26 траўня ў Менску на тэрыторыі Вайсковай акадэміі адкрыты помнік Феліксу Дзяржынскаму

2006 2006-05-28T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Трохметровы манумент усталяваны з ініцыятывы старшыні Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Аляксандра Паўлоўскага на складкі афіцэраў памежных войскаў як даніна павагі Дзяржынскаму за ўнёсак у фармаваньне памежнай службы. Цырымонія адкрыцьця помніка прайшла пры ўдзеле старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі, ветэранаў памежных войскаў і курсантаў акадэміі. У прамове Аляксандар Паўлоўскі падкрэсьліў, што Фелікс Дзяржынскі шмат зрабіў, каб і сёньня супрацоўнікі памежных войскаў былі ўзброеныя ідэалагічна. Дзяржынскі ёсьць станоўчай асобай у гісторыі краіны, паведаміў журналістам спадар Паўлоўскі: "Дзяржынскі не зьяўляецца адыёзнай фігурай. Ён памёр у 1926 годзе, і я думаю, няправільна будзе, як некаторыя кажуць, зьвязваць яго з нейкімі рэпрэсіямі. Гэта чалавек, які варты павагі".

Карэспандэнт Радыё Свабода правёў апытаньне, як да гэтай падзеі ставяцца дасьледчыкі і ахвяры савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі?

Гісторык і дасьледчык пэрыяду рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў пракаментаваў: "Дзяржынскі ніякага дачыненьня да Чырвонай арміі, да яе стварэньня, ня меў. Акрамя рэпрэсіяў у гэтай арміі. А сам факт усталяваньня помнікаў асобам савецкай дзяржавы, якім дадзеная вычарпальная характарыстыка з гледзішча іхнага ўдзелу ў рэпрэсіях супраць уласнага народу, азначае тое, што ў гэтых людзей, відаць, кароткая памяць. Увогуле, цяпер ідзе рэанімацыя савецкай гісторыі з усімі яе атрыбутамі, дзе было характэрна толькі станоўчае асьвятленьне ўсіх партыйных дзеячаў. Таму цалкам лягічна аднаўляюцца ўсе тыя асобы, якія ў свой час былі прыкладам для перайманьня".

Праваабаронца і аўтарка кнігі аб усталяваньні савецкай таталітарнай сістэмы Тацяна Процька кажа, што помнік Дзяржынскаму — вяртаньне ва ўчорашні дзень савецкага мінулага: "Нашая краіна (і гэта адчуваецца) жыве ня дзеля заўтрашняга дня, а дзеля ўчорашняга. І тое, што ў нас ставяць помнікі тым людзям, якія прынесьлі шмат гора свайму народу, і гэта прызнана нават расейскай супольнасьцю, гаворыць пра тое, што мы ня ў новай сыстэме каштоўнасьцяў, не эўрапейскай. А вяртаемся да савецкага мінулага, да тых герояў, да тых прынцыпаў, паводле якіх пабудаванае тое мінулае, да той ідэалёгіі. Бо Дзяржынскі ня толькі кіраўнік спэцслужбаў савецкай краіны, але і фігура, якая мае сваё месца ў пэўнай ідэалёгіі. І гэта яшчэ раз падкрэсьлівае тое, што Беларусь, на жаль, рухаецца не наперад, а назад".

Дасьледчыкі гісторыі рэпрэсіяў 1920-х гадоў заяўляюць, што менавіта Дзяржынскі быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў рэпрэсіўнай савецкай машыны.

У Беларусі імя закладальніка карных органаў ад 1932-га году носіць перайменаванае Койданава. Тут помнік Дзяржынскаму перанесены ў цэнтар горада і цяпер знаходзіцца насупраць будынку мясцовага Савету. Між тым, Койданава, якое часам памылкова лічаць радзімай Дзяржынскага, да яго дачыненьня не мела. Родавы маёнтак Дзяржынскіх – знаходзіўся бліжэй да Івянца . Дарэчы, назва гэтага фальварку –Дзяржынава застаецца адзінай натуральнай тапанімічнай адзінкай на карце Беларусі. На Гомельшчыне, у Чарнобыльскай зоне працягваюць сваё існаваньне дзьве вёскі пад назвай Дзяржынск. Ранейшыя тапонімы – Радзівілавічы і Святоцк былі калісьці зьмененыя з ідэалягічных матываў, ды так і не вернутыя.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international