Заява ПЦ "Вясна" аб умовах дыялогу з уладамі Беларусі
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Заява
Мінск, 8 верасня 2011 г.
Пры наяўнасці палітвязняў дыялог немагчымы. Без трансфармацыі палітычнай сістэмы застаецца вялікай пагроза новых палітычных закладнікаў.
На педагагічнай нарадзе ў Мінску 29 жніўня 2011 года А. Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць правядзення шырокага круглага стала пры ўдзеле прадстаўнікоў ЕС і Расіі з усімі суб’ектамі, “да якога б палітычнага лагеру яны не належалі”.
У сувязі з распачатай дыскусіяй, датычнай умоваў, фармату, удзельнікаў такога перамоўнага працэсу і патрабаванняў, якія могуць быць вынесены на ягоную павестку дня, Праваабрончы цэнтр “Вясна” публічна выказвае сваю пазіцыю.
У 2008 годзе адбыліся падзеі, аналагічныя сённяшняй сітуацыі: вызваленне палітвязняў з’яўлялася ўмовай правядзення дыялогу паміж беларускімі ўладамі і Еўрапейскім Саюзам. За лічаныя дні палітычныя зняволеныя былі вызвалены з турмаў. Цэлых два месяцы за кратамі не знаходзіліся асобы, асуджаныя па палітычных матывах (10 чалавек у гэты ж час адбывалі пакаранні, звязаныя з абмежаваннем волі). Умова адносна мараторыю на палітвязняў была выканана толькі на такі кароткі тэрмін.
На працягу наступных гадоў у Беларусі не было ніводнага дня, каб за кратамі не знаходзіліся палітычныя апаненты.
Кульмінацыяй рэпрэсіяў сталі падзеі 19 снежня 2010 года, калі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту было арыштавана больш за 700 чалавек, абвінавачанне ў арганізацыі і ўдзеле ў “масавых беспарадках” ці “арганізацыі групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак” было прад’яўлена 43 асобам, сярод якіх – шэсць кандыдатаў у Прэзідэнты, 13 асобаў з’яўляліся падазраванымі, з якіх – яшчэ адзін кандыдат у Прэзідэнты. У дачыненні да большасці ўзятых пад варту парушаліся асноўныя працэсуальныя правы, а менавіта права на абарону, некаторыя з абвінавачаных заявілі, што ў дачыненні да іх выкарыстоўваліся катаванні.
Арганізаванаму ціску з боку ўладаў падвяргаліся адвакаты, якія ажыцяўлялі абарону абвінавачаных па дадзеных палітычна матываваных справах, вынікам чаго стала пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзіяў і выключэнне з калегіяў цэлага шэрагу вядомых адвакатаў краіны.
На сённяшні дзень у турмах Беларусі знаходзяцца 20 палітычных зняволеных, сярод якіх тры кандыдаты ў прэзідэнты – Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус, а таксама кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі; 11 чалавек адбываюць крымінальныя пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі, з якіх двое кандыдатаў у прэзідэнты – Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі.
На працягу апошніх тыдняў былі памілаваны і адпушчаны на волю 13 фігурантаў крымінальнай справы і спынены пераслед яшчэ ў адносінах да 5 абвінавачаных. У гэты ж час пачалося абмеркаванне магчымасці правядзення дыялогу.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што пачынаць перамовы немагчыма без неадкладнага і безумоўнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных, у тым ліку -- прыгавароных да пазбаўленна волі ўмоўна ці з адтэрміноўкай выканання прысуду, а таксама аднаўлення на працы рэпрэсаваных адвакатаў. Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць дадзеныя патрабаванні не ўмовай дыялога, а ўмовай для пачатку дыялога, без выканання якой ён проста немагчымы.
Мы настойваем, каб умовамі магчымага дыялогу былі пытанні сістэмных зменаў, якія б зрабілі немагчымым з’яўленне новых палітычных закладнікаў, а менавіта: дасягненне дамоўленасці аб правядзенні шэрагу сістэмных і неабходных рэформаў у галіне асноўных грамадзянскіх правоў і свабод: свабоды мірных сходаў, асацыяцый, свабоды слова і выказвання меркаванняў, выбарчага заканадаўства. Перамоўны працэс павінен мець на мэце канкрэтныя вынікі ў галіне дэмакратызацыі краіны і правядзенні свабодных выбараў, у тым ліку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Адсутнасць ва ўладаў палітычнай волі да правядзення рэальнага перамоўнага працэсу, скіраванага на дэмакратызацыю краіны, будзе азначаць аб чарговых палітычных гульнях рэжыму А. Лукашэнкі. У такім выпадку Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае ўсе суб’екты палітычный апазіцыі і грамадзянскай супольнасці да няўдзелу ў чарговых імітацыях перамоваў.
Толькі рэальныя крокі, скіраваныя на дэмакратызацыю краіны і правядзенне свабодных выбараў, з’яўляюцца падцверджаннем сістэмных, незваротных зменаў, гарантыяй таго, што ў краіне зноўку не з’явяцца чарговыя палітычныя вязні.