Змітра Дашкевіча 8 разоў змяшчалі ў карцар

2011 2011-08-30T14:36:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

А цяпер яму пагражае яшчэ адна крымінальная справа.

Нявеста палітвязня Наста Палажанка распавяла пра вынікі сустрэчы Змітра з адвакатам 24 жніўня. Да гэтага адвакату пяць разоў адмаўлялі ў такой магчымасці.

Па словах Палажанкі, Зміцер не змог расказаць пра ўсе парушэнні: размова з адвакатам праходзіла ў прысутнасці супрацоўніка калоніі. Але ён распавёў пра здзекі, якія чыняцца ў адносінах да яго.

Так, Дашкевіч паведаміў, што намеснік начальніка па аператыўна-рэжымнай працы Аляксандр Лапатка прымусіў Змітра ўсю ноч прастаяць на калідоры. А раніцай загадаў ісці на працу. Пасля адмовы Дашкевіч быў змешчаны ў карцар.

Таксама Зміцер паскардзіўся пра нізкую тэмпературу ў ШЫЗА і памяшканні камернага тыпу, дзе цяпер знаходзіцца. Ён адзначыў, што пасля гадзіны сну даводзіцца паўгадзіны адціскацца ад падлогі — каб сагрэцца. І ўжо цяпер просіць перадаць яму пальчаткі.

Зміцер Дашкевіч і яго адвакат не маюць магчымасці азнаёміцца з рапартамі, на падставе якіх палітвязня караюць. А значыць і не могуць іх абскарджваць. Зміцер ужо пазбаўлены ўсіх магчымых сустрэч. А з перадач яму дазволены толькі дзве бандэролі на год па 2 кг.

Палажанка лічыць, што гэта не выключныя адносіны непасрэдна да палітвязня. А гэта звычайныя паводзіны супрацоўнікаў калоніі з усімі асуджанымі.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка адзначыў, што ўжо бліжэйшымі днямі Змітра могуць пазнаёміць з новай крымінальнай справай. Па арт. 411 КК — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Да двух гадоў, на якія Зміцер асуджаны, могуць дадацца яшчэ 1-2 гады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства