viasna on patreon

Узаконенае рабства

2011 2011-09-02T18:41:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Альбо Чаму зняволеныя ў беларускіх турмах прыраўнены да жабракоў?..

Каб «ачысціць сумленне»...

На волю — з чыстым сумленнем. Гэты лозунг савецкіх турмаў, з якога пачыналася дарога зняволенага да новага, законапаслухмянага  жыцця, не губляе сваёй актуальнасці і ў сённяшнія дні. Каб “ачысціць сумленне”, зняволеныя ва ўсе часы павінны былі шмат працаваць.

Мала што ў гэтым сэнсе змянілася і ў нашы дні. У сучасных беларускіх турмах працатэрапія таксама ў пашане. Адзін з першых дакументаў, які даюць на подпіс асуджанаму ў калоніі, называецца “Абавязацельства аб правапаслухмяных паводзінах”.

Пра гэта “Народнай Волі” распавёў незаконна асуджаны і пазней апраўданы Вярхоўным судом сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй БАНДАРЭНКА, які адбываў тэрмін у Бабруйскай выпраўленчай калоніі №2: “У гэтым дакуменце было напісана: я, такі-такі, асуджаючы сваё злачыннае мінулае, становячыся на шлях выпраўлення, абавязуюся загладзіць сваю віну ўдарнай працай і правапаслухмянымі паводзінамі”.

Мала хто ведае, што гэтая самая ўдарная праца аплачваецца. Але на рукі зняволеным выдаецца ад 500 рублёў да 7 тысяч рублёў... у месяц.

Той жа Андрэй Бандарэнка працаваў у Бабруйскай калоніі на шкоднай вытворчасці. Там  вырабляліся шаўроны для вайскоўцаў і міліцыянераў. Вось што ён узгадвае: “Пры вытворчасці гэтых шаўронаў выкарыстоўваецца небяспечны для здароўя газ. Потым адмiнiстрацыя гэта прызнала, але работы не спынiлiся. Я адмовіўся выходзіць на такую працу, сказаўшы, што я не буду псаваць і без таго не вельмі добрае здароўе. Дарэчы, нягледзячы на тое, што на “шаўронавую вытворчасць” я не выходзіў, заробак атрымліваў, як усе. Цэлыя 500 беларускіх рублёў у месяц! Я прасіў, каб гэтыя грошы адпраўляліся ў нейкі дзіцячы дом. Але па правілах яны павiнны ісці ў кошт пагашэння іску памерам больш за 120 мільёнаў... Застаецца толькi запытацца, што гэта за заработная плата i кiм яна ўстаноўлена (для тых, хто не ведае, — гэта норма амаль ва ўсiх зонах), чым карысталiся чыноўнiкi, налiчваючы заробак чалавеку, якi наогул не выходзiў на працу...”

Бандарэнка кажа, што дазнацца, як налічваецца заробак зняволеным, немагчыма. “Адміністрацыя любой турмы скажа вам, што ў іх усё законна і ўсё правільна, — гаворыць ён. — Але, калі я сядзеў у Бабруйску, справа выглядала так: на працу выходзіла прыкладна 50% асуджаных. Была катэгорыя тых, хто не выходзіў на работу “па паняццях”, некаторыя куплялі сабе такое права “за блок цыгарэт у месяц”. А адміністрацыя што? Ёй трэба даць справаздачу ў Дэпартамент выканання пакаранняў, маўляў, да працы заахвочаны ўсе 100% спецкантынгенту. Такім жа чынам на ўсіх —  тых, хто працаваў, і тых, хто на работу не выходзіў, — заробленыя грошы дзяліліся...

З грошай, якія зарабляюць зняволеныя, яны павінны аплаціць уласнае адзенне (турэмную робу), харчаванне, расходы на камунальныя паслугі — ваду, электрычнасць. Гэта сапраўднае ўзаконенае рабства...”

«Пяць-сем тысяч — гэта яшчэ вялікі заробак»

А вось больш свежы прыклад. Аляксандр Класкоўскі, асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі за снежаньскія падзеі мінулага года ў Мінску, патэлефанаваў дамоў са шклоўскай калоніі, дзе адбывае пакаранне. Змест размовы перадала ягоная жонка Наталля.

Аляксандр Класкоўскі задзейнічаны на працах па разгрузцы леса, які прывозяць для мясцовага папяровага камбіната. “Цягаюць гэтыя бярвенні, і самае цікавае, кажа, што заробкі — 5—7 тысяч рублёў, — гаворыць жанчына. — Пытаюся: “У дзень?” “Які дзень! —  кажа. — За месяц”. Дык гэта яшчэ самы высокі заробак, а так у некаторых хлопцаў атрымліваецца па 700 рублёў. Карацей — бясплатная праца. Кажа, што вельмі стамляецца і таму радзей стаў ліставаць. Гаворыць, як прыходзіць з працы, то настолькі стомлены, што напісаць ліст дадому не хапае сіл. Сапраўдны рабаўладальніцкі лад атрымліваецца”.

У бухгалтэріі шклоўскай калоніі №17, куды з прыёмнай накіравалі журналіста “Народнай Волі”, на пытанне, чаму зняволены Аляксандр Класкоўскі атрымлівае 5—7 тысяч рублёў у месяц, адказваць адмовіліся: “Па тэлефоне мы на такія пытанні адказваць не можам...”

Чаму беларускія зняволеныя прыраўнены да жабракоў? Як рэгламентуецца іх заробак? Чаму на рукі зняволеным выдаюцца сапраўдныя капейкі? На гэтыя пытанні “Народная Воля” папрасіла адказаць юрыста Паўла Сапелку.

— На прыкладзе Аляксандра Класкоўскага і іншых зняволеных магу сказаць: людзі ў зняволенні фактычна зарабляюць больш, чым 5 тысяч рублёў у месяц, — пракаментаваў сітуацыю ён. — З зарплаты зняволеных грошы вылічваюць на іх утрыманне. Даных аб тым, у колькі абыходзіцца ўтрыманне аднаго зняволенага, у адкрытым доступе няма. Але па сваіх каналах я дакладна даведаўся, што, напрыклад, у Івацэвіцкай калоніі №5 у сакавіку 2011 года гэтая сума складала 345 тысяч — 11.500 у дзень.  Аплата працы зняволеных у Беларусі рэгламентуецца Крымінальна-выканаўчым кодэксам краіны. У 100-м артыкуле кодэкса напісана: “Памер аплаты працы асуджаных, якія адпрацавалі месячную норму працоўнага часу і выканалі ўсталяваную для іх норму выпрацоўкі, не можа быць ніжэй за вызначаны заканадаўствам памер аплаты працы за выкананне адпаведных работ”.

Іншая справа, што, нават выканаўшы і перавыканаўшы норму, людзі не могуць зарабіць сабе нават на пачак цыгарэт у месяц. Такіх прыкладаў хапае... У Беларусі зняволеныя, па сутнасці, павінны ўтрымліваць самі сябе і зарабляць на сваё знаходжанне ў турме. Вось што напісаў мне адзін са зняволеных Іавацэвіцкай калоніі №5 Сяргей Л.: “Людзі не могуць зарабіць сабе на цыгарэты і мыла. За месяц зарабляюць ад 5 да 20 тысяч рублёў, хаця выконваюць план і нават болей”.

З абсалютнай упэўненасцю можна сказаць, што зняволеныя для сённяшняй беларускай дзяржавы людзьмі не лічацца. І вось чаму. У нашай краіне існуе такое паняцце, як мінімальная зарплата. Напрыклад, у ліпені бягучага года яна склала 611.730 рублёў. Гэта азначае, што менш за гэтую суму чалавеку плаціць проста не могуць... Але відавочна, што ў Беларусі турэмны спецкантынгент — гэта асобая каста, пастаўленая дзяржавай на мяжу выжывання.

Што гаворыць закон?

У Крымінальна-выканаўчым кодэксе Беларусі напісана: “З заработнай платы і прыраўненых да яе даходаў асуджаных да пазбаўлення волі робяцца ўтрыманні для пагашэння кошту харчавання, адзення, абутку (акрамя кошту спецыяльнага харчавання і адзення), камунальна-бытавых паслуг у парадку, устаноўленым Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Кошт харчавання і камунальна-бытавых паслуг не ўтрымліваецца ў справаздачным месяцы ў асоб, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах, у выпадку недастатковасці іх зарплаты і прыраўненых да іх даходаў запазычанасці не стварае і ў наступныя месяцы не ўтрымліваецца. Вызначаны кошт спісваецца на расходы па каштарысе на ўтрыманне папраўчай установы”.

За што павінны плаціць зняволеныя беларускіх турмаў? Гэта рэгламентавана “Інструкцыяй аб парадку пагашэння зняволенымі расходаў па іх утрыманні ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі”.

У прыватнасці, устаноўлена, што расходы па ўтрыманні асуджаных складаюцца з кошту прадастаўленага харчавання, выданага адзення, аказаных камунальна-бытавых паслуг.

“Гэта агульныя фразы, — гаворыць Андрэй Бандарэнка. — Так, з заробкаў зняволеных вылічваюць за харчаванне,  адзенне, абутак, за цепла- і водазабеспячэнне. Ніякіх разліковых лісткоў на рукі зняволеным не выдаюць. Чалавек не ведае, колькі ён рэальна зарабіў і ў колькі абыходзіцца ягонае ўтрыманне. Вось у гэтым бяда... Патрабаваць разліковы ліст ці лічбу, у якую абыходзіцца ўтрыманне, — законнае права зняволеных. Па сваёй турэмнай практыцы скажу: некаторыя гэта робяць, але потым аказваюцца ў штрафным ізалятары. З боку адміністрацыі да залішне “цікаўнага” сядзельца распачынаюцца прыдзіркі — такіх людзей караюць за расшпілены на робе гузік ці за тое, што чалавек непаголены. Пасля гэтага ўся ахвота пра нешта дазнавацца адпадае.  Праблема ў тым, што зняволены знаходзіцца ў поўнай уладзе турэмнай адміністрацыі. Ніякага грамадскага кантролю за турмамі ў Беларусі няма...”

Заслона для праваабаронцаў

Праваабаронца Алена Танкачова гаворыць, што, нягледзячы на шматлікія намаганні юрыстаў, адвакатаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, дамагчыся кантролю за тым, што адбываецца ў беларускіх турмах, дагэтуль не ўдалося. “Тое, што прадстаўнікі праваабарончых арганізацый не маюць доступу ў пенітэнцыярныя ўстановы краіны — гэта праблема, пра якую гавораць цягам апошніх 15 гадоў, — гаворыць юрыст. — Ва ўсіх краінах-суседках — Расіі, Украіне, Польшчы — грамадскі кантроль за пенітэнцыярнымі ўстановамі з’яўляецца на сённяшні дзень абсалютнай нормай. У Беларусі праваабаронцы такога доступу не маюць. Мы працуем толькі з той інфармацыяй, якую атрымліваем ад людзей, якія вызваліліся. Эфектыўна рэагаваць на такія сігналы (а яны датычацца ўмоў утрымання, умоў працы, аплаты працы, магчымых неправамоцных дзеянняў з боку адміністрацыі) складана.

Некалькі гадоў таму ў Беларусі пры дапамозе АБСЕ былі створаны грамадска-назіральныя камісіі. У іх склад фактычна не ўвайшлі праваабаронцы, якія ставілі на мэту, каб правы чалавека ў беларускіх турмах не парушаліся. Камісіі як бы ёсць, але сказаць, што іх сябры ставяць перад сабой мэту забеспячэння правоў зняволеных, нельга. Я асабіста некалькі разоў размаўляла з сябрамі такіх камісій —  а ў іх склад у пераважнай большасці ўваходзяць прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, і ўражанне ад гэтых размоў засталося сумным. Нават наша прапанова забяспечыць гэтую камісію прафесійнай юрыдычнай літаратурай, якая арыентавана на кантроль за пенітэнцыярнымі ўстановамі,  не была задаволена. Праца гэтых камісій хутчэй скіравана на сацыяльна-культурны адпачынак зняволеных, арганізацыю святаў і канцэртаў у калоніях...

Вы ж ведаеце, якая сітуацыя зараз склалася з палітзняволенымі. Наста Палажанка безвынікова б’ецца, каб да Зміцера Дашкевіча пусцілі адваката, родныя іншых зняволеных, напрыклад, Мікалая Статкевіча і Аляксандра Класкоўскага, не атрымліваюць ад іх лістоў Зараз намі падрыхтаваны зварот у гэтыя камісіі,  каб яны ўсё ж такі выконвалі функцыі грамадскага кантролю. Які будзе адказ і вынік — сказаць цяжка...”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства