viasna on patreon

Вязніца Бяляцкага

2011 2011-09-25T15:41:59+0300 2016-11-11T12:42:16+0300 be

Піша Уладзімір Някляеў у блогу на сайце "Беларускі партызан". 

25 верасня – дзень народзінаў Алеся Бяляцкага. Сорак дзевяць гадоў. Паўвекавы, юбілейны год ён сустракае ў вязніцы.

За што?... За тое, кажа Лукашэнка, што не сплаціў падаткі. Ну, няхай... Толькі ў такім разе пытанне: за што Бяляцкага затрымлівалі, арыштоўвалі, прыцягвалі да судовай адказнасці яшчэ 20 разоў?...

Пра гэта Лукашэнка не кажа.

Дык я скажу. За тое самае, за што Бяляцкі ў турме й цяпер. За любоў да Беларусі. Чыстую. Самаадданую. Тую, якая вывела людзей на Плошчу. Такую, якая й не снілася тым, хто сёння разам з нячыстай сілай правіць баль на нашай зямлі. Хто абабраў Айчыну, давёў яе да жабрацтва, хто махлюе, крадзе – і насамрэч не плаціць падаткі. Хто жыве ў палацы ў Драздах – і тыкае пальцам на хату Бяляцкага ў Ракаве.

У чалавека ў паўвека не можа быць сваёй хаты? Тады што ў яго можа быць?... Толькі тое, што ў карыта кінуць?...

Я ведаю Алеся Бяляцкага яшчэ з часоў ягонага студэнцтва. З часоў маладзёвага аб'яднання "Талака" і літаратурнага таварыства "Тутэйшыя". Не было ў яго ні грошай, ні кута, дзе жыць, але ўсё адно былі праблемы з уладай, якая сабакам з ланцуга кідалася на ўсё сапраўды беларускае. Улада тая (у тыя часы савецкая) у Беларусі закансервавалася – і ў савецкасці сваёй (як і ў сваёй сабачнасці) не змянілася й сёння.

Што ж: перажыўшы лета гарачае, перажывём і...

Усё перажывём!

І выйдуць з вязніцаў і Бяляцкі, і Саннікаў, і Статкевіч, і ўсе, хто кінуты за краты за сапраўдную любоў да сапраўднай Беларусі.

Мацуйся, дружа мой Алесь!

Шлях не дарэшты пройдзены...

Цябе сягоння свет увесь

Віншуе з днём народзінаў!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства