viasna on patreon

Першая прэс-канферэнцыя на волі

2011 2011-09-16T16:28:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вызваленыя ў 14 верасня асуджаныя за Плошчу 2010 просяць беларускіх і еўрапейскіх палітыкаў не цешыцца аптымізмам. Яшчэ да сваёй адпраўкі ў папраўчыя калоніі, у СІЗА КДБ у Мінску, следчыя называлі актывістаў “жывым таварам”.

Пра гэта вызваленыя палітвязні разпавялі сёння журналістам.

На першай прэс-канферэнцыі на волі актывісты адразу ўзгадалі імёны сваіх паплечнікаў, якія да гэтага часу знаходзяцца ў турмах. Вызваленыя актывісты асабліва адзначылі жахлівы стан утрымання экс-кандыдыта ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча і лідара Маладога Фронту Зміцера Дашкевіча. Былыя зняволеныя падрабязна распавялі журналістам пра здзекі ў дачыненні да сябе ў следчых ізалятарах і турмах.

У прыватнасці актывіст штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў адзначыў, што ўмовы ўтрымання ўсіх вязняў былі значна больш жорсткімі, чым нават гэта вызначылі беларускія суддзі. Палітык распавёў пра тое, як падчас следства ў СІЗА КДБ яго дзясяткі хвілін прымушалі стаяць голым падчас ператрусаў. А кіраўнік следчага ізалятара асабіста абяцаў Атрошчанкаваму арганізаваць такія ўмовы ўтрымання, каб палітык “зблытаў дзень з ноччу”. У сувязі з усім гэтым былыя зняволеныя просяць беларускіх і еўрапейскіх палітыкаў працягнуць ціск на афіцыйны Мінск да поўнага вызвалення ўсіх вязняў 19 снежня.

* * *

Пасля вызвалення з турмаў беларуская міліцыя ставіць палітычных вязняў на ўлік. Усе вызваленыя ў сераду па загадзе прэзідэнта актывісты абавязаны цягам трох дзён адзначыцца ў аддзяленні ўнутраных спраў па месцы жыхарства.

Усім адзінаццаці вызваленым вязням у папраўчых калоніях падкрэслілі, што ў выпадку адмовы стаць на ўлік яны будуць абвешчаныя ў крымінальны вышук. Па словах аднаго з адпушчаных, сябра Руху “За Свабоду!” Мікіты Ліхавіда, які ўжо наведаў аддзяленне, міліцыянты без усялякага суду маюць намер вызначыць адпушчаным на волю тэрмін нагляду.

 - У даведцы аб вызваленні ў мяне стаіць вялікая пячатка «Трапляе пад нагляд». Па-першае, не было суда, па якому мне павінны былі прысудзіць нагляд. Я спытаў: Як мне можаце даць нагляд, калі ў мяне не было ні суду, ні запыту з калоніі? Супрацоўнік, спасылаючыся на артыкулы Крымінальнага кодэкса заявіў, што я павінен стат на ўлік у РАУС і, калі на працягу года ў мяне будуць больш за 3 адміністрацыйныя спагнанні, санкцыя пакарання, за якія прадугледжвае адміністрацыйны арышт, будзе суд. Ён прапанаваў трохі затрымацца, пачакаць работніка, які паставіць мяне на ўлік, я адмовіўся і заўтра, напэўна, пайду са сваім адвакатам у РАУС. Пасадзілі незаконна, вызвалілі незаконна, а цяпер яшчэ хочуць мяне паставіць пад кантроль.

Аналагічнае патрабаванне атрымаў і вызвалены з турмы ў сераду прэс-сакратар экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў. Цягам сённяшняга дня Атрошчанкаў таксама абавязаны з’явіцца ў аддзяленне міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства