнага пікету і прыгразіў: маўляў, што вы тут стаіцё! Ён выхапіў з рук улёткі, якія раздавалі людзям, і раскідаў іх па зямлі. Пры гэтым ён пачаў піхаць нагамі з усяе сілы партрэт Мілінкевіча. Потым схапіў табурэтку і пачаў яе ламаць: "Калі праз пяць хвілін вы адсюль ня сыдзеце, я вярнуся і няведама, што з вамі зраблю!"

Абломкамі табурэткі пэнсіянэр замахваўся на агітатара Шуміліна, у выніку чаго той вымушаны быў зьвярнуцца па дапамогу ў міліцыю. Міліцыя вырашыла, што дзеяньні пенсіянера Царкова падпадаюць пад частку 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу  хуліганства. Быў складзены пратакол, згодна з якім Мікалай Царкоў нападпітку, з нецэнзурнай лаянкай прыставаў да агітатараў, груба парушаў грамадзкі парадак.

У судзе пенсіянер адмаўляў свой хуліганскі ўчынак. Але на падставе паказаньняў сьведкаў і міліцыянтаў судзьдзя Алена Дзічкоўская прызнала Царкова вінаватым у хуліганстве і пакарала яго пазбаўленьнем волі на год. Праўда, умоўна.

Актывісты і каманды апазыцыйнага палітыка мяркуюць, што выхадку пенсіянера справакавала ўлада. Сама міліцыя шмат разоў затрымлівала агітатараў. Вось людзі і думалі, што тыя займаюцца нечым незаконным.

Аднак, як лічыць агітатарка за Мілінкевіча спадарыня Тацяна, прычына ня толькі ў гэтым:

"Усю перадвыбарчую кампанію Лукашэнка не зьнікаў з экрана тэлевізара. Ён называў сваіх канкурэнтаў і адмарозкамі, і ўсякімі іншымі непатрэбнымі словамі. Як вынік, асобныя недасьведчаныя выбарцы паводзілі сябе з намі так, як спадар Царкоў. Яны не маглі зразумець, што гэта нармальная перадвыбарчая кампанія. Паводзіны Царкова ды іншых да яго падобных паказалі нам, што дзейны прэзыдэнт не цярпіць канкурэнцыі і не гатовы аддаць уладу нікому іншаму, не гатовы выконваць канстытуцыю," - пракаментавала Радыё Свабодзе падзеі агітатарка.

І яшчэ адна акалічнасьць. З многіх дзясяткаў скаргаў, накіраваных у розныя інстанцыі ў сувязі з перашкодамі агітацыйнай кампаніі альтэрнатыўнага кандыдата, лагічнае завяршэньне набыла толькі вышэйзгаданая справа.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international