Дванаццаты дзень працягваецца акцыя супраць перасьледу лідэраў "Маладога Фронту". Стан здароўя некаторых удзельнікаў галадоўкі пагоршыўся!

2006 2006-06-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дванаццаты дзень працягваецца моладзевая галадоўка з патрабаваньнямі зачыніць крымінальную справу супраць актывістаў Маладога Фронт, вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць перасьлед хрысьціянаў, што падтрымліваюць акцыю. Як паведаміла прэс-служба "Маладога Фронту", сёньня, 9 чэрвеня, стан здароўя трох удзельнікаў галадоўкі значна пагоршыўся. Менскі маладафронтавец Зьміцер Хверарук зраніцы быў вымушаны выклікаць хуткую мэдычную дапамогу. Лекары зрабілі хлопцу некалькі ўколаў. Зьміцер Хведарук, а таксама Яўген Скрабутан і Ігар Шчэкарэвіч з-за кепскага самаадчуваньня былі вымушаныя спыніць галадоўку.
Тым ня менш, на дадзены момант 20 актывістаў працягваюць удзел у акцыі пратэсту, і не зьбіраюцца прыпыняць галадоўку. Лідэр "Маладога Фронту" Зьміцер Дашкевіч зазначыў: "Дадзеная акцыя ўзнікла спантанна, і мы з самага пачатку ня мелі ілюзіяў наконт рэакцыі беларускіх уладаў на гэты крок, таму казаць пра спадзяваньні на спыненьне крымінальнай справы супраць арганізацыі не прыходзіцца. Але галадоўка як знак пратэсту - гэта ў першую чаргу дэманстрацыя нашай грамадзянскай пазіцыі, а таксама форма прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці, таму прыпыняць мы яе не зьбіраемся. Мы плануем цяпер сабрацца ўсім удзельнікам галадоўкі ў адным месцы, каб лягчэй было трымацца разам".

Ці магчыма дасягнуць пэўнай мэты шляхам галадоўкі разважае юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч: "Па-першае, гледзячы якая мэта ставіцца і ў якіх умовах. Калі ў 1996 годзе Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык галадалі за кратамі пасьля Чарнобыльскага шляху, яны такім чынам дасягнулі спыненьня крымінальнай справы і вызваленьня. Але ж гэта быў 1996 год! Калі браць гісторыю галадовак апошніх часоў, то ўлады ніякім чынам не рэагавалі на іх, прынцып сёньняшняй беларускай улады - не саступаць ні ў чым. Гэта і мінулагодняя галадоўка ў Жодзіна маладафронтаўцаў з патрабаваньнем аднавіць незаконна адлічаных з навучальных установаў - яна ні да чаго не прывяла, улады нават не сталі ўступаць у перамовы, каб разабрацца ў сітуацыі. Гэта і прыклад з Мікалаем Аўтуховічам, які шмат разоў трымаў галадоўку. Тое самае і з "Маладым Фронтам" - крымінальны перасьлед працягаецца, і ўлада мае намер давесьці крымінальную справу да лагічнага завяршэньня. Маладафронтаўцы ж ставілі мэтай правядзеньня акцыі прыцягненьне ўвагі, бо галадоўка - гэта досыць жорсткая форма выражэньня пратэсту, якая патрабуе ведаў, як яе праводзіць, і патрабуе пэўнай ахвярнасьці, бо ўплывае на стан здароўя. Але ў пэўных сітуацыях яна мае значэньне, і той факт, што галадала моладзь, што галадалі непаўнагадовыя дзеці - гэта вельмі паказальна, гэта сьведчыць пра сапраўдную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Крымінальная справа ў дачыненьні да дзейнасьці "Маладога Фронту" у адрозненьне ад крымінальнай справы "Партнёрства" не мела такога вялікага рэзанансу, а артыкул вельмі сур'ёзны - дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацый, выключна палітычны артыкул. І калі гэта набывае масавы характар, то я лічу, што ў такіх выпадках такая мера пратэсту, як галадоўка, апраўдана. Зараз па справе праходзіць 6 чалавек па Беларусі, а дзесяткі актывістаў выклікаліся у органы пракуратуры, у КДБ у якасьці сведкаў, падвяргаліся прэсінгу з боку праваахоўных органаў, па месцах вучобы, што і выклікала такую форму абурэньня, скрайнюю форму пратэсту. Таму пэўнай мэты галадоўка дасягнула, бо абвастрыла сітуацыю і прыцягнула больш увагі да праблемы палітычнага перасьледу моладзі. Грамадзкі рэзананс і ўвага міжнароднай супольнасьці ў любым выпадку не праходзяць бясследна для ўладаў, магчыма, менавіта таму па большасьці крымінальных справаў зараз выносяцца мінімальныя прысуды.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international