Палітвязні Плошчы працягваюць заставацца за кратамі

2011 2011-09-29T18:27:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў адмаўляецца адбываць пакараньне ў Бабруйскай турме. Экс-кандыдату на прэзыдэнта Дзьмітрыю Вусу прызначылі другую групу інваліднасьці. Палітвязень Зьміцер Бандарэнка сустрэў чарговы дзень народзінаў за кратамі. Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча зьмясьцілі ў адзіночную камэру Глыбоцкай турмы, а ягоны паплечнік Эдуард Лобаў па-ранейшаму адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава цягам дня 29 верасьня могуць перавесьці з Магілёўскай у Бабруйскую турму. Аднак ён адмаўляецца ад этапаваньня, бо апасаецца, што знаходжаньне ў калёніі ў Бабруйску можа пагражаць ягонаму здароўю і жыцьцю. Пра гэта позна ўвечары паведаміў адвакат, кажа жонка палітвязьня Ірына Халіп:

«Позна ўвечары адвакат вярнуўся ад Андрэя з Магілёўскай турмы і паведаміў, што ён напісаў адпаведную заяву на імя начальніка турмы. Але калі яго будуць цягнуць, то, натуральна, ён нічога зрабіць ня зможа. Вось сёньня якраз усё і высьветліцца».

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч пераведзены з Горак у Глыбокае, дзе зьмешчаны ў камэры-адзіночцы. Пра гэта таксама паведаміў адвакат зьняволенага, кажа праваабаронца Наста Лойка:

«Сапраўды існавала пагроза ягонаму жыцьцю, бо адміністрацыя Горацкай турмы пайшла на тое, што настроіла супраць яго іншых зьняволеных. Таму яго і перавялі ў Глыбокае, дзе адразу зьмясьцілі ў адзіночную камэру. Ніякіх скаргаў на адміністрацыю Глыбоцкай турмы ён не выказваў. Гэткім чынам, будзем спадзявацца, што сытуацыя стабілізавалася, адвакат будзе яго наведваць і неяк лепш будзе».

Былога кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса перавялі з трэцяй на другую групу інваліднасьці. Ад пятніцы ён знаходзіцца ў турэмным шпіталі на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе зь ім сустрэўся адвакат, кажа жонка палітвязьня Яўгенія Вус:

«Яго цяпер вазілі на кампутарную тамаграму мозгу, незразумела чаму, бо Дзіма адчувае сябе больш-менш нармальна. Канваяваў яго сам начальнік турмы і галоўны доктар шпіталю. Сёньня доктар сказаў, што ніякіх зьменаў, пагаршэньня няма. Тады чаму даюць другую групу інваліднасьці? Як доўга ўсё гэта будзе працягвацца, невядома. Я сёньня хадзіла да начальніка СІЗА і прасіла: вы мне яго хоць здалёк пакажыце. Ён адмовіў катэгарычна — нельга і ўсё. Я яшчэ калі выходзіла, то сказала, што дасьць Бог — і ваша жонка яшчэ будзе хадзіць і гэтак жа прасіць».

Зусім няма вестак ад яшчэ аднаго былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча. Апошняе тэлефанаваньне ад яго было 19 верасьня, паведаміў бацька палітвязьня Віктар Статкевіч:

«Ён сказаў мне толькі некалькі словаў, што калі да мяне прыйдуць, каб я не пісаў за яго ніякіх папераў. Сказаў, што патэлефануе мне 25-га раніцай. Я сядзеў чакаў, але ніякага тэлефанаваньня не было. Я вельмі хвалююся за ягонае жыцьцё — ці жывы ён там. Мне толькі вядома, што яму бярвеньнем руку прыціснула. Дык ня толькі руку, але і бок яшчэ. Я ўжо гэтулькі сьлёз выліў, што гэтыя сволачы патанулі б у іх».

Свой чарговы дзень народзінаў палітвязень Зьміцер Бандарэнка сустракаў у турме напярэдадні. Жонка Вольга кажа, што ў гэты дзень яна атрымлівала віншаваньні замест мужа. А ён даслаў ліст, у якім выказвае заклапочанасьць лёсам Андрэя Саньнікава, кажа Вольга Бандарэнка:

«Ён у лістах мне пісаў пра Андрэя Саньнікава, бо адчуваў, што нешта дрэннае рыхтуецца. І калі яго і Зьмітра Дашкевіча пачалі пераводзіць, то ён і кажа, што я адчуваў — нешта дрэннае рыхтуецца, бо занадта ўсе заспакоіліся. Улады ніяк ня хочуць быць прыстойнымі — у ролю нягоднікаў як увайшлі, так і застаюцца ў ёй».

З Эдуардам Лобавым — паплечнікам Зьмітра Дашкевіча ў «Маладым фронце», які адбывае зьняволеньне ў турме «Ваўчыныя норы», таксама днямі сустрэўся адвакат, паведаміла маці палітвязьня Марына Лобава:

«Ён паведаміў, што наведвае рэлігійную суполку. Адвакат не ўдакладніла, якую — хутчэй за ўсё, праваслаўную, бо там праваслаўны храм будуецца. Хоць Эдуард і католік, але ксяндзоў у такія ўстановы не пускаюць, таму даводзіцца хадзіць у праваслаўныя. Зараз ад яго адсталі з прашэньнем аб памілаваньні, сказалі падумаць, што ёсьць такая магчымасьць. Канечне, ён і ня думае пісаць, бо ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым».

Як паведаміла Марына Лобава, праз адваката Эдуард падае наглядную скаргу на судовае рашэньне аб сваім зьняволеньні. Разам са Зьмітром Дашкевічам, асуджаным на 2 гады, ён атрымаў 4 гады турмы за, нібыта, хуліганства. Палітвязьні не прызналі сябе вінаватымі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства