Яшчэ адна адмова па хадайніцтву за Алеся Бяляцкага

2011 2011-08-26T15:18:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ulotka_bialacki_3_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў атрымаў адмоўны адказ на сваё хадайніцтва аб асабістым паручальніцтве за кіраўніка Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага.

Пастанову аб адмове ў задавальненьні хадайніцтва падпісала сьледчая 2-га сьледчага аддзяленьня Аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня УДФР КДК РБ па Менскай вобласьці і г. Менску старэйшы лейтэнант фінансавай міліцыі Тацьцяна Касынкіна.

Сваё рашэньне спадарыня Касынкіна абгрунтоўвае тым, што "ў адносінах Бяляцкага А. В. выбрана мера стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту" і "падставаў для зьмены гэтай меры стрыманьня ня маецца". Чаму выбраная мера стрыманьня ня можа быць зьмененай - сьледчая так і не патлумачыла.

Такім чынам, як мяркуе праваабаронца, атрыманы ім адказ парушае артыкул 137 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Згодна з часткай 3 гэтага артыкулу ў выпадку адмовы ў задавальненьні хадайніцтва, ворган, які вядзе крымінальны працэс, павінен вынесьці матываваную пастанову. Аднак у вынесенай Т. Касынкінай пастанове немагчымасьць зьмены меры стрыманьня ніяк не матывуецца.

Павал Левінаў плануе абскарджваць пастанову сьледчай УДФР альбо ў пракуратуры, альбо праз суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства