viasna on patreon

Цягам апошняга тыдня міліцыя ў Менску затрымала каля чатырох дзесяткаў чалавек, у якіх на вопратцы, ці на заплечніку былі значкі "За Свабоду"

2006 2006-05-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінакі на менскіх вуліцах цягам апошніх трох месяцаў становяцца сьведкамі таго, як спэцназаўцы ў цывільным і ў форме затрымліваюць маладых людзей. Часам яны падыходзяць да натоўпу моладзі на плошчы Якуба Коласа і закідваюць па некалькі чалавек у аўтобус. Часам  да аднаго ці двух студэнтаў на вуліцы і прапануюць прайсьці ў пастарунак. Увагу байцоў прыцягваюць людзі, у якіх на вопратцы, ці на заплечніку нашпіленыя значкі "За Свабоду". У пастарунку міліцыянты значкі пакідаюць сабе. Усе заўвагі затрыманых наконт таго, што гэта незаконна, застаюцца без адказаў.

Адзінаццаць сяброў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" затрымлівалі цягам апошняга тыдню двойчы. Міліцыянты спасылаюцца на тое, што насіць значок "За Свабоду" ёсьць парушэньнем заканадаўства, бо гэта, нібыта кваліфікуецца, як выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. Але пратаколаў не складаюць.

Студэнтка Ірына Тропіна распавяла, што, калі яна заявіла ў пастарунку, што падасьць скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў, тыя ёй паабяцалі скласьці пратакол за дробнае хуліганства і паведаміць ва ўнівэрсытэт аб тым, што яна нецэнзурна лаялася ў грамадзкім месцы.

Барыс Гарэцкі паведаміў Радыё Свабодзе, што маладыя людзі, нягледзячы на гэта, набываюць новыя значкі: "Пасьля падзеяў 19-20 сакавіка сваеасаблівай модай стала тое, што хлопцы і дзяўчаты носяць значкі "За Свабоду". Людзі не баяцца насіць гэтую сымболіку, таму што такіх людзей усё больш і больш".

Студэнтка Аксана Вайткевіч дадала, што носіць гэты значок яшчэ і таму, што гэта папросту модна, і калі бачыць значок у якога-небудзь чалавека разумее, што яны маюць аднолькавыя погляды.

У часе разгону флэш-мобаў, ды іншых моладзевых акцый спэцназаўцы папросту зрываюць значкі, пры гэтым юнакоў і дзяўчат могуць і не адвозіць у пастарунак. Актывісты незарэгістраваных рухаў штодня паведамляюць пра затрыманьні і інцыдэнты з міліцыяй толькі за тое, што мелі значкі, ды бел-чырвона-белыя стужкі на заплечніках. Колькасьць затрыманых людзей у Менску цягам апошняга тыдню перавысіла чатыры дзесяткі чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства