Падпішыце паручальніцтва за Алеся Бяляцкага!
Зварот Праваабарончага цэнтру “Вясна”
4 жніўня 2011 г. у межах крымінальнай справы, узбуджанай па ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - “утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры” - быў затрыманы старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі. Санкцыя ў межах артыкула, які яму інкрымінуецца, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Шаноўнае
спадарства, “Вясне” патрэбна Ваша салідарнасць!
Мы распачынаем кампанію па зборы паручальніцтваў за Алеся Бяляцкага ад усіх грамадзянаў.
Паручальніцтвы мы будзем перадаваць у органы пракуратуры Беларусі. Гэтая
працэдура прадугледжана артыкулам 121 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса
Рэспублікі Беларусь.
Юрыдычнае
абгрунтаванне
Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь у сваім артыкуле 121 адной з мераў стрымання прадугледжвае паручальніцтва. Дадзеная мера заключаецца ў тым, што асобы, дасягнуўшыя 18 гадоў, выступаюць з хадайніцтвам на імя органаў пракуратуры з тым, каб да асобаў, якія да суду знаходзяцца пад вартай, была прыменена мера стрымання - знаходжанне на свабодзе (падпіска аб нявыездзе). У выпадку, калі асобы, за якіх прынята паручальніцтва, парушаюць ўмовы, то яны могуць быць зноў узятыя пад варту, а таксама ў дачыненні да тых, хто выступіў з паручальніцтвам, можа быць ужытае пакаранне ў выглядзе штрафу. Сам факт наяўнасці паручальніцтваў аўтаматычна не цягне за сабой змены меры стрымання, але з’яўляецца вельмі важкай умовай для выхаду на свабоду асобаў, а таксама дэманструе следству і суду нашую салідарнасць. Асобы, якія жадаюць падпісаць паручальніцтва, павінны персанальна ўласнаручна запоўніць бланк.
На падставе Вашых паручальніцтваў пракуратура можа вызваліць з-пад варты Алеся Бяляцкага.
Гэтую кампанію мы праводзім разам з нашымі партнерамі - беларускімі правабаронцамі, а таксама Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH). Паручальніцтвы будуць збірацца ва ўсім свеце, і мы перакананыя, што шмат хто з сусветна вядомых асобаў падпішуцца пад гэтай заявай.
Мы ставім перад сабой задачу ў самы бліжэйшы час сабраць не менш за тысячу паручальніцтваў толькі ў Беларусі.
ПЦ “Вясна” шмат год бараніў кожнага грамадзяніна, які трапляў у бяду, калі дзяржава парушала яго правы, грэбавала прынцыпамі маралі і законнасці. Мы былі разам з Вамі ў судах, мы рабілі ўсё, каб палітычныя вязні не заставаліся сам-насам у турмах. За гады сваёй працы мы дапамаглі тысячам людзей, пішучы скаргі, звароты і заявы. Мы рабілі ўсё магчымае, каб і ў замежжы ведалі пра сітуацыю ў Беларусі.
Абяцаем, што як бы далей ні разгортваліся падзеі, мы будзем працягваць сваю дзейнасць па абароне правоў чалавека.
16 жніўня суд Першамайскага раёна Мінска адхіліў скаргу адваката на меру стрымання ў дачыненні Алеся Бяляцкага.
Але зараз мы просім у Вас дапамогі.
Падпісацца пад паручальніцтвам можна тут:
Праваабарончы цэнтр “Вясна” – г.
Мінск, пр-т Незалежнасці, 78а-48
(тэл:. (017) 331 08 44)
Беларускі Хельсінкскі Камітэт - г. Мінск, вул. К.Лібкнехта, 68-1201
(тэл:. (017) 222
48 00)
Беларуская асацыяцыя журналістаў
– г. Мінск, вул. Камсамольская, 7-32
(тэл:. (017) 203 63 66)
Цэнтр па правах чалавека - г. Мінск, вул. Кнорына, 3
(тел:.(017) 287 30 00)
Файлы
- Узор паручальніцтва за Алеся Бяляцкага (0.01 Mb)