У ААН – дыскусіі па дакладзе пра стан правоў чалавека ў Беларусі

2011 2011-09-20T18:21:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhenievaun.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 верасня на 18-ай сесіі Рады па правах чалавека ААН у Женеве распачаліся слуханні па дакладзе Найвышэйшага камісара па правах чалавека ААН “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі”.

Даклад быў прадстаўлены на 18-ай сесіі Рады па правах чалавека ААН у звязку з рэзалюцыяй Рады, прынятай на 17-ай сесіі. У прадстаўленым дакладзе, у прыватнасці, адзначаецца агульнае пагаршэнне стану правоў чалавека пасля падзеяў 19-га снежня 2010 года ў Менску. Адзначаюцца факты парушэнняў свабоды мірных сходаў, свабоды асацыяў, ціск на праваабаронцаў і адвакатаў і іншыя парушэнні правоў чалавека.  

У дакладзе змешчаныя рэкамедацыі Ураду Беларусі пра неадкладнае вызваленні ўсіх палітычных зняволеных, якія не прымалі ўдзелу ў гвалтоўных дзеяннях, раследванне ўсіх выпадкаў катаванняў і жорсткіх бесчалавечных відаў абыходджання, неадкладнага спынення ўсіх формаў палітычнага і адміністратыўнага ціску на праваабаронцаў і палітычных апанентаў.

Таксама Рада па правах чалавека ААН заклікала ўлады Беларусі да супрацоўніцтва па ўсіх механізмах ААН, у тым ліку, са спецыяльнымі дакладчыкамі і такімі рэгіянальнымі міжнароднымі арганізацыямі, як АБСЕ і ПАСЕ.

Пасля дакладу, паводле існуючых працэдураў, слова было прадастаўлена амбасадару Беларусі ў ААН сп. Хвастову, які адзначыў палітыку падвоеных стандартаў у дачыненні да Беларусі з боку краінаў Еўразвязу і навязванне “аўтарытарнай дэмакратыі”. Сп. Хвастоў сказаў, што дэманстрацыя 19-га снежня 2010 г. мела гвалтоўны характар і таму дзеянні міліцыі па яе разгону былі правамернымі і адпавядалі міжнродным прынцыпам. Пры гэтым сп. Хвастоў дадаў, што міліцыя пры разгоне дэманстрацыі не выкарыстоўвала супраць дэманстрантаў газу, вадамёты, гумавыя кулі, як “гэта робіцца ў такіх выпадках у краінах ЕС”.  

Дыскусіі па дакладзе працягнуцца заўтра пасля 12:00 па мясцовым часе. Падчас інтэрактыўнага дыялогу слова будзе прадастаўлена і прадстаўнікам НДА, якія маюць статус у ААН. Ад імя Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека і яе сяброўскай арганізацыі ў Беларусі плануе выступіць і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства