viasna on patreon

Міжнароднае таварыства “Мемарыял” патрабуе вызваліць Алеся Бяляцкага

2011 2011-09-06T10:16:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/memarial1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнароднае таварыства “Мемарыял” выступіла з заявай, у якой патрабуе неадкладнага вызвалення старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага і ўсіх палітзняволеных у Беларусі.  Таварыства аб’ядноўвае дзесяткі арганізацый у Расіі, Казахстане, Латвіі, Украіне і Грузіі, якія займаюцца праваабарончай, асветніцкай і даследніцкай дзейнасцю.

Поўны тэкст заявы:

Свабоду Алесю Бяляцкаму!

Заява Міжнароднага таварыства "Мемарыял"

Месяц таму ў Рэспубліцы Беларусь быў арыштаваны наш сябар і калега, праваабаронца Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна".

Фармальна яго вінавацяць у эканамічным злачынстве – нявыплаце падаткаў са сродкаў, атрыманых на рахунак у замежным банку. Аднак любому непрадузятым назіральніку ясна, што ён арыштаваны менавіта за праваабарончую дзейнасць – за тое, што сродкі з гэтага рахунку траціліся на прававую і матэрыяльную дапамогу палітвязням і іх сем'ям.

Хаваць палітычныя рэпрэсіі за крымінальнымі абвінавачваннямі – тыповая звычка рэпрэсіўных рэжымаў. Вось і Бяляцкага абвінавачваюць не ў абароне палітвязняў, а ў тым, што для фінансавання працы сваёй арганізацыі, для абароны правоў беларускіх грамадзян ён быў вымушаны карыстацца адчыненым у суседняй краіне рахункам.

Рэпрэсіўны рэжым увёў у дзеянне на тэрыторыі Беларусі нямала антыпраўных па сутнасці законаў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі, каб пазбавіць рэгістрацыі незалежныя грамадскія арганізацыі, каб не даць ім магчымасці весці сваю дзейнасць легальна. Дзейнасць жа незарэгістраваных арганізацый па гэтых законах лічыцца крымінальна караным дзеяннем.

Праваабарончая арганізацыя «Вясна» была зачынена ўладамі яшчэ ў 2004 годзе, але Алесь Бяляцкі і яго калегі працягвалі маніторынг сітуацыі з правамі чалавека, аказвалі дапамогу, у тым ліку і ахвярам палітычных рэпрэсій. Гэтая праца стала асабліва важнай пасля падзеяў снежня мінулага года, - менавіта таму рэпрэсіям падвяргаецца цяпер сам Алесь Бяляцкі.

Міжнароднае таварыства "Мемарыял" патрабуе ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнага вызвалення Алеся Бяляцкага з-пад арышту і спынення крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго.

Міжнароднае таварыства "Мемарыял" патрабуе ад уладаў Рэспублікі Беларусь вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Міжнароднае таварыства "Мемарыял" патрабуе ад уладаў Расійскай Федэрацыі прыняць усе магчымыя крокі з тым, каб дамагчыся вызвалення Алеся Бяляцкага і ўсіх іншых палітычных зняволеных у Рэспубліцы Беларусь.

5 верасня 2011 г

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства