viasna on patreon

У Адміністрацыю прэзідэнта паступаюць прашэнні пра змякчэнне пакарання Бандарэнку

2011 2011-08-02T16:28:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Грамадскія актывісты праводзяць у Мінску смартмоб-акцыю "Выратуем Дзмітрыя Бандарэнку!". Сутнасць яе заключаецца ў падачы ў прыёмную Адміністрацыі прэзідэнта асабістых прашэнняў грамадзян на імя Аляксандра Лукашэнкі аб змякчэнні пакарання апазіцыянеру Дзмітрыю Бандарэнку.

Усё прашэнні ўтрымліваюць аднолькавы тэкст: "Спадар прэзідэнт! Наша рэспубліка тэрытарыяльна, гістарычна і культурна з`яўляецца часткай Еўропы, мы, як нацыя, імкнемся адпавядаць яе стандартам, у тым ліку па пытанні гуманнасці. Зыходзячы з гэтага, а таксама з маіх асабістых чалавечых перакананняў, прашу вас аб змякчэнні меры пакарання Дзмітрыю Бандарэнку (асуджанаму не за цяжкае злачынства) у сувязі са значным пагаршэннем яго здароўя, з-за чаго ён зведвае пастаянны нясцерпны боль і што пагражае пры ўтрыманні ў турэмных умовах абезрухоўліваннем".

Першыя прашэнні ўдзельнікі акцыі пачалі прыносіць у адміністрацыю прыблізна апоўдні. Паводле звестак БелаПАН, на гэты момант у прыёмнай зарэгістравана не менш як пяць асабістых прашэнняў грамадзян. Чакаецца, што да вызначанага часу — 14.00 — у Адміністрацыю будуць пададзены як мінімум 15 прашэнняў. Мяркуецца таксама, што адозвы на імя Лукашэнкі аналагічнага зместу паступяць з Германіі і Ізраіля.

Дзмітрый Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" і давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года, асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па справе аб масавых беспарадках 19 снежня. 26 ліпеня яму зрабілі аперацыю на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска. Пры гэтым палітыку было адмоўлена ў кансультацыі нейрахірурга. Сваякі і сябры Бандарэнкі асцерагаюцца, што адпраўка ў калонію пасля цяжкай аперацыі можа прывесці да яго інваліднасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства