У Беларусі можа быць уведзена пакаранне за «бяздзеянне»

2011 2011-08-08T10:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Замест дзеючага Закона “Аб масавых мерапрыемствах” беларускі ўрад прапануе прыняць больш жорсткі дакумент.

Плануецца, што закон можа быць дапоўнены пунктам аб адказнасці за “несанкцыянаваную бяздзейнасць у грамадскім месцы”. Гэта вынікае з тэкста праекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, які днямі быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Савет міністраў ужо ўнёс дакумент на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

У прыватнасці, распрацоўшчыкі “змяненняў і дапаўненняў” прапануюць змяніць само паняцце “пікетаванне”, на якое трэба атрымліваць дазвол гарадскіх улад, наступным чынам: “Да пікетавання прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і ва ўстаноўлены час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння альбо бяздзеяння, арганізаванае (у тым ліку праз глабальную камп’ютарную сетку інтэрнэт ці іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў ці пратэсту”.

Згодна з законапраектам, асобы, якія парушаюць парадак арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства, цягам аднаго года пасля накладання адміністрыцыйнага спагнання за такія парушэнні павінны быць пазбаўлены права выступаць арганізатарамі масавых мерапрыемстваў.

Акрамя таго, арганізатарам такіх мерапрыемстваў забараняецца “прыцягваць да ўдзелу ў іх грамадзян за матэрыяльнае ўзнагароджанне”.

Законапраект дазваляе супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якія ахоўваюць грамадскі парадак, “праводзіць асабісты дагляд грамадзян і дагляд рэчаў, якія знаходзяцца пры іх, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў”. Калі грамадзянін адмаўляецца ад дагляду, яго маюць права не пусціць на месца мерапрыемства.

Да ўсяго, у месцах, якія могуць быць выкарыстаны для правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама метрапалітэн, аб’екты чыгуначнага, воднага і паветранага транспарту, згодна з законапраектам, дазваляецца ўсталёўваць “стацыянарнымі сродкамі відэаназірання і іншымі тэхнічнымі сродкамі гарантавання бяспекі”.

Пракаментаваць з’яўленне новага законапраекта “Народная Воля” звярнулася да юрыста Уладзіміра Лабковіча.

— Трэба разумець, што Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, нават у цяперашняй рэдакцыі, не толькі не адпавядае міжнародным стандартам, але фактычна робіць немагчымым правядзенне дазволенай акцыі пратэсту. У тым сэнсе, што нават дазволеныя акцыі не дасягаюць сваёй мэты. Па-першае, сёння дзейнічае вельмі жорсткі прынцып падачы заяўкі для правядзення масавага мерапрыемства. Заяўка павінна быць пададзена за 15 дзён да мерапрыемства, што цалкам выключае імгненную рэакцыю грамадзян на сацыяльна-палітычныя падзеі. Па-другое, улада максімальна абмежавала месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, зрабіўшы іх абсалютна непублічнымі. Па-трэцяе, абсалютна неадэкватным выглядае тое, што дазвол на правядзенне мерапрыемства даецца ўладамі за пяць дзён да яго правядзення. А да атрымання дазволу забаронена агітаваць пра дату і месца мерапрыемства, што фактычна робіць немагчымым легальны збор масавай акцыі. Ну і па-чацвёртае, абсалютна дзіўная фармулёўка, якой няма ні ў адным з падобных законаў у краінах Еўропы — патрабаванне аплаты за працу бюджэтных устаноў, такіх як міліцыя, санітарныя службы, “хуткая дапамога”. Гэтыя службы і так існуюць за кошт падаткаплацельшчыкаў, а ў Беларусі іх працу павінны аплачваць заяўнікі масавых акцый.

Што тычыцца новага законапраекта з унясеннем дапаўненняў і змяненняў у Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, то трэба падкрэсліць, што ён яшчэ больш дыскрымінацыйны, чым дзеючы. Абсалютна недарэчнай выглядае фармулёўка “адказнасць за бяздзеянне”. Бачна, што з юрыдычнага пункту гледжання ў законапраекце настолькі цьмяна прапісаны абмежаванні і забароны, што фактычна любое мерапрыемства ў грамадскім публічным месцы, напрыклад, сустрэча ў кавярні, паход з дзяўчынай у кіно, можна трактаваць як масавае мерапрыемства. І відавочна, што спроба рэгламентаваць масавыя мерапрыемствы, “прывязаўшы” да іх сацыяльныя сеткі, яскрава падкрэслівае адну рэч: улады гэтым самым прызнаюць, што прысуды, якія зараз выносяцца ўдзельнікам маўклівых серадовых акцый незаконныя. Таму што сённяшняе заканадаўства не прадугледжвае адказнасць за гулянні. З тым, каб хоць нязграбна, але ўзаконіць гэтыя затрыманні і прысуды, неабходна тэрмінова ўносіць змены. Гэтыя змены не вельмі ўдалая спроба правазнаўцаў, якія распрацоўвалі гэты законапраект, прыдумаць для сённяшняй рэпрэсіўнай дзяржаўнай машыны нейкія прававыя рамкі. Ужо зараз можна канстатаваць, што права на мірныя сходы ў Беларусі, якое, дарэчы, гарантавана Канстытуцыяй краіны і міжнароднымі абавязкамі, якія Беларусь узяла на сябе, немагчыма для рэалізацыі. З прыняццем гэтага законапраекта сітуацыя толькі пагоршыцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства