viasna on patreon

Асамблея НДА: Вызваленьне палітвязньяў гэта першы крок да магчымага дыялогу

2011 2011-09-27T15:48:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Рабочая група Асамблеі НДА абмеркавала ўмовы дыялёгу з уладамі, неабходнасьць нарошчваньня грамадзка-палітычнай вагі грамадзянскай супольнасьці Беларусі і ўдзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве.

Рабочая група Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў прыняла дзьве заявы, датычныя меркаванага дыялёгу ўладаў з грамадзтвам і нераскрытага патэнцыялу беларуска-эўрапэйскіх стасункаў у межах праграмы Ўсходняе партнэрства.

Асамблея заўжды выказвалася за неабходнасьць вядзеньня канструктыўнага дыялёгу паміж грамадзкасьцю й дзяржавай дзеля ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці й разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Аднак такі дыялёг магчымы толькі ў свабоднай ад страху і перасьледу за грамадзкую дзейнасьць атмасфэры.

Асамблея НДА прапаноўвае “Канцэпцыю спрыяньня органамі ўлады разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці Беларусі”, дзе адзначаюцца прынцыпы і працэдуры ўзаемадзеяння. Галоўным чыньнікам для магчымасьці вядзеньня размоваў пра дыялёг Асамблея НДА лічыць неадкладнае вызваленьне і поўную рэабілітацыю ўсіх палітычных вязьняў. “У адваротным выпадку, любую спробу дыялёгу мы лічым фіктыўнай і амаральнай,” – адзначаецца ў дакумэнце. Разам з тым, Асамблея НДА не выключае, што ўлады могуць зымітаваць крокі да дэмакратызацыі, і заклікае арганізацыі грамадзянскай супольнасьці канцэнтраваць свае высілкі на працы з грамадзтвам дзеля таго, каб нарошчваць свой грамадзка-палітычны патэнцыял.

“Мы палічылі неабходным яшчэ раз падкрэсьліць, што дыялёг, каб быць выніковым, ня можа праходзіць у атмасферы страху і рэпрэсіяў. Мы чакаем ад уладаў крокаў, якія сьведчылі б аб сур'ёзнасьці намераў размаўляць з грамадзтвам аб выхадзе з крызісу. Безумоўна, першым такім крокам мусіць быць вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў. Са свайго боку, арганізацыям грамадзянскай супольнасьці Беларусі неабходна канцэнтраваць свае намаганьні на працы з грамадзтвам, каб атрымаць мандат прадстаўляць ягоныя інтарэсы ў стасунках з уладамі”, - адзначыў Старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.

Другое пытаньне, якое ўздымалася на пасяджэньні Рабочай групы тычылася  Саміту Ўсходняга Партнэрства, а таксама фармату ўдзелу Беларусі ў праграме Ўсходняга Партнэрства. Два гады ўдзелу Беларусі ў праграме Ўсходняга Партнэрства не прывялі да пазытыўных зьменаў у кірунку дэмакратыі. Кіраўніцтва Беларусі разглядае нармалізацыю стасункаў з Аб'яднанай Эўропай выключна, як працэс саступак з боку Эўразьвязу ў абмен на касмэтычныя і несыстэмныя захады.

“Варта адзначыць, што Нацыянальная плятформа Форума грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства ўжо рабіла крокі для таго, каб паўплываць на працэс набліжэньня Беларусі да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і стандартаў. Складаньне прапановаў ад грамадзкіх арганізацыяў для плянаў дзеяньняў паміж ЭЗ і Ўрадам нашай краіны, названых намі “дарожнымі мапамі”, у гэтым сэнсе было і застаецца важным здабыткам, які і надалей трэба заахвочваць і разьвіваць,” – зазначыў кіраўнік Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Сяргей Лісічонак.

Разам з тым, паводле прадстаўнікоў Асамблеі НДА, праграма Ўсходняга Партнэрства яшчэ не скарыстала закладзены ў яе патэнцыял спрыяньня палітычным і сацыяльна-эканамічным рэформам і набліжэньня краінаў-партнэраў да Эўразьвязу – яна патрабуе рэфармаваньня.

Асамблея лічыць, што пэўны ўхіл дзеяньняў ад імя беларускай Нацыянальнай плятформы ФГС Усходняга партнэрства ў бок канкураваньня з апазыцыйнымі палітычнымі сіламі за лідэрства не адпавядае ані мэтам і задачам самой Нацыянальнай плятформы ў краіне, ані інтарэсам усёй дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Таму прадстаўнікі Асамблеі НДА Беларусі, заклікаюць да дасягненьня спрыяньня эўрапейскай інтэграцыі Беларусі, эўрапеізацыі інстытутаў беларускага грамадзтва і дзяржавы, мадэрнізацыі краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства