viasna on patreon

Мінюст працягвае папаўняць шэрагі апальных адвакатаў

2011 2011-09-12T17:58:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/urysprudencyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля таго як Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь вынесла прадстаўленне аб датэрміновым адкліканні старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандра Пыльчанкі, 2 верасня ён напісаў заяву аб спыненні сваіх паўнамоцтваў на гэтай пасадзе. Абмеркаванне прадстаўлення Мінюста і заявы адваката адбудзецца на агульным сходзе сябраў калегіі, прызначаным на 24 верасня. Варта адзначыць, што з боку міністэрства гэта ўжо не першая спроба ціску на кіраўніка адвакацкай калегіі.

Так, 18 лютага 2011 года на падставе Загаду Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь № 36 ад 18.02.2011 г. Аляксандр Пыльчанка быў выключаны са складу Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Менавіта гэтая кваліфікацыйная камісія прымала рашэнне аб пазбаўленні адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў працэсах па крымінальнай справе пра падзеі 19 снежня 2010 г. у Мінску, ліцэнзіі на права займацца адвакацкай дзейнасцю. Але Аляксандр Пыльчанка асабіста ні разу не прысутнічаў на такіх паседжаннях кваліфікацыйнай камісіі.

Вывядзенне са складу камісіі было ажыццёўлена ў той жа дзень, калі ён у інтэрв'ю БелаПАН заявіў, што кіраўніцтва Мінскай гарадской калегіі адвакатаў лічыць, што ў Беларусі склалася крытычная сітуацыя, якая рэальна пагражае незалежнасці адвакатуры. Ён паведаміў, што ўвечары 17 лютага прайшло пашыранае паседжанне прэзідыума калегіі з удзелам кіраўнікоў юрыдычных кансультацый, на якім абмяркоўвалася пытанне аб пазбаўленні Мінюстам ліцэнзій чатырох адвакатаў - Алега Агеева, Таццяны Агеевай, Уладзіміра Тоўсціка і Тамары Гараевай, якія абаранялі ўдзельнікаў акцыі 19 снежня.

"Увесь кіруючы склад Мінскай гарадской калегіі адвакатаў лічыць сітуацыю, якая склалася, крытычнай і рэальна пагрозлівай як незалежнасці адвакатуры як прававога інстытута, так і незалежнасці адвакатаў у асобнасці", - заявіў у інтэрв'ю А. Пыльчанка. У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, было прынята рашэнне правесці пазачарговы экстраны сход Мінскай гарадской калегіі адвакатаў з запрашэннем усіх зацікаўленых асоб.

Аднак 25 лютага прэзідыум калегіі адмовіўся ад ідэі праводзіць пазачарговы сход.

Нагадаем, што ў гэтым годзе пазбаўлены ліцэнзіі адвакаты Тамара Сідарэнка, якая бараніла Уладзіміра Някляева, Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева, якія баранілі Ірыну Халіп, Алег Агееў, які бараніў Алеся Міхалевіча, яго жонка адвакатка Зарынага Залеўская, адвакатка Таццяна Агеева, якая таксама ўдзельнічала ў вытворчасці следчых дзеянняў па гэтай крымінальнай справе. Адвакат Павел Сапелка, які бараніў Андрэя Саннікава, быў выключаны са складу Мінскай гарадской калегіі адвакатаў па прадстаўленні Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Трое з гэтых адвакатаў (П. Сапелка, Т. Агеева, А. Агееў) з'яўляліся сябрамі Прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў - органа адвакацкага самакіравання.

Таксама раней у ходзе разгляду на пасяджэннях пазачарговых атэстацыйных камісій не былі атэставаны адвакаты, якія ўдзельнічалі ў справе па падзеях 19 сьнежня 2011 года - Дар'я Ліпкін, якая бараніла Мікіту Ліхавіда, Ганна Бахціна, якая бараніла Ірыну Халіп, а таксама Ірына Бурак, якая бараніла Аляксандра Класкоўскага і Анатоля Лябедзьку. Пазіцыя гэтых адвакатаў зводзілася да поўнага апраўдання іх падабаронных. Разам з тым рашэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці аб пазбаўленні іх ліцэнзіі па іх не прымалася.

Такім чынам, колькасць адвакатаў, якія звязаны тым ці іншым чынам з крымінальнай справай аб падзеях 19 снежня і былі пазбаўленыя магчымасці ажыццяўляць прафесійную дзейнасць па ініцыятыве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, дасягнула сямі чалавек. Таксама вельмі вялікая колькасць адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай справе і якія падвергліся ціску з боку Міністэрства юстыцыі ў ходзе шматлікіх праверак і работ атэстацыйных і кваліфікацыйных камісій. Вядома, што не менш за шэсць адвакатаў былі атэставаныя ўсяго на год. Ёсць выпадкі прыпынення дзеяння адвакацкіх ліцэнзій на розныя тэрміны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства