Іван Шыла атрымаў 20 сутак

2011 2011-09-07T12:26:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд горада Горкі пакараў салігорскага актывіста Маладога Фронту дваццацьцю суткамі арышту за пікет каля калоніі, дзе адбывае пакараньне лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч. Тады было затрымана 14 чалавек, большасьць з якіх на наступны дзень была пакарана адміністрацыйнымі арыштамі. Іван Шыла запатрабаваў адваката і быў адпушчаны. На суд 8-га жніўня ён не зьявіўся. На тым паседжаньні судзьдзя прызнала маладзёна вінаватым у несанкцыянаваным пікетаваньні і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і па кожным з пратаколаў Шыла атрымаў дзесяць сутак.

Варта адзначыць, што маладафронтавец, які прыехаў у Беларусь на вакацыі, цягам двух месяцаў лета быў прысуджаны да  18 сутак арышту за ўдзел у маўклівых акцыя па серадах, а падчас апошняга арышту быў шпіталізаваны, не дасядзеўшы два дні. Такім чынам, яму прыйдзецца правесьці за кратамі 22 дні.

Зараз Іван знаходзіцца ў Польшчы па пытаньнях вучобы і калі маладому чалавеку прыйдзецца адправіцца ў ізалятар часовага ўтрыманьня, невядома.

Нагадаем, некалькі дзесяткаў чалавек прыехала ў Горкі, каб сустрэцца з адміністацыяй установы з мэтай допуску да Дашкевіча адватака. На іх думку, у дачыненьні да моладзевага лідэра, арыштаванага за дзень да выбараў 19 сьнежня 2010 году, ужываюцца катаваньні з боку супрацоўнікаў калоніі. На той момант Зьміцер сем разоў зьмяшчаўся ў карцар, да яго некалькі месяцаў не дапускалі адваката. Кіраўніцтва калоніі адмовілася сустракацца з людзьмі, тады моладзевыя актывісты разгарнулі расьцяжку "Спыніце перасьлед" і былі затрыманыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства