Акцыя "Свабоду Бяляцкаму" ў Менску скончылася затрыманьнямі (аднаўляецца)
Праваабаронцы Зміцер Салаўёў, Марына Статкевіч, Алег Мацкевіч, Алена Лапцёнак і некалькі актывістаў ладзяць інфармацыйную акцыю на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і заклікаюць падпісаць паручальніцтва за Алеся Бяляцкага.
Удзельнікі акцыі апранулі чорныя цішоткі з надпісам "Свабоду Алесю Бяляцкаму" і раздаюць мінакам ўлёткі з інфармацыяй пра дзейнасць старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.
14.25 Спэцназаўцы міліцы затрымалі некаторых удзельнікаў акцыі, завялі іх у пастарунак на станцыі мэтро “Кастрычніцкая”. У журналістаў, якія засталіся на плошчы, міліцыянты правяраюць дакумэнты.
14.30 На плошчы затрымалі яшчэ двух удзельнікаў акцыі. Іх зьвезьлі некуды на машыне ДАІ.
14-35. У апорным пункце міліцыі на станцыі Метро Кастрычніцкая знаходзяцца Марына Статкевіч, Зміцер Салаўёў і Алена Лапцёнак. Алеся Абрамовіча і Алега Мацкевіча і і Вікторыю Равінскую адвезлі ў невядомае месца.
15-04. Затрыманых удзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў падтрымку Алеся Бяляцкага адпраўляюць у Цэнтральны РУУС. Пра гэта паспела паведаміць па тэлефоне Алена Лапцёнак.
16-40. Затрыманыя ўдзельнікі акцыі дагэтуль знаходзяцца ў Цэнтральным РУУСе Менска. Сябры спрабавалі перадаць затрыманым мінеральную ваду і сродкі гігіены, аднак дзяжурны па РУУСе адмовіўся прыняць перадачу.
17-50 Пасьля складаньня пратаколу апытаньня, фатаграфаваньня і зьняцьця адбіткаў пальцаў усіх затрыманых адпусьцілі. Звыш 500 ўлётак канфіскавалі.