viasna on patreon

Шурхай і Шыла на суд у Горкі не паехалі

2011 2011-08-08T16:46:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Горацкі раённы суд адклаў разгляд адміністрацыйных спраў супраць актывістаў зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" Івана Шылы з Салігорску й незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Зьмітра Шурхая зь Берасьця. Актывісты сёньня не зьявіліся на судовае паседжаньне. Судзьдзя Ірына Чаплыгіна ня стала разглядаць справы без абвінавачаных, паведаміла Радыё Свабода. 

Паводле судзьдзі Ірыны Чаплыгінай, і Шурхая, і Шылу абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Судзьдзя ня стала судзіць актывістаў, бо яны на паседжаньне не зьявіліся. З новай датай паседжаньня судзьдзя яшчэ ня вызначылася. Пра яе паведамяць абвінавачаным.

"Калі яны будуць хавацца, то мы будзем у такім разе разглядаць бязь іх", — паведаміла Ірына Чаплыгіна.

Сёньня першага меліся судзіць Зьмітра Шурхая. Суду ён паведаміў, што з паважных прычын ня зможа прыехаць на суд. Прасіў прызначыць іншы дзень для разгляду справы.

"Сябе вінаватым не лічу. Гэта быў сьвядомы ўдзел у акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам. Калі атрымаю за гэта дзесяць сутак, як мне судзьдзя абяцала, шкадаваць ня буду. Мы нічога не патрабавалі супрацьзаконнага. Мы патрабавалі толькі, каб са Зьмітром Дашкевічам сустрэўся адвакат, і таксама даведацца як ён сябе там пачувае, бо мы нічога пра яго ня ведаем", — зазначае Зьміцер Шурхай.

Як паведаміў Іван Шыла, ён даслаў у Горацкі раённы суд хадайніцтва, у якім прасіў Горацкі суд разгледзець ягоную справу безь яго:"Тое, што мяне прызнаюць вінаватым, — гэта відавочна. Дашлю хадайніцтва, каб да мяне ўжылі адміністрацыйнае спагнаньне ня ў выглядзе арышту. Бо пасьля апошніх чатырох арыштаў мяне шпіталізавалі з алергіяй. У мяне вялікія праблемы са скурай узьнікаюць у любых ізалятарах", — тлумачыць Івана Шыла.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства