Пракуратура не будзе прыцягваць да адказнасці міліцыянтаў, якія ўжывалі фізічную сілу супраць журналістаў і перашкаджалі іх працы

2006 2006-06-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Маскоўскага раёна г. Мінска не будзе ўзбуджаць крымінальнай справы па факце парушэння правоў журналістаў 2 сакавіка 2006 г. работнікамі праваахоўных органаў. Ва ўзбуджэнні справы адмовілі "ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўнікаў СПБТ "Алмаз"... складаў злачынстваў", - так гаворыцца ў афіцыйным лісце, які ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" атрымала ў канцы мінулага тыдня ад пракурора В.Жынгеля. Гэты ліст стаў адказам на заявы, якія БАЖ яшчэ 7 сакавіка накіраваў Генеральнаму пракурору РБ Пятру Міклашэвічу і міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву: арганізацыя патрабавала прыцягнуць да адказнасці асобаў, што ўжывалі фізічную сілу супраць журналістаў 2 сакавіка і перашкаджалі іх працы.

У лісце з раённай пракуратуры гаворыцца, што пад час праверкі следчыя апыталі карэспандэнтаў Юлію Дарашкевіч, Дзмітрыя Брушко, Сяргея Пульшу і Алега Улевіча, а таксама 6 байцоў "Алмазу" і 7 супрацоўнікаў міліцыі спецпрызначэння ГУУС Мінгарвыканкама (у дакуменце пералічаныя іх прозвішчы). Па выніках праверкі ГУУС Мінгарвыканкама завяло крымінальную справу па факце нанясення "менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў" Алегу Улевічу. Што ж тычыцца астатніх пералічаных у заяве журналістаў, то ўсе яны, са словаў пракурора, альбо не з'явіліся для паказанняў, альбо не пацвердзілі фактаў ужывання супраць іх фізічнай сілы.
Між тым, прадстаўнікі БАЖ лічаць, што органы правапарадку пазбягаюць поўнага адказу на запыты. "БАЖ пытаўся не толькі пра інцыдэнт каля Кастрычніцкага РУУС, але і пра ранішнія падзеі ў ДК Чыгуначнікаў, - падкрэслівае намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. - Менавіта там пад час затрымання А. Казуліна пацярпелі некалькі журналістаў. Але Пракуратура РБ перанакіравала зварот БАЖ у пракуратуру Маскоўскага раёна, а тая, у сваю чаргу, адмовілася разбіраць інцыдэнт у ДК Чыгуначнікаў, бо, маўляў, гэты будынак знаходзіцца не на тэрыторыі Маскоўскага раёна".

Нагадаем: 2 сакавіка раніцай прадстаўнікі прэсы прыйшлі ў ДК Чыгуначнікаў разам з ініцыятыўнай групай кандыдата ў прэзідэнты А. Казуліна, які хацеў зарэгістравацца дэлегатам на Усебеларускі сход. Пад час затрымання А. Казуліна супрацоўнікі міліцыі заблакавалі прадстаўнікоў СМІ ў будынку і трымалі іх, не дазваляючы карыстацца фота- і відэакамерамі. Да некаторых была ўжытая фізічная сіла: паводле сведкаў, пацярпеў тэлеаператар агенцтва "Reuters" (Масква) Дзмітрый Мадорскі, якому рассеклі броў, а таксама карэспандэнт БелаПАН Сяргей Пульша, якога ўдарылі ў вока. Пазней фотажурналістаў Сяргея Грыца ("Associated Press"), Васіля Фядосенку ("Reuters"), Юлію Дарашкевіч ("Наша ніва") затрымалі каля Кастрычніцкага РУУС, але хутка адпусцілі. Блізу 12 гадзін каля Кастрычніцкага РУУС затрымалі карэспандэнта "Комсомольской правды в Белоруссии" Алега Улевіча і журналіста "Белгазеты" Дзмітрыя Брушко. (А.Улевіча пры затрыманні збілі; крымінальную справу па факце збіцця вядзе ГУУС Мінгарвыканкама).

Пракуратура не адмаўляе, што супрацоўнікі правапарадку ўмешваліся ў працу журналістаў: гэта вынікае з паказанняў апытаных карэспандэнтаў. Аднак і гэтыя дзеянні пракуроры апраўдваюць: маўляў, "з мэтай недапушчэння масавах беспарадкаў і пранікнення агрэсіўна настроенных людзей у будынак РУУС" міліцыя вымушаная была ўвесці план "Шчыт", а згодна з арт.16 п.19 ч.1 закона "Аб міліцыі", ахоўнікам парадку "прадастаўляецца права часова абмяжоўваць рух пешаходаў на вуліцах і дарогах, а таксама доступ грамадзян на асобныя ўчасткі мясцовасці і аб'екты, абавязваць іх пакінуць месца для забеспячэння асабістай і грамадскай бяспекі".
Са свайго боку, БАЖ у запытах звяртаў увагу супрацоўнікаў праваахоўных органаў на тое, што арт. 39 закона "Аб друку і іншых СМІ" прадастаўляе журналістам права прысутнічаць у раёнах стыхійных бедстваў, аварый і катастроф, ваенных дзеянняў, мясцовасцях, дзе абвешчана надзвычайнае становішча, на мітынгах, дэманстрацыях, на месцы іншых грамадска значных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю". А ў дзеяннях асобаў, якія затрымлівалі і збівалі журналістаў, угледжваюцца прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт. 198 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, а менавіта - стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста, здзейсненае з прымяненнем гвалту альбо з пагрозай яго прымянення, знішчэннем альбо пашкоджаннем маёмасці, замахам на правы і законныя інтарэсы журналіста.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international